Да даўгалецця – бягом! У Ляхавіцкай СДЮШАР прайшло спартыўнае мерапрыемства «Актыўнае даўгалецце»

У мінулую суботу ў зале Ляхавіцкай СДЮШАР прайшло спартыўнае мерапрыемства «Актыўнае даўгалецце». Яго ўдзельнікамі сталі ляхавічане шаноўнага ўзросту: каманда ветэранаў працы «Надзея» і каманда наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ляхавіцкага ТЦСАН «Банда».

Ім трэба было справіцца з шэрагам конкурсаў: рашыць прыклады ў «Спартыўнай матэматыцы», паказаць сваю спрытнасць у конкурсе «Вясёлыя хакеісты», сабраць прыказкі і прымаўкі пра спорт і здаровы лад жыцця і іншыя.

– Гэтую суботнюю раніцу вы маглі правесці дома, каля тэлевізара, займаючыся хатнімі справамі. Але вы вырашылі правесці яе актыўна. Вы выдатны прыклад таго, што ў любым узросце трэба заставацца спартыўнымі і пазітыўнымі, – звярнулася да каманд загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і член журы мерапрыемства Кацярына Жукоўская.

Кожны спартсмен выкладваўся на поўную, журы так і не змагло вызначыць, хто стаў лепшым. У выніку перамагла дружба. Усе ўдзельнікі атрымалі салодкія прэзенты.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.