Плюсоў павінна быць больш. У Ляхавічах адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта


Пераможцы агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне.

У мінулую пятніцу адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.

Як вынікі ўплываюць на заўтра

Адно з пытанняў парадку дня – вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за мінулы год. Справаздачу па ім трымаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Дарэчы, гэта тэма была адной з ключавых падчас работы сходу гаспадарчага актыву раёна.

Дакладчык спыніўся на асноўных момантах папярэдняга года, асаблівую ўвагу акцэнтаваў на тых пунктах, дзе былі недапрацоўкі, гаварыў, як мінусы ператварыць у плюсы. Намеснік старшыні райвыканкама назваў у асноўным станоўчымі мінулагоднія вынікі работы народнагаспадарчага комплексу. Паказчыкі па тэмпах росту экспарту тавараў і паслуг, па прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, працаўладкаванні на новыя працоўныя месцы істотна перавышаюць прагноз. Яшчэ адзін важкі паказчык – індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі. У цэлым па раёне ён склаў 120,3 працэнта пры заданні 104.Толькі тры прадпрыемствы не дасягнулі стапрацэнтнага выніку. Андрэй Навагран патлумачыў аб’ектыўныя прычыны невыканання. Так, ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» знізіў экспартныя пастаўкі, ТАА «Ажуруна» ў сувязі з пандэміяй каранавіруса зменшыла выпуск звыклай прадукцыі і перайшлона пашыў медыцынскіх масак. Перавод на дыстанцыйнае навучанне (таксама звязаны з пандэміяй) паўплываў на зніжэнне паставак прадукцыі ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». 

Дакладчык указаў на зніжэнне тэмпаў росту інвес-тыцый у асноўны капітал, гэты паказчык склаў 81,1 працэнта да ўзроўню 2019 года. Мінус тлумачыцца зніжэннем у два разы інвеставання сельгасарганізацыямі ў будаўніцтва аб’ектаў. Таксама менш выканана будаўніча-мантажных работ – 82 працэнты пры заданні 107,5.

Яшчэ адзін плюс – за мінулы год вырасла ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі. Паспяхова развіваецца малое прадпрымальніцтва. Летась створана 19 (пры заданні шэсць) новых прадпрыемстваў: па пяць прамысловых і фермерскіх гаспадарак, тры гандлёвыя, чатыры па аказанні паслуг, адно сельскагаспадарчае. Ляхавіччына вынікова спрацавала па ўводзе жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, паказчыку энергазберажэння, па росце намінальнай налічанай заработнай платы. Палепшыліся і фінансавыя паказчыкі, у прыватнасці, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, рэнтабельнасць продажаў, чысты прыбытак. Зменшыліся затраты на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, адсутнічала пратэрмінаваная запазычанасць па падпарадкаваных арганізацыях.

Андрэй Навагран зазначыў: калі ў цэлым фінансавы стан раёна някепскі, то па некаторых прадпрыемствах ёсць істотныя недапрацоўкі па фінансавых паказчыках.

У якасці прыкладу былі названы ААТ «Шлях новы», дзе аб’ём атрыманага чыстага прыбытку амаль у дзесяць разоў меншы за даведзенае заданне. З мінусам гэта сельгасарганізацыя, як і
ДП «Ліпнянка», завяршыла мінулы год па рэнтабельнасці продажу.

Стаўка на інвестыцыі і эфектыўную вытворчасць

Нямала ў раёне рэзерваў, выкарыстанне якіх паспрыяе росту эканомікі, што, у сваю чаргу, стане добрым падмуркам для сацыяльнай сферы.

Таму сярод асноўных задач на сёлета для кожнай арганізацыі намеснік старшыні райвыканкама назваў распрацоўку і ажыццяўленне стратэгіі развіцця прадпрыемстваў, у тым ліку – плана прыцягнення інвестыцый для павышэння прадукцыйнасці працы, зніжэння матэрыяльных затрат, павышэння эфектыўнасці вытворчасці. Стаўка павінна быць зроблена на рост аб’ёмаў вытворчасці і продажаў з мэтай забеспячэння павышэння ўзроўню даходаў і павышэння якасці жыцця насельніцтва.

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што на кожным прадпрыемстве, ва ўстанове і ў арганізацыі павінен быць праведзены дэталёвы аналіз мінулагодніх вынікаў, зроблена, пры неабходнасці, работа над памылкамі, акрэслены рэальныя вырашальныя задачы. І, галоўнае, кіраўнікі павінны памятаць: яны ў адказнасці за свае калектывы.

У аснове – клопат пра чалавека

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса спыніўся на важных аспектах сацыяльнага развіцця, а таксама на рабоце Саветаў і органаў мясцовага самакіравання. Ён падкрэсліў, што аснова асноў у рабоце заканадаўчай і выканаўчай улады – клопат пра чалавека. За мінулы год на Ляхавіччыне нямала зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторый, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, выкананы сацыяльныя стандарты, шмат  бюджэтных сродкаў пайшло на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання.

У 2020 годзе дэпутаты райсавета, аб’яднаныя ў чатыры камісіі, разгледзелі 24 пытанні. Дэпутаты абмяркоўвалі сумесную работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх фарміраванняў па забеспячэнні грамадскай бяспекі, папярэджанні злачыннасці, стварэнні новых працоўных месцаў, аналізавалі выкананне падпраграмы «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў», эфектыўнасць выкарыстання арандаваных вадаёмаў і выкананне на іх прыродаахоўнага заканадаўства.

Жыхары раёна давяраюць народным абраннікам, спадзяюцца на іх дапамогу. Пра гэта сведчыць той факт, што летась у райсавет паступіла 78 зваротаў грамадзян. Тэматыка самая розная: працаўладкаванне, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, стан дарог, жыллёва-камунальныя паслугі, гандлёвае абслугоўванне, пенсійнае забеспячэнне і іншае. Яшчэ 11 зваротаў разглядалася падчас чатырох прамых тэлефонных ліній. Праведзена летась і выязная сесія на тэрыторыі Начаўскага сельсавета.

Сесія райсавета зацвердзіла справаздачу аб выкананні раённага бюджэту за 2020 год, якую прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Страмавус.

На пасяджэнні быў таксама разгледжаны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны на 2021 год. Усяго на парадак дня сумеснага пасяджэння было вынесена 12 пытанняў.

Узнагароды па праве

Сумеснае пасяджэнне райсавета і райвыканкама было пазначана і ўрачыстымі момантамі. Падведзены вынікі шэрага раённых конкурсаў і названы імёны пераможцаў. Ім уручыла дыпломы, падарункі і прэміі намеснік старшыні  райвыканкама Святлана Юрлевіч.

У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў сваіх намінацыях пераможцамі прызнаны лясгас, райбальніца, ААТ «Нача». У раённай спартакіядзе працоўных калектываў летась роўных не было традыцыйнаму фаварыту – ААТ «Жарабковічы», на другім і трэцім месцах, адпаведна, райбальніца і РАНС. Сярод прадпрыемстваў па лепшай арганізацыі прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджванні п’янства адзначаны лясгас, торфабрыкетны завод і «Жарабковічы».

У штогадовым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый дыплом І ступені ў малочнага завода, «Трансэлектракамплекта», ГДК,  ІІ ступені ў раёна газазабеспячэння, «Жарабковічаў», райпо, СДЮШАР, ІІІ ступені ў ПМК-13 і «Мясакамбіната Ляхавічы», СВК «Ляхавіцкі», РАУС. Крэатыўна аформілі свае сядзібы Алена Пастэрнакевіч з аграгарадка Ліпск і ляхавічанка Святлана Баўтрукевіч, на другім месцы  жыхарка райцэнтра Антаніна Касцюкова, на трэцім – Сяргей Купчынскі з аграгарадка Конькі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.