Як падрыхтуешся, так і пасееш. Аграрыі Ляхавіччыны рыхтуюцца да галоўнай вясновай кампаніі

Машдвор вытворчага ўчастка «Тальмінавічы» ААТ «Жарабковічы». Механізатар Аляксей Зянько (у цэнтры), слесары Валерый Вялічка і Сяргей Карыхалаў заняты настройкай кукурузнай сеялкі.

Марозная і снежная – такой у гэтым годзе выдалася зіма. А яшчэ бескампрамісная, не гатовая без бойкі здаваць свае пазіцыі. Цяпер ужо можна так гаварыць: на дварэ моцна за сярэдзіну сакавіка, а начны мінус усё яшчэ здараецца, не адпускае. І не пускае аграрыяў па-сапраўднаму ў поле.

Механізатары ААТ «Жарабковічы» Ігар Васілевіч, Руслан Гуліцкі ўжо ў полі – заняты на ворыўных работах.

Стартавая гатоўнасць
Тым не менш, нягледзячы на стрыманасць надвор’я, асяродкі палявой актыўнасці маюць месца. Гаспадаркі раёна працуюць з травамі, удабрэннямі-ўгнаеннямі, асобныя нават паспелі ўжо расчахліць плугі і пракласці першую веснавую баразну. Але для многіх аграрыяў асноўнымі працоўнымі «палеткамі» ўсё яшчэ з’яўляюцца машынныя двары і рамонтна-механічныя майстэрні. Працягваюцца, дак-
ладней, завяршаюцца рамонт, даўкамплектаванне, наладка і рэгуліроўка тэхнікі. Мэта – вясна пасяўная, імкненне ўключыцца ў яравыя работы адразу і ў поўнай палявой гатоўнасці. Каб мінімізаваць нечаканасці, адсеяцца тэхналагічна па тэрмінах і якасна.

Разлік па парадку
– Па ступені падрыхтаванасці тэхнікі да веснавых палявых работ сельгасарганізацыі раёна ўмоўна можна падзяліць на тры групы. Фактычна стапрацэнтную гатоўнасць паказваюць СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор» і ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Не менш як на
95 працэнтаў падрыхтаваліся ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы» і «Нача», менш – «Ліпнянка» і «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Але рэйтынг гэты дастаткова пластычны: тое, што актуальна сёння, ужо заўтра такім можа і не быць. І яшчэ: розніца паміж першымі і другімі, другімі і трэцімі невялікая, – расказаў «Ляхавіцкаму весніку» галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Сяргей Шушпаннікаў.
З улікам ЗТАА «БелДан» у сельгасарганізацыях раёна налічваецца 298 трактароў. З іх спраўнымі, па стане на 17 сакавіка, з’яўляліся 279 ці 94 працэнты ад агульнай колькасці. Найвялікшую каштоўнасць і запатрабаванасць на веснавых палявых работах маюць трактарныя цягачы з магутнасцю рухавіка 250 конскіх сіл і больш. І на ворыве яны выкарыстоўваюцца, і ў звязцы з камбінаванымі глебаапрацоўчымі, а таксама глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі. Ці не асноўная яравая нагрузка прыпадае іменна на іх – трактары, якіх у гаспадарках нашага раёна аж 43 адзінкі. З іх толькі тры машыны пакуль не прыведзены ў рабочы стан і да выхаду ў поле не гатовы – па адным у «Ляхавіцкім райаграсэрвісе», «Жарабковічах» і «Шляху новым». Адзначым, між іншым, што ў названых гаспадарках на траіх налічваецца 17 трактароў падобнага класа – блізка да паловы раённай колькасці.
Засяроджвацца на ўсім «жалезе», чый час прыйдзе ўжо з першымі днямі палявой кампаніі, не станем. Але ж пра плугі і глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты скажам.
З 59 плугоў у сельгасарганізацыях раёна няспраўнымі застаюцца пяць.
У раёне налічваецца 28 пасяўных агрэгатаў – па два, тры, чатыры на гаспадарку. Пакуль не ўсе з іх пастаўлены ў строй гатоўнасці – на асобных працягваюцца рамонтна-наладачныя работы.

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Уладзімір Байчык

Тыдзень аховы працы
Напрыканцы лютага ва ўсіх сельгасарганізацыях прайшоў адзіны дзень бяспекі. У рэальнасці ж дзень стаў тыднем, на працягу якога асабліва інтэнсіўна і мэтанакіравана адпрацоўваліся пытанні аховы працы і бяспечных метадаў і прыёмаў выканання самых розных відаў работ.
У тым ліку і ў першую  чаргу веснавых палявых.
У прыватнасці, вадзіцелі, трактарысты, слесары-рамонтнікі, газаэлектразваршчыкі і іншыя профільныя спецыялісты прайшлі чарговую праверку і навучанне правілам аховы працы, тэхнікі бяспекі. Маніторыліся пытанні забеспячэння работнікаў спецадзеннем і абуткам, сродкамі індывідуальнай аховы, актуалізаваліся і абнаўляліся інфармацыйныя стэнды па АП і ПТБ.
З работнікамі, якія будуць задзейнічаны ў веснавой палявой кампаніі, праведзены пазапланавыя інструктажы. Зроблена і робіцца нямала, каб надыхо-дзячая палявая кампанія прайшла своечасова, была выніковай і стала абсалютна здаровай для яе ўдзельнікаў.

А сейбіты  хто?
На пытанне пра забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў раёна механізатарскімі кадрамі,  Сяргей Шушпаннікаў адказаў:
– Хто ў большай ступені, хто ў меншай, але ўсе нашы гаспадаркі маюць патрэбу ў спецыялістах данага профілю. Трактарыст на вёсцы – фігура запатрабаваная, асабліва напярэдадні масавых сельгаскампаній. Якія дзеянні? Па-першае, пытанне стаіць не востра. Па-другое, сяўба – гэта асаблівы час і адпаведны яму штатны расклад. У гаспадарак ёсць работы тэрміновыя і менш тэрміновыя, а, значыць, ёсць месца для кадравага манеўра. Да таго ж, як і кожную папярэднюю вясну, дапамогу вяскоўцам гатовы аказаць гарадскія прадпрыемствы.
У тым ліку і з суседніх Баранавіч. Ёсць пісьмо Баранавіцкага гарвыканкама з запытам, ці маецца ў тым патрэба, і з паведамленнем аб гатоўнасці яе прадаставіць.

Першая  вясенняя  баразна
На гэты раз яе аўтарства прысвоіла ААТ «Жарабковічы». Дэбютная пасля зімовага перапынку апрабацыя ворыўнай тэхнікі адбылася ў мінулы аўторак. Зранку на тальмінавіцкім вытворчым участку і адразу ў «чатыры рукі». У баразну быў пастаўлены квартэт трактароў. Пара магутных «ДжонДзіраў», параўнальны ім па сілах і прадукцыйнасці новы «Кіравец» і трактар «Беларус». Рабіць «крук» да «Кіраўца» не сталі, а вось за работай першых трох агрэгатаў паназіралі, палюбаваліся, падыхалі водарам свежай раллі, паразмаўлялі з аграрыямі.
Як паведаміў галоўны аграном Яўгеній Цярпіцкі, да сяўбы прадпрыемства практычна гатова. І што тычыцца тэхнічнага яе забеспячэння, і з пункту гледжання насенных запасаў і іншых пытанняў. Чакаюць дазволу ў надвор’я.
– Сёння хадзілі па палях з лапатай – правяралі азімыя на прадмет пачатку вегетацыі. Яе першыя, пакуль яшчэ сціплыя прыкметы ўжо можна заўважыць. Патрэбна цяпло, якога пакуль няма, і на гэтым тыдні не абяцаецца, – гаворыць Яўгеній Казіміравіч.
План яравой сяўбы ў «Жарабковічах» – як ні ў адной іншай гаспадарцы Ляхавіччыны. Пад розныя культуры адведзена амаль чатыры тысячы гектараў палявых угоддзяў. Адной толькі кукурузай будзе засеяна 1,7 тысячы гектараў. Тысяча з якіх «прапішацца» іменна на тальмінавіцкім вытворчым участку, у тым ліку і на палях, дзе сёння вядуцца ворыўныя работы. Між іншым, цікавая падрабязнасць: гэтыя «заасфальтавыя» землі ва ўнутрыгаспадарчых колах і размовах пазіцыянуюцца як кармавая база. Што азначае – тальмінавіцкія сенажы і сіласы не толькі для ўнутранага карыстання. Дастаўляюцца, кормяць і фермы, размешчаныя ў іншых лакацыях маштабнага сельгаспрадпрыемства.