Беражыце сваю маёмасць. Летась у раёне было зарэгістравана 110 крадзяжоў маёмасці розных формаў уласнасці

Летась у раёне было зарэгістравана 110 крадзяжоў маёмасці розных формаў уласнасці (на 20 больш, чым у 2019 годзе).

Адна з галоўных прычын учынення крадзяжоў па-ранейшаму застаецца бестурботнасць грамадзян па забеспячэнні захаванасці сваёй маёмасці. Людзі пакідаюць яе без нагляду на працяглы час, у прыватнасці на дачах і ў жылых дамах, якімі карыстаюцца ў вясенне-летні сезон. Таксама прычынай крадзяжоў з’яўляюцца і свабодны доступ злачынцаў у незамкнёныя жылыя памяшканні, даверлівыя адносіны грамадзян да старонніх асоб, пакіданне маёмасці на вуліцы і дваровых тэрыторыях, у пад’ездах шматпавярховікаў і адкрытых падвалах.

Прыкладаў такой бестурботнасці можна прывесці шмат. Так, серыя крадзяжоў паліва была ўчынена з аўтамашын у г. Ляхавічы (12 такіх фактаў на рахунку двух жыхароў г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна).

Непаўналетнія ўчынілі 12 крадзяжоў маёмасці на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета. Усе адбыліся ў 2018 –2019 гадах і выяўлены толькі ў 2020 годзе. Аднак не толькі бестурботнасць уладальнікаў украдзенай маёмасці стала адной з прычын учынення гэтых злачынстваў, але і патуранне аднавяскоўцаў і бацькоў даных падлеткаў. Усе бачылі, што ў рабят з’яўляюцца грошы, але ніхто не пацікавіўся, адкуль яны ў непрацуючых дзяцей, не паведаміў пра гэта ў РАУС або ўстанову адукацыі, дзе вучыліся.

Грошы, каштоўныя паперы і ювелірныя вырабы сталі прадметам замаху ў 21 злачынстве, металалом – у 15, паліва, нафтапрадукты – у 15, электраабсталяванне – у 14 злачынствах. Карысталіся «папулярнасцю» аўтазапчасткі, веласіпеды, мабільныя тэлефоны…

У мэтах прафілактыкі крадзяжоў супрацоўнікі РАУС звяртаюцца з наступнымі рэкамендацыямі:

– не пакідайце ў дамах, якія выкарыстоўваюцца сезонна, або на дачах электрабытавыя прыборы, электраінструмент і іншую каштоўную маёмасць;
– зрабіце ўсё магчымае для ўмацавання дзвярэй, зачыняйце вокны аканіцамі і т. п.;
– дамоўцеся з суседзямі, якія пастаянна пражываюць паблізу, аб наглядзе за вашым домам і іншымі гаспадарчымі пабудовамі;
– пры з’яўленні каля ўчасткаў незнаёмых падазроных асоб паведаміце пра іх участковаму інспектару міліцыі або ў дзяжурную часць РАУС.

Практыка паказвае, што найбольш эфектыўным спосабам папярэджання злачынстваў і забеспячэння асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян з’яўляецца ахова жылых дамоў (памяшканняў) з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў аховы, якія падключаны да пультаў цэнтралізаванага назірання падраздзяленняў аховы.

Адной з мер прафілактыкі крадзяжоў з пад’ездаў і падвальных памяшканняў шматкватэрнікаў з’яўляецца ўстаноўка сістэм відэаназірання.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ, начальнік ААПП РАУС.