Плюс таксама бывае трывожным. Пра статыстыку, прафілактыку і іншае, што хвалюе пракурора

Пракуратура Ляхавіцкага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі ў 2020 годзе  правяла комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, нармалізацыю крымінагеннай сітуацыі, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы.

Сумеснымі намаганнямі ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў па асобных накірунках дзейнасці. Так, на тэрыторыі раёна не зарэгістравана забойстваў, разбояў, скарацілася колькасць зарэгістраваных фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванняў, махлярстваў.
Разам з тым, адзначаецца рост крадзяжоў на 22 працэнты, крадзяжоў транспартных сродкаў, хуліганстваў.
Так, па крымінальных справах аб крадзяжах, дзе ўстаноўлена асоба, якая іх учыніла, практычна палова злачынстваў – на рахунку асоб, якія маюць судзімасць, трэць – нецвярозых. Кожны чацвёрты крадзеж учынены ў грамадскім месцы, значная колькасць – з аўтамашын на неахоўных стаянках.
Аднак найбольшы ўплыў на рост злачыннасці ў цэлым аказалі злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. Да гэтай катэгорыі адносіцца практычна кожнае пятае злачынства. 45 з іх учынена па фактах перадачы звестак аб рэквізітах банкаўскіх картак
шляхам выкарыстання злачынцамі спецыяльна створаных інтэрнэт-рэсурсаў, знешне падобных на раздзелы гандлёвай пляцоўкі Kufar.by і рэсурсы банкаўскіх устаноў, а таксама шляхам завалодвання рэквізітамі банкаўскіх плацежных картак падчас тэлефонных размоў пад выглядам супрацоўнікаў банкаў.
У сувязі з гэтым асноўныя намаганні пракуратуры былі накіраваны на прафілактыку крадзяжоў і злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, распрацоўку і прыняцце арганізацыйных мер.
Праведзеныя праверкі дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі паказалі, што адной з прычын такой сітуацыі ў раёне з’яўляецца неэфектыўнасць ці непрыняцце мер па раз’яднанні груп асоб, схільных да ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, недастатковасць прафілактычных мерапрыемстваў у адносінах асоб, якія маюць судзімасць, паслабленне індывідуальнай прафілактычнай работы з непаўналетнімі, а таксама з асобамі, якія злоўжываюць спіртным.
Пракуратура раёна сёлета праводзіла праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства па прафілактыцы правапарушэнняў у сельвыканкамах, аддзеле ўнутраных спраў, і ўсюды выяўлены недахопы ў арганізацыі работы.
У сувязі з пагаршэннем крымінагеннага становішча з-за росту крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі пракуратура раёна правяла аналіз. Устаноўлена, што ўмовы для ўчынення злачынстваў ствараюць нярэдка самі пацярпелыя. Пры гэтым выяўлены факты, калі ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна пры наяўнасці данай праблемы звесткі пра магчымасць незаконнага зняцця грашовых сродкаў з рахунку не даводзяцца да радавых работнікаў.
Рост пажараў на тэрыторыі раёна і гібель на іх людзей сведчаць не толькі пра недахопы ў рабоце
назіральных камісій, але і бестурботнасць пацярпелых, якія дапускалі парушэнні пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, курылі ў стане алкагольнага ап’янення ў жылых памяшканнях. Мелі месца выпадкі, калі грамадзяне не ўдзялялі дастатковай увагі пажылым сваякам, што прыводзіла да няшчасных выпадкаў.
Па выніках праверак пытанняў прафілактыкі па патрабаванні пракуратуры больш за 60 асоб прыцягнута да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Пракуратура шырока выкарыстоўвае такую форму абароны інтарэсаў грамадзян, дзяржавы, прадпрыемстваў і арганізацый дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці, як зварот з іскавай заявай у суд. У мінулым перыя-
дзе пракурор накіраваў у суд 30 іскавых заяў на агульную суму больш за 60 тысяч рублёў. У эканамічны суд у інтарэсах
УП «Ляхавіцкае ПМС» і ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» пра-
куратура раёна накіравала дзве заявы аб узбуджэнні загаднай вытворчасці.
Адным з ключавых накірункаў пракурорскай дзейнасці працягвае заставацца нагляд за выкананнем заканадаўства. Летась пракуратура раёна праводзіла праверкі выканання патрабаванняў антыкарупцыйнага і працоўнага заканадаўства, заканадаўства, накіраванага на захаванасць уласнасці, іншага.
Так, пракуратура раёна ў рамках праверкі выканання патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні», а таксама рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы «Чыстая вада» Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016 – 2020 гады ўстанавіла факты непрыняцця мер па кампенсацыі шкоды, прычыненай дзяржаўнай арганізацыі неналежным выкананнем работнікамі працоўных абавязкаў. Так, за перавышэнне нарматываў дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у сцёкавыя воды раённай арганізацыяй была кампенсавана дзяржаве шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю. Толькі па патрабаванні пракуратуры ў парадку рэгрэсу з вінаватых асоб спагнана больш за 3500 рублёў.
Пры праверках выканання сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна патрабаванняў  Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» выяўлены факты знаходжання работнікаў у стане алкагольнага ап’янення, а таксама парушэнні патрабаванняў аховы працы пры правядзенні будаўнічых работ.
Па патрабаванні пракуратуры ў 2020 годзе 28 работнікаў сельска-
гаспадарчых прадпрыемстваў за неналежнае выкананне ўскла-
дзеных абавязкаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці,
27 работнікаў кампенсавалі шкоду,прычыненую падзяжом жывёлы,
на суму больш за 2000 рублёў.
Сёлета пракуратура працягне работу па спыненні парушэнняў дзеючага заканадаўства.

Сяргей ДЗЯЖКО, пракурор раёна.