Бронза з філалагічным ухілам. У спісе дыпламантаў абласных алімпіяд гучаць і імёны ляхавічан

Сёлета дыпломы III ступені па рускай мове заваявалі дзве навучэнкі гарадскіх школ – гімназістка Паліна Татарыновіч (настаўнік Святлана Прастакевіч) і навучэнка СШ №2 Яна Маліхтаровіч (настаўнік Вераніка Кумейша).

Па словах дзевяцікласніцы Яны Маліхтаровіч, вывучаць паглыблена мову яна пачала з шостага класа.

– Вялікі дзякуй майму настаўніку Вераніцы Васільеўне. Гэта менавіта той чалавек, які навучыў мяне верыць у сябе і дабівацца добрага выніку. Ці чакала, што атрымаю месца? Дакладней будзе сказаць, не чакала, а імкнулася да добрага выніку. Напэўна, для таго, каб даказаць сабе самой, што я магу. Калі даведалася свае балы, але яшчэ не бачыла турнірную табліцу, то не думала, што ўвайду ў спіс дыпламантаў… Вельмі рада! Блізкія ганарацца мной і любымі маімі перамогамі. Яны разумеюць, што для мяне іх падтрымка многа значыць, – гаворыць Яна.

На вывучэнне мовы дзяўчынка адводзіць частку свайго вольнага часу. Таксама можа натрапіць на слова ў інтэрнэце і пашукаць яго лексічнае значэнне, граматычныя формы.

– Не думаю, што звяжу сваю прафесію з філалогіяй, для мяне вывучэнне моў – хобі. Мяне натхняюць людзі з вялікім слоўнікавым запасам і прыгожай мовай. Іх заўсёды хочацца слухаць, – гаворыць дзяўчынка.

Пра сваю падапечную Паліну Татарыновіч настаўнік рускай мовы і літаратуры Святлана Прастакевіч гаворыць так: неверагодна таленавітая і вельмі працавітая.

Любоў  да моў, можна сказаць, у Паліны ў крыві: бабуля Людміла Канстанцінаўна – настаўнік замежных моў, мама Іанэса Іванаўна – былы настаўнік рускай мовы і літаратуры.

– Яшчэ ў дзяцінстве мама прывіла  мне любоў да чытання і ўвогуле да кніг, а бабуля дарыла многа часопісаў. Літаратуру чытала заўсёды і вельмі шмат. А цікавасць да рускай мовы ў мяне з’явілася ў класе пятым-шостым. Проста зразумела, што мне гэта лёгка даецца і я магу больш, – гаворыць Паліна.

Акрамя вывучэння моў, Паліна актыўна займаецца спортам і многа
чытае.

– Бацькі  мной ганарацца, ад іх я заўсёды атрымліваю каласальную падтрымку, але больш за ўсіх была шчаслівая мая настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Канстанцінаўна. Яна ў мяне заўсёды верыла, за што я ёй вельмі ўдзячна, – гаворыць Паліна Татарыновіч.

Ірына КУЗЬМІЧ.