Паездка з дазволам. Супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС у мінулую пятніцу і выхадныя зноў кантралявалі дарогі раёна

Супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС у мінулую пятніцу і выхадныя зноў кантралявалі дарогі раёна. Мэта – забеспячэнне бяспечных умоў руху.

12 сакавіка дзяжурства праходзіла на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета. У зоне ўвагі не толькі вадзіцелі, але і пешаходы. На апошніх было складзена шэсць пратаколаў за парушэнне ПДР. Прыцягнута да адказнасці і службовая асоба, якая дапусціла ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку без спецыяльнага допуску.
На наступны дзень супрацоўнікі АДАІ ў 7 гадзін раніцы выехалі на дарогі Навасёлкаўскага сельсавета. Да 15 гадзін выявілі восем парушэнняў ПДР, з якіх чатыры на рахунку пешаходаў, адзін з іх знаходзіўся ў нецвярозым стане. Два вадзіцелі не былі прышпілены рамянямі бяспекі.
У нядзелю на чарзе былі праезныя часткі Ганчароўскага сельсавета. Адно парушэнне ПДР датычыла адсутнасці допуску транспартнага сродку на ўдзел у дарожным руху, два вадзіцелі не прышпіліліся рамянём бяспекі.
У ліку прыцягнутых да адказнасці і два пешаходы.
У Ляхавічах таксама не абышлося без парушэнняў. Днём 14 сакавіка на вуліцы Арлоўскага вадзіцель аўтамабіля «Хундай» на пешаходным пераходзе ажыццявіў манеўр абгону і выехаў на паласу сустрэчнага руху. За рулём знаходзіўся жыхар Нясвіжскага раёна. У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях яму пагражае пакаранне – пазбаўленне правоў ад трох месяцаў да года ці штраф ад дзвюх да дзесяці БВ.
Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.