Экалогія натхняе. У Ляхавічах падвялі вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку

У мінулую пятніцу ў райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвялі вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку.

Маленькія ляхавічане на суд журы прадставілі 44 работы ў дзвюх узроставых групах: ад 3 да 5 гадоў і ад 6 да 10 гадоў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі ўключылі фантазію, але і ў сваіх малюнках паднялі актуальныя экалагічныя пытанні: забруджванне навакольнага асяроддзя, паасобны збор смецця, знікненне рэдкіх відаў жывёл і раслін.

– Хацелася б падзякаваць усім рабятам, якія прынялі ўдзел у конкурсе. Вельмі прыемна, што самыя юныя жыхары нашага раёна ўжо з такога ўзросту не пакідаюць без увагі пытанні экалогіі, – гаворыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.

Пасля доўгіх абмеркаванняў журы размеркавала месцы наступным чынам. Ва ўзроставай катэгорыі ад 3 да 5 гадоў першае месца ў Ксеніі Пікініч з Начаўскага дзіцячага сада. Другое – у Глеба Казука з Русінавіцкага дзіцячага сада. Трэцяе месца паміж сабой падзялілі Злата Якуновіч з Падлескага ВПК «дзіцячы сад – базавая школа» і Катажына Савіцкая з дзіцячага садка № 3.

Ва ўзроставай катэгорыі ад 6 да 10 гадоў першае месца ў выхаванцаў Малагарадзішчанскага ВПК Станіслава Сакуця і Эльвіры Апанасік. Другое месца заняў Міхаіл Паўлоўскі з Начаўскай СШ, трэцімі сталі Цімафей Зайко з Тухавіцкай СШ і Яўгеній Татарыновіч з гімназіі.

Лепшыя работы будуць прадстаўляць раён на абласным этапе конкурсу.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.