Кампетэнтна пра пенсіі. У чарговую сераду ў грамадскай прыёмнай райвыканкама працавала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальнік аддзела сацыяльнай абароны

У чарговую сераду ў грамадскай прыёмнай райвыканкама працавала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальнік аддзела сацыяльнай абароны Святлана Смаршчок.

Што найбольш хвалюе землякоў?
– Традыцыйнымі сталі звароты ў нашу службу наконт налічэння пенсій, іх памеру, разнастайных матэрыяльных дапамог, выплат. Жыхары раёна звяртаюцца да спецыялістаў упраўлення і падчас прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян, тэлефануюць. Стараемся па магчымасці дапамагчы кожнаму. Іншы раз даводзіцца разбірацца ў сітуацыі, падымаць горы дакументаў, рабіць запыты ў іншыя інстанцыі, – гаворыць Святлана Смаршчок.
Сказанае пацвердзілася і падчас работы грамадскай прыёмнай. Першае пытанне датычылася сярэдняга памеру пенсій, што выплачваюцца ў нашым раёне. Па словах Святланы Смаршчок, сярэдні памер пенсій складае 455,11 рубля, пенсій па ўзросце – 471,82 рубля. Дарэчы, штомесячна на выплату пенсій жыхарам Ляхавіцкага раёна са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва расходуецца 3618,6 тысячы
рублёў.
Жыхара аднаго з аграгарадкоў хвалюе наступнае: яму паўгода не хапіла да патрэбнага страхавога стажу, таму ён «сацыяльны» пенсіянер. Мужчыне крыўдна, што такую ж суму пенсіі атрымліваюць і тыя, хто працаваў за сваё жыццё зусім мала ці ўвогуле не працаваў.
– З першага студзеня 2021 года ў Беларусі ўведзены новы від пенсіі –
па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Яна прызначаецца тым, у каго такі стаж складае 10 і больш гадоў, але яго недастаткова для працоўнай пенсіі па ўзросце на агульных падставах пры поўным страхавым стажы, які сёлета складае 18 гадоў. Памер такой пенсіі вышэй за сацыяльную, залежыць ад страхавога стажу і складае
73 працэнты бюджэту пражытачнага мінімуму. Пры гэтым за кожны поўны год стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў больш за 10 гадоў пенсія дадаткова павялічваецца на тры працэнты ўказанай велічыні, але не больш за 100 працэнтаў, – удакладняе Святлана Смаршчок.
Пераглядаецца памер пенсій і тым, каму яны былі прызначаны раней. У нашым раёне сямі грамадзянам, якія атрымлівалі сацыяльную пенсію па ўзросце, па іх заяве зроблены перавод з сацыяльнай на пенсію па ўзросце пры няпоўным стажы.
– Выхоўваю чацвярых дзяцей.  Які агульны стаж я павінна мець, каб у далейшым атрымліваць пенсію? – пытанне ад ляхавічанкі.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама падрабязна расказала пра асаблівасці пенсійнага заканадаўства ў гэтым накірунку. Так, з 1 студзеня 2021 года павялічыўся перыяд догляду за дзецьмі да дасягнення імі трохгадовага ўзросту, які залічваецца ў працоўны стаж. Раней ён складаў 9 гадоў, цяпер – 12. Адпаведна, маці, якія нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей, атрымаюць 12 гадоў прыбаўкі да свайго працоўнага стажу. Прычым такая форма прымяняецца не толькі пры першасным налічэнні пенсіі, але і адносна тых, што афармляліся раней. Пераразлік праводзіцца з першага чысла месяца, які ідзе за тым, калі жанчына звярнулася за пераразлікам. Ёсць і іншыя змяненні і нюансы. Святлана Смаршчок запрасіла такіх атрымальніц пенсій звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для магчымага разгляду пытання па пераразліку пенсій.
– Адзначу, што падтрымка мнагадзетных маці ў нашай краіне будзе і далей у прыярытэце. На VІ Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму «Мнагадзетная Беларусь» і закласці ў яе аснову некалькі момантаў. Адзін з іх – «Мама чатырох малышоў зарабіла будучую пенсію». Ідэя ў тым, што пры нараджэнні чацвёр-
тага дзіцяці прадаставіць маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае працоўны стаж, – зазначыла Святлана Смаршчок.

Галіна КАНЬКО.