Я люблю сваю Радзіму. Дэлегаты на УНС ад Ляхавіцкага раёна працягваюць дзяліцца ўражаннямі пра ўдзел у сходзе

Надзея ПАТАПЧЫК, загадчыца МТФ «Бенькаўцы»
ЗАТ «Белпрампрыбор», стараста вёскі Бенькаўцы:
– Мне пашчасціла прыняць удзел у VI Усебеларускім народным сходзе ў якасці дэлегата ад Ляхавіцкага раёна. Упершыню ўдзельнічала ў такім прадстаўнічым форуме, дзе вырашаецца лёс усёй краіны, кожнага беларуса, нашых дзяцей і ўнукаў. Канешне ж, хвалявалася, бо гэта вялікая адказнасць – прадстаўляць інтарэсы і запыты сваіх землякоў. Таму хацелася ўлавіць кожнае імгненне, кожнае слова, сказанае на сходзе. Была надзвычай уражана падзеямі, якія адбываліся падчас форуму.
Вельмі ўважліва слухала выступленне Прэзідэнта нашай краіны. Аляксандр Рыгоравіч гаварыў так шчыра, так натхнёна, дакладна і зразумела для кожнага чалавека. Прэзідэнт спыніўся на асноўных момантах палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, агучыў перспектывы.
Адразу пасля заканчэння школы я ўладкавалася на працу і зараз, калі па ўзросце пенсіянерка, яшчэ працую. Мне цяжка зразумець людзей, якія не працуюць месяцамі, гадамі, дзесяцігоддзямі і не таму, што няма работы, – ім проста не хочацца. Таму поўнасцю далучаюся да сказанага Прэзідэнтам наконт таго, што трэба прымусіць усіх працаваць.
Канешне, мяне хвалюе і заўтрашні дзень сельскай гаспадаркі, і медыцынскае абслугоўванне вяскоўцаў –  і гэтай тэме знайшлося месца ў выступленні Прэзідэнта. Пераважная большасць маіх адна-
вяскоўцаў на заслужаным адпачынку. Таму зацікавіла ўнесеная Кіраўніком дзяржавы прапанова пра неабходнасць удасканаліць пенсійную сістэму. Асабліва гэта важна тым, хто сёння малады, поўны сіл і можа сам забяспечыць сабе трывалы фінансавы запас.
Дарэчы, пра моладзь. У нас расце дастойная змена. Як жа цудоўна, прыгожа, па-дзелавому выступалі малады металург з Жодзіна, механізатар з Бялынічаў, настаўнік з Магілёўскага раёна.
Глыбока ў душу запалі словы, сказаныя  Аляксандрам Лукашэнкам наконт таго, што Беларусі неабходны сучасныя Колас, Купала, Пташук, і дзяржава гатова падтрымліваць таленты. А новыя пакаленні беларусаў абавязаны ведаць і помніць свае духоўныя і культурныя карані.
Больш за чвэрць стагоддзя я працавала з дзецьмі, вельмі іх люблю. Адзін з тэзісаў даклада Аляксандра Лукашэнкі тычыўся важнасці выхавання падрастаючага пакалення. Прычым займацца такой адказнейшай місіяй павінны не толькі навучальныя ўстановы, сям’я, але і грамадства.
Усё маё жыццё звязана з вёскай, таму, калі слухала кіраўніка сялянскай гаспадаркі з Мядзельшчыны, пераносіла яго прапановы і на наш раён. Ён гаварыў, што неабходна ствараць больш выгадныя ўмовы для арганізацыі бізнесу ў сельскай мясцовасці, падтрымліваць фермераў.
Наша любімая Беларусь заўжды была міралюбівай, талерантнай краінай, і трэба зрабіць усё магчымае, каб ніякія сілы, у тым ліку з-за мяжы, не ўносілі раскол, не сеялі варожасць паміж нашым народам.Таму ўсебакова падтрымліваю старшыню Беларускага  саюза жанчын Алену Богдан, якая прапанавала зрабіць больш жорсткім закон у адносінах да тых, хто зацягвае грамадзян у экстрэмізм, заклікае выступаць супраць грамадзян сваёй краіны. Дарэчы, пра тое, што беларусам трэба зберагчы здабыты суверэнітэт, мір і спакой у краіне, не паўтараць памылак іншых, гаварылі госці з Украіны, Сербіі, Расіі.
А як пранікнёна прагучалі словы, якія міністр замежных спраў Уладзімір Макей сказаў напрыканцы свайго выступлення, – «Люблю
Беларусь!». З гонарам далучуся – я таксама люблю сваю Радзіму.