Хто ў зямлі гаспадар. У мінулы панядзелак на прамой лініі «ЛВ» працавала начальнік аддзела землеўпарадкавання Ляхавіцкага райвыканкама

У аддзел землеўпарадкавання райвыканкама нашы землякі звяртаюцца па пытаннях землекарыстання, набыцця зямельнага ўчастка, добраўпарадкавання тэрыторыі і г. д.
І атрымліваюць ад спецыялістаў падраздзялення кампетэнтныя вычарпальныя  адказы. У мінулы панядзелак на прамой лініі «ЛВ» працавала начальнік аддзела Святлана Махнач.

– Дзень добры! Святлана Уладзіміраўна, пражываю ў вёсцы. Падкажыце, ці магу атрымаць зямельны ўчастак, і для якіх мэтаў мне яго могуць выдзеліць?
Пётр Сяргеевіч.

– Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь можа быць выдзелены зямельны ўчастак плошчай да аднаго гектара для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі ва ўласнасць ці пажыццёвае спадчыннае валоданне ў сельскім населеным пункце, у якім ён зарэгістраваны, ці іншым, размешчаным на тэрыторыі адпаведнага сельсавета. Праўда, пры выдзяленні ўлічваецца памер зямельнага ўчастка, прадастаўленага для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома.
Дадаткова да зямельных участкаў, прадастаўленых для вядзення падсобнай гаспадаркі ва ўласнасць ці ў пажыццёвае спадчыннае валоданне, у такіх населеных пунктах у арэнду могуць быць выдзелены ўчасткі, памер якіх не перавышае тры гектары. Тым жа, хто мае ва ўласнасці сельскагаспадарчую жывёлу, зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца для яе выпасу і сенакосу ў тым населеным пункце, у якім грамадзяне зарэгістраваны па месцы жыхарства, або на тэрыторыі раёна, у якім знаходзіцца даная «кропка».

Пытанне ад «ЛВ»:
– Як вызначаюцца месца і памер выдзяляемага ўчастка?

– Памеры і месцазнаходжанне зямельных участкаў грамадзянам устанаўліваюцца дзяржаўным органам, які прадастаўляе плошчу, у залежнасці ад мясцовых умоў і асаблівасцяў, а таксама жадання асоб, якім участак выдзяляецца. Прычым тэрыторыя можа быць выдзелена толькі ў межах населеных пунктаў.

– Хачу атрымаць участак для вядзення фермерскай гаспадаркі. Што для гэтага неабходна?
Міхаіл Іванавіч.

– Каб стварыць сялянскую (фермерскую) гаспадарку, неабходна падаць у райвыканкам заяву аб пацвярджэнні магчымасці размяшчэння гаспадаркі і мяркуемым месцы размяшчэння зямельнага ўчастка. Патрабуецца яшчэ і праграма вядзення гэтай гаспадаркі, інакш кажучы – бізнес-план. Перавагу на атрыманне ўчастка для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі пры іншых роўных умовах маюць ФГ, што арганізоўваюцца асобамі, зарэгістраванымі ў сельскім населеным пункце, размешчаным на тэрыторыі адпаведнага сельсавета, а таксама члены (работнікі) сельскагаспадарчых арганізацый, што рэарганізуюцца ці ліквідуюцца.
Участкі, як правіла, выдзяляюцца адзіным масівам і,
у першую чаргу, з фонду пераразмеркавання земляў. У раёне маецца такі фонд, плошча якога 1012 гектараў. Азнаёміцца падрабязна з участкамі, якія ў яго ўключаны, можна ў нашым аддзеле. Скажу толькі, што ў наяўнасці зямля ў раёне Тухавіч (Востраўскі сельсавет), Навасёлак (Крывошынскі сельсавет), Гукова (Альхоўскі сельсавет) і іншыя.
Усе заявы, якія паступаюць, разглядаюцца камісійна.
Бізнес-планы аналізуюцца, узгадняюцца з сельгаспрадпрыемствамі, на землях якіх плануецца размяшчэнне фермерскай гаспадаркі. Пасля прымаецца рашэнне райвыканкама аб пацвярджэнні магчымасці размяшчэння  ФГ і выдзяленні ёй зямельнага ўчастка. Такая ж працэдура разгляду заяў прадугледжана і на пашырэнне ўгоддзяў існуючых сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.

Пытанне ад ЛВ:
– Якая адказнасць прадугледжана за неналежнае выкарыстанне выдзеленай зямлі?

– Пры парушэнні патрабаванняў па выкарыстанні і ахове земляў, нямэтавым выкарыстанні зямельных участкаў, іх пашкоджанні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: для фізічных
асоб памер штрафу складае да 30 базавых велічынь, для юрыдычных – да 500 БВ. Прычым у выпадку неўхілення парушэнняў зямельны ўчастак можа быць адабраны.

– Валодаю доляй у двухкватэрным жылым доме ў аграгарадку. Ці маю права на афармленне дакументаў на зямельны ўчастак без удзелу суседа?
Сафія Леанідаўна.

– Канешне, вы можаце зрабіць дакументы менавіта на свой участак. Для гэтага неабходна звярнуцца ў сельвыканкам і напісаць заяву, да якой прыкласці дакументы, што пацвярджаюць права на вашу долю: тэхпашпарт (калі маецца), дагавор на прыватызацыю.

На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.