Жыццё ў лічбавым свеце. Старшакласнік гімназіі стаў пераможцам рэспубліканскай навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі студэнтаў і маладых даследчыкаў

Старшакласнік гімназіі  Віктар Ракала (на здымку) стаў пераможцам рэспубліканскай навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі студэнтаў і маладых  даследчыкаў «Медыякамунікацыі
ў XXI стагоддзі: традыцыі і навацыі», што прайшла анлайн у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Дыплом I ступені ў секцыі «Медыяпрастора Беларусі вачамі пакалення Z» прынесла работа «Лічбавы свет  падлеткаў і іх бацькоў».

Адметна, што ўдзельнікамі канферэнцыі былі 60 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, школьнікаў. А ў секцыі за права звацца лепшым дзесяцікласнік змагаўся з пяццю навучэнцамі ўстаноў адукацыі.
Віктар з навуковым кіраўніком настаўнікам інфарматыкі гімназіі Алай Ільюкевіч вывучаў, аналізаваў, збіраў і абагульняў інфармацыю па лічбавых інтарэсах навучэнцаў і іх родных. Вынік зацікавіў: аказалася, што дарослыя паступова наступаюць «на пяткі» сваім дзецям – лічбавы разрыў паміж імі скарачаецца. З лічбавымі тэхналогіямі бацькі знаёмяцца самастойна, вучацца ў сваіх равеснікаў, а таксама ў дзяцей. Малодшае пакаленне выступае своеасаблівым правадніком у лічбавы свет бацькоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.