Хатынь і яе незабытыя сёстры. 9200 беларускіх вёсак спалілі фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з іх 479 – на Брэстчыне, 13 – у Ляхавіцкім раёне

Навучэнцы СШ №2 г. Ляхавічы

У памяці няма тэрміну даўнасці. І хоць адступае з гадамі гора, аднак мы не можам, не маем права забыць тое, што здарылася больш за амаль восем дзесяцігоддзяў назад у Хатыні, Дальве, Борках… Даўно адбудаваны руіны Вялікай Айчыннай. Каля брацкіх магіл і мемарыялаў растуць кветкі. Навокал віруе мірнае жыццё. Нашчадкі герояў ведаюць пра жахі вайны са старонак кніг і архіўных дакументаў, кінафільмаў і расказаў удзельнікаў тых падзей. Але па-ранейшаму звіняць, б’юць у набат званы Хатыні, якія нагадваюць усяму свету, як адзіны савецкі народ здабыў Вялікую Перамогу, якая каштавала дзясяткі мільёнаў жыццяў…

Няхай і не такое гарачае, як летняе, сакавіцкае сонейка ў 1943 годзе іскрыстымі промнямі раз-пораз асвятляла наваколле. Крышку пацяплела на душах тутэйшых жыхароў, якія за цяжкія гады фашысцкай акупацыі развучыліся радавацца і ўсміхацца. Але прайшло ўсяго некалькі дзён, і чорная хмара, ахутаная дымам і пахам гару захапіла ў палон, накрыла схаваную паміж лясоў палескую вёсачку. 11 сакавіка  1943 года гітлераўцы дашчэнту спалілі Свяціцу.

Свяціца баявая, партызанская
З першых дзён Вялікай Айчыннай на фронт пайшлі мясцовыя мужчыны, каб дапамагчы як мага хутчэй разбіць ворага. Многія так і не вярнуліся дамоў, знайшлі вечны спакой у чужой зямлі. Але і мірныя жыхары не засталіся ў баку ад барацьбы з ненавісным ворагам.
З успамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыя БУЙКЕВІЧА: «Фронт хутка набліжаўся. Спачатку непадалёку ў Крывошыне стаяў фашысцкі гарнізон, затым карнікі з’явіліся ў Залужжы. А ў Свяціцы за лета 1941 года акупанты так і не паказаліся. Але чуткі і расказы відавочцаў пра зверствы захопнікаў парушылі бачны спакой. А вось свае, так мы называлі байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і сталі партызанамі, іншы раз наведваліся ў вёску. Свяцічане дзяліліся з народнымі мсціўцамі ежай, адзеннем, абуткам, даставалі для іх медыкаменты. Потым часта,
але толькі днём, гітлераўцы на машынах прыязджалі ў вёску, здзекаваліся з людзей, рабавалі. Было не толькі страшна, але і агідна,
балюча ад таго, што на сваёй роднай зямлі трэба цярпець такія пакуты і абразы» (з архіва «ЛВ»).
Свяціца стала партызанкай – мужнай, баявой, не скоранай ворагу. Менавіта за гэта і дапамогу народным мсціўцам гітлераўцы і хацелі расправіцца з вёскай і яе жыхарамі. Першы раз карнікі спрабавалі спаліць Свяціцу ў студзені – лютым 1943 года.
Вось што расказвала мясцовая жыхарка Таццяна Русакевіч: «Партызаны папярэдзілі, што фашысты збіраюцца спаліць вёску, кажуць, што Свяціца, бандыцкае гняздо. У тую страшную ноч мы не спалі і калі пачулі крык дзевера Міхаіла: «Немцы!», хуценька кінуліся з хаты наўцёкі. А ў мяне трое дзяцей, самы малодшы Ромка – яшчэ грудны, прывязала яго ў хустцы да грудзей, так і насіла. Толькі мы на вазах кінуліся да лесу, як насустрач таксама на вазах – людзі ў белым адзенні. Адразу падумалі, што партызаны прыехалі нам на дапамогу. Аказалася – карнікі. Пачалася стральба, яны стралялі па дзецях, жанчынах, не шкадуючы нікога. Мы пападалі ў снег. Немцы падышлі, тыкалі стрэльбамі, патрабавалі, каб мы падымаліся. Сястру маю тады забілі, а мяне паранілі ў галаву… Затым разам з іншымі прыгналі ў хату да Рамана Курловіча, зноў білі, потым паставілі да сцяны васьмёра дарослых і пяцёра дзетак, насупраць каля дзвярэй – немец з кулямётам. Раптам у хату «ўляцеў» іх афіцэр і забараніў расстрэльваць. Тады большасць свяцічан, у тым ліку і наша сям’я, перабралася ў навакольны лес. З хваёвых  галін зрабілі буданы, так і жылі…» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
І зноў словы Дзмітрыя Буйкевіча: «Зіма 1943 года была вельмі сцюдзёнай – маразы, завеі. Цёплага адзення амаль не засталося – у чым выбеглі з хаты, у тым і хадзілі. Смялейшыя і маладзейшыя іншы раз бегалі ў вёску, каб хоць бульбы з капцоў дастаць. Сам такім чынам неаднойчы ў Свяціцу наведваўся. Канешне, рызыкаваў. А што зробіш, трэба было нейкім чынам выжываць…» (з архіва «ЛВ»).
Нягледзячы ні на што, Свяціца жыла, няхай не ў вёсцы – у лесе, у нечалавечых умовах, – але жыла! І зноў, чым магла, дапамагала партызанам, а яны ёй.

Вогненны  сакавіцкі дзень
Тым часам трагедыя Свяціцы набліжалася да жудаснай развязкі. Дата 11.03.1943 года стала чорным днём не толькі для тых, хто тады жыў тут, але і для іх нашчадкаў.
З успамінаў Таццяны Курловіч: «Убачылі, што немцы ідуць на наш востраў, разбягаліся хто куды. Фашысты лавілі, моцна білі матчыну сястру Вольгу, якая была цяжарнай. Мы кінуліся бегчы глыбей у лес. У мамы зусім не было сіл, яна ледзьве паўзла. Брацік Юлік, якому было 8 гадоў, поўз апошнім і рукою снег замятаў, каб вылюдкі нас не знайшлі. Так і ўратаваліся. Добра, што не было сабак. Вярнуліся пасля ў вёску –
усё начыста спалена, і наша гаспадарка таксама. Як жыць?»
(з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
Некаторых свяцічан азвярэлыя фашысты схапілі і спалілі ў суседнім Залужжы ў гэты ж дзень – жывымі ў агонь… Ганну Буйкевіч, Івана Буйкевіча, Канстанціна Буйкевіча, Кацярыну Буйкевіч, Вольгу Курловіч, Марыю Курловіч, Рыгора Курловіча, Піліпа Курловіча… У той страшны дзень ад вёскі засталіся коміны, вуголле і могілкі. Але тыя, каму пашчасціла выжыць, не скарыліся, не зламаліся. На месцы спаленых хатаў выкапалі зямлянкі.

Паўтарылі вогненны лёс  Свяціцы
Свяціца – не адзіная вёска на Ляхавіччыне, якой карнікі наканавалі лёс быць знішчанымі ў агні. Не толькі вобраз Хатыні, але і спаленыя фашыстамі вёскі Ляхавіцкага раёна сталі зборным вобразам Калядзічаў, сведкам расправы над жыхарамі якой стаў Іван Варанецкі, галоўны герой фільма «Час выбраў нас», знятага ў 1979 годзе нашым земляком, сусветна вядомым рэжысёрам Міхаілам Пташуком.
…Напачатку вайны спалілі вёску Марынова, было забіта тры тутэйшыя жыхары. Двойчы вогненнае полымя ахоплівала Рагачы: у сакавіку 1943 года і ў чэрвені 1944 года. 60 чалавек загінулых, агнём знішчана каля сотні дамоў – гэта пра Навасёлкі (цяперашні Крывошынскі сельсавет) напрыканцы сакавіка
1944 года. Усяго адзін радок, і колькі за ім гора: 12 мужчын і жанчын забітыя,35 дамоў згарэлі. Такі жудасны след пакінулі пасля сябе фашысты ў ліпені 1944 года ў Пірштуках. Цяпер назва «Ведзьма» ў нас асацыюецца толькі з гарадской ракой, а калісьці была і такая вёска. Яна гарэла напачатку ліпеня 1944 года, як, дарэчы, і Набярэжная (калісьці Вонькі). Яны старонкі той жудаснай вайны, радкі ў абвінаваўчым прыгаворы фашызму.

Памяць жыве
Прайшлі гады, але трагедыя спаленых вёсак не дае нам права забываць. Гэта ёй, сваёй Свяціцы, дзе настаўнічала, дзе разам з мужам Уладзімірам Шыловічам стварала музей «Партызанская слава», па крупінках збірала матэрыялы, дзе сёння жыве і творыць, прысвяціла такія ўзнёслыя, такія чулыя радкі паэтка Вера Дыдышка:
Кат фашысцкі напіцца крыві
захацеў,
Ад людзей засталіся каб цені,
А Свяціца ўзнялася праз
дзясяткі смярцей
І не стала яна на калені.

Вёсачка сапраўды адрадзілася, ажыла, заквітнела. Усё дзякуючы працавітым, шчырым, таленавітым тутэйшым жыхарам. Пра іх так хораша сказала зямлячка Кацярына Буйкевіч: «Мілая, любая сэрцу Свяціца! Ты заўжды будзеш свяціць яркай зорачкай кожнаму свайму жыхару, кожнаму чалавеку, які хоць раз пабываў у гэтым амаль некранутым куточку прыроды. Якая дзівосная тут прырода, якія працавітыя, добрыя людзі! Непаўторны водар балот, рэдкіх зёлак. Усё гэта неабходна захаваць для тых, хто прыйдзе пасля нас» (з архіва «ЛВ»).

Сёстры Хатыні. Больш за дзевяць тысяч беларускіх вёсача – малых і вялікіх, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарылі яе шматпакутны лёс. Слёзы міжвольна напаўняюць вочы, у горле ком, сэрца сціскаецца ад болю, калі толькі ступаеш на шэрыя, у колер попелу жалезабетонныя пліты, якімі выкладзена колішняя хатынская вуліца.
На месцы дамоў – 26 сімвалічных бетонных зрубаў і столькі ж абеліскаў, якія нагадваюць трубы печаў, абпаленых агнём.

Вось ужо 78 гадоў на картах Беларусі няма населенага пункта пад назвай Хатынь. Нібы знак памяці, смутку, напамін пра загінулых у гады ваеннага ліхалецця мірных жыхароў на месцы былой вёскі размясціўся мемарыяльны комплекс, на тэрыторыі якога адзіныя ў свеце Могілкі вёсак – 185 сімвалічных магіл, кожная з якіх нагадвае пра адну са спаленых фашыстамі і іх памагатымі-паліцаямі, так і не адноўленых беларускіх вёсак.
22 сакавіка 1943 года Хатынь і яе 149 жыхароў, у тым ліку 75 дзяцей, зажыва згарэлі ў агні.

9200 беларускіх вёсак спалілі фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з іх 479 – на Брэстчыне, 13 – у Ляхавіцкім раёне. Рэспубліканская акцыя ў памяць пра ахвяраў спаленых вёсак праходзіць гэтымі днямі ў нашай краіне

Галіна КАНЬКО.

На фота навучэнцы СШ №2