Кветкавы камплімент. У Ляхавічах у Доме культуры гучалі сардэчныя віншаванні і пранікнёныя прызнанні жанчынам

Пэўна, сёння няма такой галіны дзейнасці, дзе б не вызначыліся прадстаўніцы прыгожага полу. Нашы зямлячкі адказна нясуць службу ва Узброеных Сілах і праваахоўных органах, майстарскі водзяць машыну, узнімаюцца на спартыўныя і творчыя прыступкі, займаюць кіруючыя пасады і стараюцца ні на крок не саступаць мужчынам.
А яшчэ яны добрыя гаспадыні і маці. Напярэдадні Дня жанчын у гарадскім Доме культуры для іх – абаяльных і энергічных, усмешлівых і сур’ёзных – гучалі сардэчныя віншаванні і пранікнёныя прызнанні.

Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса пажадаў зямлячкам здароўя і дабрабыту, адзначыў вялікую ролю жанчын у захаванні беларускіх каштоўнасцяў і традыцый.
Не падлічыць, колькі ў адрас галоўных гераінь свята ў сакавіцкі дзень сказана кампліментаў, выказана ўдзячных словаў за паспяховую прафесійную дзейнасць і выхаванне дзяцей.
Калектывы мастацкай самадзейнасці раёна і юныя ляхавічане ад душы спявалі, танцавалі і жартавалі. Канцэрт атрымаўся па-вясенняму лёгкім і цёплым, падарыў шмат  радасных і прыемных імгненняў.
Для ляхавічанак і гасцей райцэнтра ў фае разгарнуўся сапраўдны гарадок майстроў, дзе можна было зрабіць прычоску, навучыцца сваімі рукамі ствараць падарункі, засэлфіць сяброў у фотазоне і многае іншае. БРСМ вітаў зямлячак цукеркамі з міні-паштоўкамі.
Усім жанчынам у зале – кветкі ад раённай улады.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА,