Клуб ветэранаў вайны і працы «Сівізна» створаны пры Ляхавіцкім раённым метадычным цэнтры аддзела культуры

Для іх кожная рэпетыцыя — асаблівы вечар, кожная сустрэча — чаканая, кожнае выступленне — маленькае свята. Народны клуб ветэранаў вайны і працы «Сівізна», створаны пры раённым метадычным цэнтры аддзела культуры, для яго ўдзельнікаў — другі дом, дзе яны разам не толькі развучваюць новыя песні, складаюць рэпертуар, але, як гаворыцца, адводзяць душу ад дамашніх клопатаў, вырашаюць праблемы, падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць і падбадзёрваюць словам і справай — жывуць вялікай дружнай сям’ёй і заўсёды рады гасцям.
«Сівізна» для мяне — важная частка жыцця, якое я цяпер і не ўяўляю без сваіх сяброў. Сюды сапраўды ляціш, як на крылах, — пры любым надвор’і і пры любым самаадчуванні, — гаворыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Федар Лойка.
Фёдар Фёдаравіч разам з Аленай Анушкевіч і Клаўдзіяй Здановіч у калектыве з моманту яго заснавання — з 1990 года. Па-ранейшаму яны складаюць касцяк клуба, у які цяпер уваходзяць 26 нашых землякоў — ветэранаў вайны і працы.

Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам раёна.

На рэпетыцыі ці сустрэчы ідзеш з радасцю, што зноў убачыш знаёмыя твары сяброў, якія паспелі стаць бліжэй, чым родныя. Для нас вельмі важна адчуваць сябе патрэбнымі. А яшчэ так хочацца быць пачутым, — разважае Клаўдзія Здановіч. Яна, дарэчы, да выхаду на заслужаны адпачынак настаўнічала ў СШ № 2 разам з Аленай Анушкевіч, разам і ў клуб прыйшлі.
Не толькі канцэртамі і іх падрыхтоўкай жыве клуб. «Сівізна» — жаданы госць на разнастайных мерапрыемствах, якія ладзяцца не толькі на Ляхавіччыне, але і за межамі нашага раёна. Папулярныя традыцыйныя калядныя і велікодныя сустрэчы з землякамі, якія па волі лёсу сталі пацыентамі аддзялення сястрынскага догляду Крывошынскай участковай бальніцы.
Як адказна і шчыра ўдзельнікі клуба рыхтуюцца да падобных візітаў! Трэба бачыць, каб адчуць, у якой шчымлівай атмасферы праходзіць кожная, без перабольшвання можна сказаць, сяброўская сустрэча. Мы ж не проста прывозім пачастункі, віншуем, але песнямі, гумарэскамі, прыпеўкамі хоць на імгненне робім жыццё пакрыўджаных лёсам людзей крыху шчаслівейшым і больш радасным. Там мы не ў гасцях, а сярод сваіх сяброў, — гаворыць нязменны мастацкі кіраўнік клуба Жанна Абрамовіч.
Выхаванне падрастаючага пакалення ў традыцыях патрыятызму і духоўнасці — яшчэ адзін накірунак дзейнасці клуба. Уласным прыкладам, адносінамі да іншых і паміж сабой, гатоўнасцю пры любым раскладзе прыйсці на дапамогу яны паказваюць сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам, як трэба любіць сваю Радзіму, шанаваць блізкіх, паважаць старэйшых. А яшчэ — вучаць разумнаму, добраму, вечнаму. Цёплыя сяброўскія адносіны склаліся ў «Сівізны» з навучэнцамі і выкладчыкамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, вучнямі і настаўнікамі гарадскіх школ. Пры сустрэчах нават не адчуваецца розніца ва ўзросце: ім цікава, добра і спакойна разам. Удзельнікі клуба ўпэўнены, што спыніць час — гэта рэальна, і дакладна ведаюць, як гэта рабіць. Лепшае пацвярджэнне таму — яны самі.

На сцэне «Сівізна».

Хаця сярод нас і тыя, каму толькі споўнілася 60 гадоў, і тыя, каму ўжо за 80, — мы маладыя душой, і сакрэт гэтай маладосці ў аптымізме, працавітасці і веры. Галоўнае — жыць па сумленні, — пераканана адна са старажылаў калектыву, былы выкладчык ЛДАКа Ганна Вайшэвіч.
10 гадоў сярод актыўных удзельнікаў клуба і Уладзімір Якавец, якога калегі выбралі сваім важаком. Уладзімір Рыгоравіч вучыўся і працаваў у Маскве, прычым займаў адказныя пасады кіраўніка розных арганізацый і ведамстваў. Гэта вельмі сціплы і ў той жа час з актыўнай жыццёвай пазіцыяй чалавек. Паспявае і дома ўсё парабіць (вінаграднік яго, нібы на поўдні, — якіх толькі сартоў ні вырошчвае), і ў «Сівізне» ідэямі радуе.
Неяк, яшчэ да выхаду на пенсію, давялося па рабоце пабываць у Беларусі, спадабалася Ляхавіччына, пераехаў сюды з сям’ёй, вось ужо больш як 10 гадоў ваш зямляк. Я ўлюбёны ў Беларусь, — гаворыць Уладзімір Рыгоравіч.
«Сівізна» любіць падарожнічаць і ўласнымі сіламі ствараць свята для сябе і тых, хто побач. У гэтым удзельнікі клуба сапраўдныя майстры: кожны раз прыдумваюць нешта новае, арыгінальнае: то паход, то экскурсію, то сустрэчу з цікавым суразмоўцам, то пасядзелкі, то дні імянінніка ці заняткі ў спартыўным клубе «Аптыміст»…
Мы вельмі ўдзячны аддзелу адукацыі за цеснае супрацоўніцтва і падтрымку. Нам ніколі не адмовілі выдзеліць транспарт для экскурсійных паездак. Дзякуючы гэтаму пабывалі ў Нясвіжы, Мірскім замку, Мінску, абавязкова штогод летам выязджаем на адпачынак на Свіцязь, — расказвае Жанна Абрамовіч.
Жыццё ў «Сівізне» віруе. Напярэдадні Свята працы з удзельнікамі клуба сустрэўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, устаноў і арганізацый. Атмасфера адразу склалася святочна-добразычлівая, а тэм для размовы было нямала.
Дзмітрый Бурдук падкрэсліў, што клопат і падтрымка пажылых — адзін з асноўных накірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы, узгадаўшы вядомае: будучыня ёсць у той краіны, якая клапоціцца пра малых і старых. Ён расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, падрыхтоўку да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013».
Галоўны спецыяліст па аздараўленні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Ніна Плескацэвіч растлумачыла парадак атрымання пуцёвак у санаторыі і прафілакторыі. Нагадала, што ў летні перыяд аплачваецца ад 20 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, у зімовы — ад 15 працэнтаў. Дарэчы, сёлета ў першым квартале 7 ветэранаў паправілі сваё здароўе і адпачылі ў здраўніцах, а ў другім яшчэ 8 сталых землякоў зробяць гэта.
Банкаўскія прапановы прэзентавала вядучы спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №117 ААТ «Беларусбанк» Наталля Грыгаровіч.
Удзельнікі «Сівізны» цікавіліся ў кіраўніцтва раёна, якія рамонтныя работы будуць выкананы ў горадзе ў бліжэйшы час, называліся і канкрэтныя адрасы. Уздымаліся пытанні медыцынскага абслугоўвання, набыцця новых касцюмаў для удзельнікаў «Сівізны» і іншыя. Усе звароты кіраўнік раёна паабяцаў разгледзець, іх вырашэнне трымаць пад кантролем.
І якая ж «Сівізна» без песні! Прыгожа і натхнёна спяваў калектыў. А літаральна днямі ў СШ № 1 удзельнікі клуба правялі вечар «Памяць», прымеркаваны да Дня Перамогі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *