Нашы жанчыны могуць усё. У мажорным ладзе

Сучасная жанчына – яна, як герой  з фантастычнага баевіка, толькі з прыстаўкай «звыш»: абаяльная, моцная і валодае куды большай колькасцю суперздольнасцяў.
Мамачка, жонка, дачушка, бабуля, свякроў, цешча, цётка, сястрычка, сяброўка, бізнес-лэдзі… Жыццёвых роляў у жанчыны шмат – усё з прыстаўкамі любімая і родная.

Яна садзіцца за руль аўтамабіля і мчыць не горш за шафёра-профі: паспець трэба многае.
У тым ліку, напрыклад, суправадзіць журналістаў па жніўных прыпынках, дзе чарговыя рэкорды паказваюць рупліўцы хлебнай нівы. Умовы, створаныя для працаўнікоў гаспадаркі, пытанні аховы працы, арганізацыя каманды для ўдзелу ў грамадскіх мерапрыемствах ці спартыўных спаборніцтвах – таксама кола яе клопатаў. Паспявае ўсё і ўсюды. Прычым, нягледзячы на шчыльны графік і хуткі жыццёвы рытм, робіць усё дакладна, своечасова, з уласцівымі ёй натхненнем і ўважлівасцю. За якую справу ні бярэцца намеснік дырэктара  ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка, абавязкова ўсё атрымаецца.

Яшчэ падчас практыкі ў калгасе «Беларусь», калі гараджанка-ляхавічанка Алена вучылася ў мясцовым саўгасе-тэхнікуме на заатэхнічным аддзяленні, колішні старшыня гаспадаркі Віталій Бусько заўважыў працавітую дзяўчыну, убачыў у ёй патэнцыял і прапанаваў работу. Так з 1993 года стартавала яе працоўная біяграфія ў адным з самых паспяховых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны. Вось ужо без малога тры дзесяцігоддзі месца працы адно – тутэйшая гаспадарка.
– Работы ніколі не баялася. Звязаўшы лёс з сельскай гаспадаркай, ведала: трэба будзе шмат працаваць. Пачынала з даяркі на ферме ў Сваятычах, потым перавялі на пасаду тэхніка-асемянатара. Сваю работу старалася выконваць так, каб не падводзіць іншых, – расказвае Алена Іванаўна.
Яна паспрабавала сябе нават у будаўнічай галіне: пасля дэкрэтнага водпуску 11 месяцаў шчыравала будаўнічым майстрам. З радасцю вярнулася да работы па спецыяльнасці.
Дзесяць гадоў у якасці заатэхніка-селекцыянера праляцелі непрыкметна. Бадай, самымі напружанымі сталі 13 гадоў, калі ўзначальвала комплекс па адкорме БРЖ. Тры гады назад Алену Навалочка прызначылі намеснікам дырэктара «Жарабковічаў».
– Алена Іванаўна, адназначна, чалавек на сваім месцы. Адказная, граматны спецыяліст, патрабавальны кіраўнік, мэтанакіраваная, умее знайсці падыход да чалавека. Яе паважаюць у калектыве, – канстатуе дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты.
–У кожнай рабоце галоўнае – жаданне працаваць, а не проста адбываць час. Не важна, якую пасаду займаеш, важна выконваць свае абавязкі з душой. Што тычыцца работы кіраўніка, то, канешне, неабходна быць і патрабавальным, і ўважлівым да кожнага, умець чуць і слухаць, – адзначае Алена Навалочка.
Гэта, як гаворыцца, адзін бок жыцця – прафесійны. Канешне, ёсць і другі, не менш, а, магчыма, і больш важны. Алена Іванаў-
на – любімая і любячая жонка, клапатлівая і ласкавая маці, уважлівая і добрая свякроў і самая лепшая на свеце бабуля для маленькага Глебушкі. Яна стараецца стварыць добразычлівую і шчырую атмасферу ў доме, каб блізкім і родным было камфортна і ўтульна.
Прыгожая жанчына ва ўсім цэніць прыгажосць. Алена Навалочка захапляецца кветкамі, яе прысядзібны ўчастак нагадвае кветкавы дыван, дзе самыя любімыя – астры. А яшчэ яна з задавальненнем чытае, захапляецца гісторыяй, асабліва эпохай Сярэднявечча. І гэта пры тым, што трымае вялікую гаспадарку. Як падкрэслівае Алена
Іванаўна, сама з усім не справілася б, калі б не муж, які ва ўсім дапамагае. Аляксей Навалочка – кіраўнік вытворчага ўчастка «Жарабковічаў», пры неабходнасці і слушную прафесійную параду дасць.
– Не бачу сваё жыццё іншым. Падабаецца справа, якой займаюся. У нас цудоўны калектыў, зладжаная каманда – кіраўніцтва і спецыялісты гаспадаркі. Ні на якое іншае месца не памяняю ўтульныя, сапраўды аграгарадскія Жарабковічы. Тут мая сям’я, тут жывуць добразычлівыя людзі – землякі. Люблю сваю краіну і бязмежна ганаруся ёю. Што яшчэ трэба для шчасця? – прызнаецца Алена Навалочка.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.