Капі і будуй

З 1 студзеня 2021 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 382 «Аб дзяржаўнай сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў».

Дзяржаўная сістэма ЖБЗ з’яўляецца самастойным механізмам фінансавання паляпшэння грамадзянамі сваіх жыллёвых умоў з выкарыстаннем уласных зберажэнняў, незалежным ад ільготнага крэдытавання. Удзельнікамі такой сістэмы могуць стаць усе катэгорыі грамадзян (якія стаяць і не стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў), якія заключылі з банкам дагаворы аб ЖБЗ у мэтах будаўніцтва жылля па заканчэнні перыяду накаплення грашовых сродкаў.
Указам устаноўлены роўныя правы ўсіх катэгорый грамадзян для ўдзелу і магчымасць удзелу ў данай сістэме ўсіх банкаў краіны.
Дзяржаўная сістэма жыллёвых будаўнічых зберажэнняў прадугледжвае накапленне яе ўдзельнікамі ўкладу пад працэнт ніжэй за рыначны з адначасовай выплатай прэміі дзяржавы, адпаведнай памеру ўкладу, на ашчадны рахунак у перыяд накаплення, але не больш за пяць гадоў. Па заканчэнні тэрміну накаплення ўдзельнік сістэмы ЖБЗ мае права на атрыманне жыллёвага крэдыту па стаўцы ніжэй за рыначную.
Мінімальна неабходная сума накапленняў для атрымання крэдыту ў сістэме ЖБЗ вызначана ў памеры не менш за 30 працэнтаў ад дагаворнай сумы. Таксама Указам устаноўлена, што працэнты за карыстанне жыллёвым крэдытам не могуць перавышаць працэнты па ўкладзе ЖБЗ больш чым на тры працэнтныя пункты.
Стаць удзельнікамі дзяржаўнай сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў могуць і грамадзяне, якія не маюць канкрэтных намераў паляпшаць жыллёвыя ўмовы, а значыць, па заканчэнні накапляльнага перыяду не будуць прэтэндаваць на крэдыт. Накопліваць у такой сістэме будзе выгадна, паколькі налічваецца прэмія. Доўгатэрміновыя дэпазітныя рэсурсы тых, хто ўступіў у сістэму толькі для накаплення, можна выкарыстоўваць на крэдытаванне астатніх удзельнікаў сістэмы, што скарачае тэрмін чакання імі крэдытаў.

Марына ЗАВАДСКАЯ,
начальнік аддзела архітэктуры,
будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.