Гісторыя з пашпартам. 4 сакавіка – Дзень беларускай міліцыі

Нумар 102 ведаюць нават дашкольнікі – такую камбінацыю лічбаў набіраюць, калі  патрэбна дапамога. І яна прыходзіць, калі  неабходна аднавіць парушаныя правы чалавека, калі ўчыняецца права- парушэнне  ці злачынства.

Юрый Дзямід.
Таццяна Капцэвіч і Таццяна Цуба.

Падышоў тэрмін замены пашпарта, сыну-дачцэ споўнілася 14 гадоў – трэба звяртацца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі раённага аддзела ўнутраных спраў. У Ляхавічах ён размешчаны па адрасе вуліца Дзесюкевіча, 43. Тут, акрамя выдачы дакумента, які сведчыць асобу, рэгіструюць грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання, ажыццяўляюць кантроль за знаходжаннем на тэрыторыі раёна замежных грамадзян і асоб без грамадзянства і многае іншае – сфера дзейнасці падраздзялення даволі шырокае. АГіМ і сёння па-ранейшаму часта называюць пашпартнай  службай. У структуры міліцыі яна бадай адзіная, куды хоць аднойчы звяртаюцца кожны чалавек і нават госці краіны. 17 снежня мінулага года служба адзначыла векавы юбілей.

Вырашаюць  кадры
Калектыў АГіМ невялікі – усяго тры чалавекі, але высокапрафесійны і зладжаны. Да кожнага з супрацоўнікаў патрабаванні прад’яўляюцца высокія, сярод якіх бездакорнае веданне заканадаўства, дакладнасць, пільнасць і ўважлівасць. Часова выконвае абавязкі начальніка АГіМ Юрый Дзямід. У службе ён больш за дзесяцігоддзе, а пачынаў калісьці ўчастковым інспектарам.
Паспяхова спраўляецца з абавязкамі вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Таццяна Капцэвіч. Рэгістр насельніцтва краіны – гэта дзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, што ўяўляе сабой базу персанальных даных грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны. Для падтрымання праверкі і паўнаты, дакладнасці і актуальнасці персанальных даных, унесеных у рэгістр, узаемадзенічае з сельвыканкамамі, установамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі і г. д. За мінулы год, напрыклад, унесена больш за 14000 запісаў, што датычаць жыхароў раёна, за месяц – каля 1300.
У якіх выпадках неабходна мяняць пашпарт, і што для гэтага патрабуецца, што рабіць, калі дакумент згубілі ці выкралі, – на гэтыя і іншыя пытанні ведае адказ пашпартыст Таццяна Цуба. Калі ўлічыць, што нават дробязь у дакуменце здольна зрабіць яго несапраўдным, то зразумела высокая адказнасць дзеянняў пашпартыста і скрупулёзнасць у рабоце з дакументамі.
Бываюць дні, калі на прыём у АГіМ звяртаюцца больш за
40 чалавек. У студзені за атрыманнем пашпарта звярнуўся 61 чалавек. Хаця эпідсітуацыя ўнесла карэктывы і ў вынікі работы падраздзялення. Напрыклад, калі летась спецыялісты АГіМ зарэгістравалі 29 замежных грамадзян, то  ў 2019-м – больш за 200. У 2020 годзе выдадзены 41 дазвол на часовае пражыванне на тэрмін знаходжання да аднаго года. На пастаяннае месца жыхарства ў краіну прыбылі  16 чалавек з Расіі, Украіны, адзін – з Турцыі.

Дэпартацыя і іншыя нюансы
Юрый Дзямід адзначае, што да іншаземцаў, якія парушылі заканадаўства Беларусі, прымяняюцца самыя строгія меры ўздзеяння, аж да дэпартацыі. Прыгадвае, як расіянін быў асу-джаны за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь двойчы на працягу двух гадоў, у выніку чаго зарабіў крымінальную справу. Яшчэ адзін замежны грамадзянін меў пасведчанне на права жыхарства ў нашай краіне, але нецвярозым сеў за руль, вынік – дэпартацыя. Яшчэ адзін выпадак: грамадзянін Украіны ў нашым раёне за два дзесяцігоддзі, можна сказаць, укараніўся – ажаніўся і гадаваў дзяцей. Учыніў правапарушэнне і быў дэпартаваны. Тут засталіся жонка і дзеці, а галава сям’і вяртацца пакуль і не думае.
А бывае і так, што нашы землякі спачатку запрашаюць гасцей з-за мяжы, а пасля самі просяць, каб іх адправілі назад дадому.
Заканадаўствам устаноўлена, што пашпарт павінен мець кожны грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту. Але маюцца ў міліцэйскай практыцы і такія сітуацыі, калі чалавек жыве без дакумента гадоў 40 і не жадае нічога мяняць. За мінулы год супрацоўнікі АГіМ выявілі чатыры падобныя факты. Правялі праверку, ідэнтыфікацыю асобы і г. д.
Штраф за такое правапарушэнне – да чатырох базавых велічынь.

Найперш –  уважлівасць
У рабоце тутэйшыя супрацоўнікі сустракаюцца з рознымі сітуацыямі, за прафесіяналізм і нераўнадушнасць атрымліваюць нямала слоў удзячнасці.
Наша зямлячка пражывае за мяжой і летась прыляцела на радзіму, каб замяніць пашпарт. На ўсё пра ўсё мелася пару дзён. Супрацоўнікі АГіМ увайшлі ў сітуацыю і дапамаглі зрабіць пашпарт у максімальна кароткі тэрмін. А сёлета ўжо выручылі яе дачку, у якой заканчваўся тэрмін дзеяння дакумента.
– У такіх выпадках мы прапаноўваем паслугу «камерцыйны пашпарт», калі афармленне  дакумента складае да пяці дзён. Канешне, дзейнічае павышаны тарыф, але бываюць абставіны, што для чалавека важны кожны дзень, – адзначае Юрый Дзямід.
Так было з жыхаром раёна, якому неабходна было зняць у МРЭА з уліку машыну, а з-за таго, што пячатка ў пашпарце аказалася невыразнай, зрабіць гэта не мог. Дзякуючы зладжанным дзеянням супрацоўнікаў АГіМ, пашпарт быў заменены ў самы кароткі тэрмін.
Дарэчы, калі раней пашпарт на афармленне спецтранспартам адвозілі ў Брэст у бюро пашпартызацыі насельніцтва, то зараз з-за каранавіруса адпраўляюць спецпоштай.
У аддзяленні існуе прыгожая традыцыя – ушаноўваць стагадовых юбіляраў. Да кожнага міліцыянеры завітваюць з новым дакументам, каб павіншаваць асабіста. Летась, напрыклад, Юрый Дзямід уручыў новенькі пашпарт жыхарцы раёна, якую ў Баранавічах даглядае ўнучка. Прыехалі, стварылі доўгажыхарцы святочны настрой.
А яшчэ супрацоўнікі АГіМ ганарацца сваёй гісторыяй, якая пачалася калісьці з пашпартных сталоў. З павагай успамінаюць Парфірыя Зямнова, Аляксея Палешчука, Веру Пятрову, Валянціна Якубца, Святлану Карнілаву, Алену Бураву, Віктара Чарняка і іншых.

На службе –  тэхналогіі
Аддзяленне крочыць у нагу з часам. У рэжыме анлайн можна аплачваць з дапамогай АРІП дзяржпошліну за асноўныя працэдуры і дадатковыя паслугі. Па жаданні чалавеку з дапамогай паслугі «СМС-інфармаванне» паведамляецца і пра гатоўнасць дакументаў, якія сведчаць асобу.
АГіМ рыхтуецца да пераходу ад звыклых нам папяровых пашпартоў да біяметрычных і ID-картаў. І праца ўжо вядзецца. Выдзелена памяшканне, дзе ўстаноўлены стацыянарны комплекс па зборы біяметрычных даных і выдачы дакументаў, з дапамогай якога будзе ажыццяўляцца працэдура фатаграфавання, сканіравання і адпраўка інфармацыі ў Мінск. Да таго, будуць рабіць і адбітак пальцаў. Праведзена наладка абсталявання, навучаны спецыялісты.
– Сакрэт высокай працаздольнасці аддзялення па грамадзянстве і міграцыі – у кадрах. Яны з усёй адказнасцю адносяцца да справы, кампетэнтныя і старанныя. Аператыўна вырашаюць працоўныя задачы, улічваюць інтарэсы грамадзян, – такую ацэнку дае супрацоўнікам АГіМ начальнік РАУС Аляксей Трафімаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.