Вакансія плюс садзейнічанне. Для арганізацыі прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці ў мінулым годзе тром беспрацоўным у сельскай мясцовасці выдзелены субсідыі

Напрыканцы 2020 года зацверджана Дзяржаўная праграма «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» на 2021 – 2025 гады. На яе рэалізацыю ў рэспубліцы плануецца накіраваць амаль 221,7 мільёна рублёў. У праграме, у тым ліку, прадугледжваецца паляпшэнне ўмоў і аховы працы, прадаўжэнне практыкі правядзення кірмашоў вакансій, у тым ліку і электронных, дапамога беспрацоўным, напрыклад, у адкрыцці бізнесу, заняцці рамеснай дзейнасцю, аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму. Згодна  з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на бягучую пяцігодку, палітыка ў сферы занятасці будзе накіравана на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўнага патэнцыялу. Задача дзяржавы – забяспечыць кожнага працаздольнага чалавека працоўным месцам.

У нашым раёне ўзровень беспрацоўя склаў 0,2 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва. Сёлета на 1 студзеня на ўліку ў службе занятасці знаходзіліся 24 чалавекі, 11 з беспрацоўных – гараджане.
За мінулы год ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнуліся 289 чалавек, з іх 137 атрымалі статус беспрацоўнага. Што ён дае? Па-першае, выплату дапамогі па беспрацоўі, па-другое, садзейнічанне ў працаўладкаванні  шляхам падбору вакансіі і выдачы накіравання на працу. Калі вакансіі адсутнічаюць, прапануюцца прафесійная перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і г. д. Пры садзейнічанні службы занятасці летась працаўладкаваны 237 чалавек. На прафесійнае навучанне накіраваны чатыры чалавекі, з якіх тры – пад гарантыю абавязковага працаўладкавання. Так, напрыклад, ляхавічанка навучалася на аператара кацельні і ўжо каторы час працуе па спецыяльнасці ў Брэсце. Яе навучанне, дарэчы, абышлося бюджэту амаль у  300 рублёў плюс выдаткі на стыпендыю. Яшчэ адна зямлячка вучылася па накіраванні службы занятасці на візажыста і майстра па манікюры. Адукацыя каштавала больш за 545 рублёў плюс стыпендыя, аплачвалася і месца пражывання.
Калі чалавек не можа знайсці працу па спецыяльнасці ці мае працяглы перапынак у стажы, служба занятасці можа навучыць яго па запатрабаваных на рынку прафесіях.

Рамеснік Юлія Шумейка


Наогул, у раёне летась на садзейнічанне занятасці насельніцтву накіравана каля 51 тысячы рублёў.
Папулярная форма садзейнічання ў працаўладкаванні – кірмашы вакансій. У час неспрыяльнай эпідсітуацыі праводзяцца яны і ў электроннай форме.

Для арганізацыі прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці ў мінулым годзе тром беспрацоўным у сельскай мясцовасці выдзелены субсідыі. Памер кожнай – каля чатырох тысяч рублёў. Нашы землякі вырашылі паспрабаваць сілы ў розных сферах рамеснай дзейнасці па вырабе сувеніраў, прадпрымальніцкай дзейнасці, у галіне фатаграфіі, садзейнічанні раслінаводству. Такая дзяржаўная падтрымка была аказана і жыхарцы раёна Юліі Шумейка, якая на атрыманую субсідыю наладзіла выраб сувеніраў з дрэва – шкатулак, ключніц, падарункавых скрынак, кошыкаў для кветак, адрасных шыльдаў, дэкаратыўных пано, сувенірнай прадукцыі, настольных каляндарыкаў і іншага.
– Памер субсідыі адрозніваецца для жыхароў райцэнтра і вяскоўцаў: для гараджан складае 11-кратную велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, для сельскіх жыхароў – 15-кратную велічыню БПМ. Субсідыя можа быць выкарыстана на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг, а таксама на іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці.
Дзяржавай такая падтрымка прадастаўляецца беспрацоўным пры адсутнасці парушэнняў імі Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» і аказваецца адзін раз, паўторна субсідыю атрымаць нельга, – адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама – начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін Ірына Пабягайла.
Па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, летась на новыя працоўныя месцы за кошт стварэння новай вытворчасці ў раёне працаўладкаваны 108 чалавек (пры заданні 80 чалавек): 24 працоўныя месцы «адкрыты» на ТАА «ЮстаПласт», 14 – на  ТАА «Лібрэтык», на ТАА «БелДан» – восем. Зарэгістравана 20 новых камерцыйных прадпрыемстваў, сярод якіх ТАА «Тлушчы і канцэнтраты» (вытворчасць рафінаванага алею і тлушчоў), ТАА «Экаканцэпт» (вытворчасць удабрэнняў), ТАА «Яблыневы  пасад» (вырошчванне семачкавых і костачкавых пладоў),  ПУП «Махім» (дзейнасць таксі),
ТАА «Голдэн Сіах» (санітарна-тэхнічныя работы) і г. д. Усяго ж
на пачатак года ў раёне зарэгістраваны 132 малыя і сярэднія прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці і 431 індывідуальны прадпрымальнік. За кожнай з гэтых лічбаў – працоўныя месцы.
Адна з задач сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна – развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, падтрымка прыватнай ініцыятывы. Меры, якія прымае райвыканкам з мэтай стварэння новых малых і сярэдніх прадпрыемстваў, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, тавараў, паслуг і развіцця экспарту, даюць свой плён – за апошнія пяць гадоў на эканамічнай карце Ляхавіччыны з’явіліся 42 прадпрыемствы. Удзельная вага аб’ёму прамысловай прадукцыі, вырабленай малымі прадпрыемствамі, складае каля 45 працэнтаў у агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі, выпушчанай у раёне. Удзельная вага экспарту малых прадпрыемстваў – каля 56 працэнтаў у агульным аб’ёме экспарту раёна.
Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, па стане на пачатак сакавіка на Ляхавіччыне маецца 194 вакансіі, сярод якіх – санітаркі, вадзіцелі, эканаміст, галоўны бухгалтар,кантралёр-касір, слесар-рамонтнік і многія іншыя. Узровень заробкаў залежыць перш за ўсё ад кваліфікацыі, ведаў і ўменняў. Напрыклад, у адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна трактарысту-машыністу прапануюць заробак ад 1000 рублёў, на заводзе вадзіцелю аўтамабіля – ад 900 рублёў, а машыністу – ад 790 рублёў.
Індывідуальны падыход і максімальнае садзейнічанне –
такі алгарытм у адносінах да тых, хто знаходзіцца ў пошуках работы ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама. У студзені – лютым за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярну-
ліся 32 чалавекі, з якіх 17 працаўладкаваны на пастаяннае месца.
Два накіраваны на навучанне прафесіі, запатрабаванай на рынку працы.

ФАКТ

За апошнія пяць гадоў у раёне створаны  42 новыя малыя прадпрыемствы.
На новыя працоўныя месцы за пяцігодку працаўладкаваны 561 чалавек.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.