Дождж не змые ўсе сляды. «Веснікаўцы» сумесна з райЦГіЭ праманіторылі Ляхавічы на прадмет чысціні і парадку

Кантэйнерная пляцоўка каля дома па вул. Чкалава, 21а.

Мінулая зіма, у адрозненне ад папярэдняй, снегу не пашкадавала. І не толькі ўхутала азімыя тоўстым покрывам, але і на пэўны час схавала ад людскога вока ўсе хібы нядбайных гаспадароў: рэшткі мінулагодняга лісця, сметнікі і іншыя наступствы людской дзейнасці ці бяздзейнасці. Тэмпература стала плюсаваць, снег раставаць, і то тут, то там павылазілі «падснежнікі» беспарадку. На жаль, пасля зімы «расквецілі» яны і нашы Ляхавічы.

У другі дзень сакавіка «веснікаўцы» сумесна з памоч-нікам урача-гігіеніста райЦГіЭ Данутай Багдановіч праманіторылі райцэнтр на прадмет чысціні і парадку. Дарэчы, такі маніторынг спецыялісты райЦГіЭ традыцыйна праводзяць напярэдадні веснавога месячніка добраўпарадкавання.
Мінулай восенню ўрачыста адзначылі наваселле жыльцы шматкватэрнага дома па вуліцы Чкалава, 21а. Не прайшло і паўгода пасля ўводу дома ў эксплуатацыю, а на пляцоўцы, дзе павінны быць кантэйнеры для збору смецця (па інфармацыі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, яны не ўстаноўлены, бо жыльцы дома да гэтай пары не заключылі дагаворы з камунгасам), сапраўдная звалка. Хтосьці, не чакаючы смеццявоза, проста выкідвае сюды бытавыя адходы, хтосьці грузіць мяхі… Ды і будаўнікі, па словах Дануты Багдановіч, павялі сябе не па-гаспадарску: пакінулі рэшткі будаўнічага матэрыялу і не знайшлі часу, каб усё прыбраць і вывезці.
Амаль аналагічная карціна і каля дома па вуліцы Юбілейнай, 4 – каля смет-ніцы раскіданы бытавыя адходы, суцэльны бардак і на мясцовай не так даўно ўладкаванай кантэйнернай пляцоўцы. Зносяць туды ўсё непатрэбнае не толькі жыльцы гэтага дома, але і суседніх, выкідваюць пакетамі смецце і з праязджаючых машын. Вось такія мы «гаспадары»… За домам па вуліцы Леніна, 46б каля дзіцячага садка № 2 – дыванок з акуркаў, хапае такога ж «дабра» і каля суседняга дома № 46а. Відавочна, што кураць на балконах ці ў кватэрах і праз акно выкідваюць акуркі. Канешне, камунальнікі прыбяруць, але ці застанецца тут чыста надоўга?
Зазірнулі і на прыпынкі гарадскога грамадскага транспарту, што знаходзяцца на балансе Ляхавіцкай ЖКГ. На большасці з іх чыста і прыбрана, але знайшліся і выключэнні: прыпынкі па вуліцы Чкалава і каля стадыёна «Колас» чысцінёй не парадавалі. Расталы снег адкрыў брудную перадрыначную плошчу. Вердыкт адназначны: тут даўно не прыбіралі. Шмат смецця, няўтульна і паміж будынкам, дзе размяшчалася кафэ «Алеся» (як, між іншым, і пры ўваходзе ў яго – сметнікі перапоўнены) і магазінам «ОМА». Вышэйпералічаныя тэрыторыі – зона адказнасці райпо.
У парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча ладзяцца не толькі разнастайныя мера-прыемствы, аблюбавалі гэта месца дзеці і дарослыя пасля таго, як тут усталявалі дзіцячую спартыўную пляцоўку. Ужо колькі часу прайшло, як спілавалі-зрэзалі тут з многіх дрэў галіны, але так пакуль і не прыбралі іх… Падобны «пейзаж» можна ўбачыць і насупраць гарадскіх праваслаўных могілак – дрэвы зрэзалі, а галлё ўсё яшчэ ляжыць…
Што ж, землякі, давайце пачнём кожны з сябе, свайго дома, свайго прысядзібнага ўчастка ці дваровай тэрыторыі і навядзём парадак. Вясновы дождж беспарадак не змые.

Галіна КАНЬКО.