Урок на патрыятычную тэму. Праект «Школа Актыўнага Грамадзяніна» прадаўжае паспяхова рэалізоўвацца на Ляхавіччыне

Праект «Школа Актыўнага Грамадзяніна» прадаўжае паспяхова рэалізоўвацца на Ляхавіччыне. Чарговае спатканне прызначана ў СШ № 1 райцэнтра. На сустрэчу са старшакласнікамі і настаўнікамі завіталі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Тэма дыялогу – «VI Усебеларускі народны сход».
Кіраўнік раёна падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў гэтым лёсавызначальным для краіны форуме, на якім ён быў адным з шасці дэлегатаў ад Ляхавіччыны.

– Эмоцый шмат, усе яны станоўчыя. На адным дыханні слухалі выступленне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы акрэсліў мэты і задачы, пастаўленыя перад народам і Урадам.
На сходзе абмяркоўваліся важныя пытанні, што тычацца кожнага з нас.  У цэнтры ўвагі дзяржавы па-ранейшаму – чалавек і яго дабрабыт. Дэлегаты ўпэўніліся ў гэтым, калі слухалі вынікі мінулай пяцігодкі і планы на бліжэйшую. Цяпер наша асноўная задача – данесці іх да беларусаў і разам працаваць над рэалізацыяй пастаўленых мэт, – расказаў старшыня райвыканкама. Ён адзначыў, што шэраг задач сацыяльна-эканамічнага развіцця канкрэтызаваны пасля форуму і для Ляхавіцкага раёна.
Мікалай Мароз нагадаў, што лозунг Усебеларускага народнага сходу – «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць», гэтыя паняцці ўзаемазвязаныя. Бо калі нацыя адзіная, яна будзе развівацца, а развітая краіна – незалежная краіна. Можна азірнуцца і ўбачыць іншыя краіны, дзе адбыўся раскол у грамадстве, і тое, да якіх негатыўных падзей гэта прывяло. Нельга дапусціць, каб Беларусь паўтарыла такія памылкі.
– Прэзідэнт зазначыў, мы можам будаваць розныя планы і ставіць пэўныя задачы, але калі не будзе згуртаванасці і адзінства, усё застанецца на словах. Сапраўды толькі мы сваімі рукамі, сваімі дасягненнямі, талентамі і поспехамі будуем будучыню, – сказаў кіраўнік раёна.
У Год народнага адзінства, якім аб’яўлены 2021-ы, падкрэсліў кіраўнік раёна, нельга забываць пра міласэрнасць, дапамогу адзін аднаму, нельга заставацца ў баку ад падзей, варта прымнажаць здабытае мінулымі пакаленнямі, але ні ў якім разе не разбураць. Наша краіна  была і павінна заставацца мірнай і спакойнай.
Па словах Мікалая Мароза, асаблівая ўвага ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нададзена якасці і ўзроўню жыцця ў сельскай мясцовасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што будзе забяс-
печаны дыферэнцыраваны падыход да развіцця рэгіёнаў, аказаны адрасныя меры падтрымкі. Як падкрэсліў Мікалай Мароз, на Ляхавіччыне таксама прымаюцца пэўныя меры для паляпшэння сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе раёна.
У прыватнасці, размова ішла пра патэнцыяльных інвестараў, якія павінны ўдыхнуць жыццё ў некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна, што прыйшлі ў заняпад.
Таксама старшыня райвыканкама адзначыў, што на сходзе неаднойчы гаварылася пра клопат і дапамогу пажылым грамадзянам, пра неабходнасць прыкласці максімум намаганняў, каб іх жыццё было паўнацэнным і актыўным.
На пытанне, якія выступленні дэлегатаў асабліва запомніліся, Мікалай Мароз адзначыў, што на працягу двух дзён вялася змястоўная размова пра будучыню Беларусі і яе жыхароў. Усе выступленні дэлегатаў і запрошаных гасцей – прадстаўнікоў розных прафесій, сацыяльных груп, узростаў – былі яркімі, эмацыянальнымі і канкрэтнымі. Было відавочна: людзям неабыякавы лёс краіны, у якой яны жывуць і працуюць. Мікалай  Мароз расказаў, што застаўся ў захапленні ад юнакоў і дзяўчат, якія выступалі на сходзе. Прэзідэнт гаварыў, што калі не працаваць з маладымі, то можна іх згубіць.
– І гэта сапраўды так. Важна не чытаць натацыі, а размаўляць з вамі на адной мове, вучыць думаць крытычна, асэнсоўваць падзеі, адрозніваць праўду ад фэйкаў. І выхоўваць сапраўднымі патрыётамі. Патрыятызму навучыць нельга, яго можна дэманстраваць на ўласным прыкладзе. Неабходна выхоўваць на канкрэтных гістарычных фактах, дасягненнях і поспехах беларускага народа. Трэба прывіваць любоў да роднай зямлі і павагу да традыцый і каштоўнасцей беларусаў праз гісторыю сваёй малой радзімы, лёсы землякоў, – упэўнены старшыня райвыканкама.
Дарэчы, пра ролю моладзі не толькі ў заўтрашнім дні краіны, але і сёння неаднойчы гаварылася падчас шчырага і канструктыўнага дыялогу, што вёўся ў СШ № 1. Старшакласнікаў цікавіла, што плануецца зрабіць на Ляхавіччыне для таго, каб юнакі і дзяўчаты заставаліся тут працаваць, вярталіся дамоў пасля вучобы. Мікалай Мароз адзначыў: у маладых ёсць роўныя спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховымі і мяняць жыццё ў краіне да лепшага.
– Жадаеце вучыцца далей, атрымліваць сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю, калі ласка, паступайце. Выдатна, калі дыпламаванымі спецыялістамі вы вернецеся на сваю малую радзіму. Работа знойдзецца для кожнага і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці. І не трэба баяцца вёскі, будзем прыкладаць усе намаганні, каб жыццё там не адрознівалася ад гарадскога. Пажадаеце арганізаваць уласны бізнес – падтрымаем, дапаможам, галоўнае – імкненне, – зазначыў кіраўнік раёна.
Кола тэм, узнятых падчас дыялогу, было шырокім і разнапланавым, тычылася арганізацыі вольнага часу падлеткаў, выбару будучай прафесіі, развіцця раёна, правядзення традыцыйнага балю выпускнікоў. Пра тое, што такога кшталту сустрэчы актуальныя і патрэбныя, сведчыць той факт, што і пасля заканчэння рабяты не спяшаліся разыходзіцца, а працягвалі абмяркоўваць пачутае са сваімі равеснікамі і настаўнікамі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.