Прыпынак патрабуе марафету. Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сумесна з супрацоўнікамі землеўпарадкавальнай службы Ляхавіцкага райвыканкама правялі маніторынг

Санітарны стан прыдарожных палосаў, прыпыначных пунктаў стаў асноўнай тэмай маніторынгу, які на мінулым тыдні правялі спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сумесна з супрацоўнікамі землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.
У зоне ўвагі рэйдавай групы – аўтадарогі Р-4, Р-43 з тэрыторыямі зон часовага адпачынку каля вёскі Бярэзкі і рэчкі Ліпнянкі. Названыя аб’екты знаходзяцца на балансе ДЭУ-23 (г. Івацэвічы).
– Падчас маніторынгу ўстаноўлены шэраг парушэнняў патрабаванняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Так, на кантэйнерных пляцоўках зон часовага адпачынку нямала смецця. Ды і самі кантэйнеры і сметніцы дэфармаваны, іржавыя і нават прагнілыя. Акрамя таго, тры кантэйнеры знаходзяцца ў неўстаноўленых месцах –
не на спецыяльных пляцоўках. Несвоечасова праводзіцца ўборка і ў надворных прыбіральнях. Ёсць і іншыя прэтэнзіі да іх утрымання, – расказвае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Прыдарожныя палосы і зоны адпачынку – пад пастаянным кантролем санітарнай службы. Данута Багдановіч адзначае, што апошнім часам да дарожнікоў змяншаецца колькасць пытанняў па добраўпарадкаванні. Сярод станоўчых момантаў адзначаецца амаль поўная адсутнасць несанкцыянаваных сметнікаў на прыдарожных палосах, рэгулярна праводзіцца абкошванне. А вось перапоўненыя сметніцы і непрыбраныя прыпыначныя пункты рэйсавых аўтобусаў па-ранейшаму маюць месца. Рэгіструюцца і недапрацоўкі накшталт несвоечасовага рамонту на аўтадарозе Баранавічы – Ляхавічы, якая знаходзіцца  на балансе ДЭУ-24.
Па выніках маніторынгу адрасаваны рэкамендацыі кіраўніцтву ДЭУ-23
РУП «Брэстаўтадар». Накіравана хадайніцтва аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых службовых асоб.
Дарэчы, на Брэстчыне пачаўся традыцыйны вясновы месячнік добраўпарадкавання.

Галіна КАНЬКО.