Ляхавічы машынабудаўнічыя. Гэта ўжо ява!

Директор ЧУП "Автоцентр"Виктория" Виктор Щука

ЛВ» распачынае новы праект. Цікавы. Важкі. Арыгінальны. Непасрэднымі ўдзельнікамі якога стануць нашы землякі — людзі вядомыя і проста тыя, хто жыве і працуе побач з намі.
У ім мы паспрабуем расказаць пра Ляхавічы асаблівыя — тыя, якімі, магчыма, іх не ведаюць нават карэнныя жыхары. Пра тое, чым наш гарадок адрозніваецца ад любога іншага райцэнтра. І пра тое, як гісторыя цесна звязана з днём сённяшнім, і наколькі ўплывае на наша заўтра.
Першым пра свае Ляхавічы сёння раскажа дырэктар аўтацэнтра «Вікторыя» Віктар Шчука. Пачаць «Аповесць…» менавіта яму «ЛВ» даверыў невыпадкова — літаральна днямі Віктар Іванавіч стаў «Чалавекам года «
Брэстчыны.

Няхай вызначэнне «Ляхавічы машынабудаўнічыя» ў большай ступені вобраз, чым аб’ектыўная рэальнасць (не канвеер жа ў нас па выпуску аўтамабіляў), аднак, і аспрэчваць гэты факт нельга: прыватнае сэрвіснае ўнітарнае прадпрыемства «Аўтацэнтр «Вікторыя» атрымала права зборкі аўтамабіляў на аснове аўташасі «МАЗа» і паспяхова гэта права рэалізоўвае. Дэбют адбыўся ў мінулым верасні. Аўтамабіль «65МА10», які набыла аграфірма «Дзявяткі» Кобрынскага раёна, зроблены менавіта ў Ляхавічах — у фірме, якую я ўзначальваю. Прычым, адбылася гэта знакавая падзея напярэдадні святкавання 520-гадовага юбілею нашага горада. Мы вельмі да гэтага імкнуліся і паспелі!
Яшчэ адзін сабраны ў «Вікторыі» аўтамабіль адправіўся ў агракамбінат «Сноў», а пяцёрка амаль гатовых даводзіцца да ладу, і мы ўжо ведаем будучых пакупнікоў гэтай магутнай тэхнікі.
Наш аўтацэнтр даўно і шчыльна супрацоўнічае з МАЗам — без малога дзесяцігоддзе. «Вікторыя» пачыналася як невялікая станцыя тэхнічнага абслугоўвання. І вось такія ажыццёўленыя перспектывы — смелыя, стваральныя і прэстыжныя. На рынку аўтасэрвісных паслуг наша прадпрыемства адно з першых на Брэстчыне атрымала сертыфікат адпаведнасці на права правядзення гарантыйнага абслугоўвання і рамонту ўсіх мадэляў аўтатэхнікі, што выпускаецца Мінскім аўтамабільным заводам. «Вікторыя» з’яўляецца афіцыйным дылерам Мінскага і Яраслаўскага маторных. Маем акрэдытацыю на правядзенне дзяржтэхагляду транспартных сродкаў усіх катэгорый па новай методыцы. Больш чым на 40 тысяч легкавушак і грузавікоў з розных раёнаў краіны намі выдадзена заключэнне аб прыгоднасці да эксплуатацыі. Натуральна, што іх тэхнічны стан папярэдне прадыягнаставаны.
Яшчэ адна лічба, якую назаву з гонарам: больш за 200 МАЗаўскіх аўтамабіляў у «Вікторыі» пераабсталяваны — з бартавых у лесавозы і самазвалы, напрыклад. А адзінкавы эксклюзіўны экзэмпляр, над якім працавалі ў нашым аўтацэнтры, сёння праходзіць выпрабаванне на дарогах Крайняй Поўначы. Ваенны поўнапрывадны аўтамабіль «МАЗ-6317» пераабсталяваны ў самазвал для работы менавіта ў паўночных умовах.
У кагосьці ўсе гэтыя факты не выклікаюць цікавасці, і, магчыма, нехта назаве мяне закончаным тэхнаром. Не лічу апошнюю абставіну заганнай. Сапраўды, тэхніку вельмі люблю. Гэта маё і хобі, і работа. Колькі сябе памятаю з дзяцінства, столькі памятаю і любімы па тым часе занятак: разабраць знойдзены на звалцы механізм, пасартаваць гаечкі-вінцікі, адчысціць ад іржы з веданнем, для чаго іх можна прыстасаваць, дзе выкарыстаць. Свой першы трактар уласнымі рукамі я сабраў да школьнага выпускнога. Не ведаю, чаму больш радаваўся — атрыманаму атэстату аб сярэдняй адукацыі ці гэтаму «рарытэтнаму» цуду тэхнікі. Дарэчы, той трактар і сёння «жывы» і, спадзяюся, зойме пачэснае месца ў музеі старой тэхнікі, над стварэннем якога працую. Гэта яшчэ адна мая мара, і дзеля таго, каб яна спраўдзілася, сабраў ужо нямала экспанатаў. Такая вось лірычная акалічнасць на тэму тэхнарства…
Штат «Вікторыі» — паўтара дзясяткі чалавек. Узрост аўтацэнтра — 9 гадоў. Калі ствараў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, думкі былі розныя: былі смелыя спадзяванні і, не буду крывіць душой, сумненні. Сёння перакананы, што той крок быў зроблены своечасова. Мяне радуе, што побач працуюць надзейныя людзі, выдатныя прафесіяналы, адмысловыя майстры. Поплеч са мною і мае сыны. Яны шчыруюць на станцыі тэхабслугоўвання легкавых аўтамабіляў, якая год таму адкрыта ў «Вікторыі». Дарэчы, першы «МАЗ» ручной зборкі пад нумарам «65МА10» у нейкай ступені падкрэслівае існаванне дынастыі Шчукаў: літары М і А —першыя літары імёнаў маіх сыноў — Міхаіла і Андрэя.
Сёння, як ніколі, перакананы: працаваць на вынік магчыма толькі ў тым выпадку, калі ты сапраўды будзеш, прабачце за тафталогію, працаваць. Нашы стасункі з Мінскім аўтазаводам падкрэсліваюць, што нават невялікая фірма, якою і з’яўляецца аўтацэнтр «Вікторыя», у стане прэтэндаваць на вялікія справы і прафесійнае прызнанне. Прыклад у тэму: мы першымі ў Беларусі атрымалі дазвол пераабсталёўваць аўтамабілі, што працуюць у сельскай гаспадарцы, больш магутнымі рухавікамі. Чатыры адзінкі такой тэхнікі адпраўлены пакупнікам: дзве ў Крошын, дзве — на Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў. А ўсяго такіх машын у краіне 4600. Мяркуйце, колькі давядзецца папрацаваць. І гэты вытворчы нюанс уплывае на аўтарытэт не толькі нашага аўтацэнтра — наогул Ляхавіччыны.
Скажу шчыра, прыемна, калі намаганні калектыву не застаюцца незаўважанымі. З увагай і павагай ставіцца да нас раённая ўлада. Поспехі аўтацэнтра «Вікторыя» адзначаны і ў вобласці: два гады запар — летась і сёлета — наша прыватнае ўнітарнае прадпрыемства выходзіла пераможцам у абласным конкурсе «Лепшы прадпрымальнік года». Што сказаць з гэтай нагоды? «Вікторыя» поўная ідэй і задумак. Мы можам і гатовы самаўдасканальвацца, развівацца, расці — каб адпавядаць самым строгім патрабаванням часу і запытам нашых шматлікіх кліентаў. І вельмі рады, што разам з землякамі сваімі намаганнямі і працай пішам новую гісторыю старажытных Ляхавічаў, пачаўшы запаўняць дагэтуль незапоўненую старонку: машынабудаўнічая тэма для нашага райцэнтра агучана і атрымала неблагі рэзананс. І вызначэнне «Ляхавічы машынабудаўнічыя» — не дзеля прыгожага слоўца, а дзеля рэальнай справы.
Запісала Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *