Спартыўныя фігуры. У Ляхавіцкім аграрным каледжы свята абаронцаў Айчыны традыцыйна суправаджае «Снежны снайпер»

У Ляхавіцкім аграрным каледжы свята абаронцаў Айчыны традыцыйна суправаджае «Снежны снайпер», дзе навучэнцы спаборнічаюць у спрытнасці, трапнасці, хуткасці і трываласці. Сёлета перамога разыгрывалася паміж камандамі аграномаў, ветэрынараў, заатэхнікаў і плодаагароднікаў. У праграме спартыўнага дзейства – біятлон, лыжная эстафета, перацягванне каната і іншае. Таксама неабходна было праявіць творчасць – зрабіць снежную фігуру.

Балельшчыкі, якія ўсяляк падтрымлівалі і падбадзёрвалі ўдзельнікаў, таксама мелі магчымасць праявіць сябе і паўдзельнічаць у конкурсах.
Першае месца заваявала зборная каманда аграномаў, на другой прыступцы п’едэстала – ветэрынары, «бронза» ў заатэхнікаў. У конкурсе капітанаў па кіданні кола лепшым названы першакурснік групы 11 «агра» Дзяніс Неўдах.
Весела, актыўна і класна – такія водзывы каляджан на «Снежнага снайпера». Кіраўнік фізвыхавання Уладзімір Бяшэйка адзначае, што вызначыць лепшую каманду было няпроста – усе стараліся і прыкладалі намаганні.
А фігуры, вылепленыя юнакамі і дзяўчатамі, каторы дзень прыцягваюць увагу ляхавічан. Што датычыць «скульптараў», пакуль не назвалі пераможцаў – ідзе інтэрактыўнае галасаванне сярод навучэнцаў, расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Траццяк.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва ЛАК