Не «нарвацца» на штраф. Чаму нельга рваць першацветы

З пачаткам вясновага сезона браканьеры пачынаюць сваё – кветкавае – паляванне. Пад іх прыцэлам аказваюцца першацветы – вестуны вясны. 

З-за бестурботнасці людзей многія з гэтых раслін зараз занесены на старонкі Чырвонай кнігі. Іх збор забаронены і караецца штрафам у памеры ад 20 да 30 базавых велічынь.

У спісе ахоўных – ветраніца лясная, пярэсна еўрапейская, сон лугавы, сон раскрыты, раўнаплоднік пылюшнікавы, фіялка багнавая, цыбуля мядзведжая (чарамша).

– Масавы збор першацветаў падрывае колькасць іх папуляцый і здольнасць да вегетацыі. Не варта рваць рэдкія веснавыя кветкі на букеты, лепш палюбавацца імі ў прыродзе, захоўваючы прыгажосць для будучых пакаленняў, – гаворыць галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч.

Таксама Ляхавіцкая райінспекцыя нагадвае: у адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», самавольныя выемка і перасадка дзікарослых раслін, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, з асяроддзя іх вырастання, іх незаконны абарот, а таксама выдаленне і ажыццяўленне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя іх вырастання, забараняюцца. Гэта не распаўсюджваецца на культываваныя расліны, якія адносяцца да рэдкіх або відаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

З сярэдзіны красавіка да канца мая на рынках можна сустрэць свежую чарамшу – зеляніну, якая падобна на ландыш і па смаку нагадвае такі знаёмы гаспадыням часнок. Аднак не ўсе ведаюць, што чарамша або цыбуля мядзведжая – рэдкая расліна і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Рэдкай яна стала з-за варварскага знішчэння людзьмі.

– Мы заклікаем грамадзян выконваць патрабаванні, якія забараняюць збор і продаж мядзведжай цыбулі. Не трэба стымуляваць яе збор пакупкай. Варта адзначыць, што чарамша добра размнажаецца самасевам, непатрабавальная і можа вырошчвацца грамадзянамі на прысядзібных і дачных участках, – рэзюмаваў Аляксандр Курловіч.

Ірына КУЗЬМІЧ.