Культурны майстар-клас. Тэмай рэспубліканскага семінара, які прайшоў 18-19 сакавіка на базе Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, стала «Сацыяльна-культурная падтрымка дзіцячай творчасці як асобаснай аматарскай ініцыятывы»

Беражліва збіраць і захоўваць культурныя традыцыі нашых продкаў, прымнажаць іх, перадаваць у спадчыну наступным пакаленням – такую задачу выконваюць творчыя калектывы і ўстановы культуры Ляхавіччыны. Асаблівую ўвагу культработнікі накіроўваюць на падрастаючае пакаленне, каб прывіць яму любоў і пашану да багатай духоўнай скарбонкі, сабранай землякамі.

Шырокая праграма чакала ўдзельнікаў семінара на ляхавіцкай зямлі. У гарадскім Доме культуры для іх была падрыхтавана цікавая, насычаная праграма. Захапіла дарослых прэзентацыя «Дзіцячыя мары», на якой прадстаўлены работы ўдзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнай дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» (кіраўнік Алеся Планіна). Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач пазнаёміла з прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ўстаноў культуры Ляхавіччыны.
Слухаць, натхняцца, зачароўвацца можна на кожным іх нумары. Нездарма яны лаўрэаты міжнародных фестываляў-конкурсаў
«Жар-птушка» (г. Масква), «Вялікі Пакроў» (г. Курск), «Песня мая – Расія» (г. Санкт-Пецярбург). Народнай эксперыментальнай вакальнай групе «Берагіня» Дараўскага СДК удзельнікі семінара апладзіравалі ад душы.
Нямала прыемных сюрпрызаў і цікавых напрацовак прэзентавалі гасцям. Творчыя калектывы Ляхавіччыны самабытныя і адметныя. Пацвердзіла гэта і вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Вяртаюся» – сумеснае выступленне мастацкага кіраўніка Тухавіцкага СДК Аляксандры Абрамавай і юных навучэнцаў харэаграфічнага аддзялення Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Алеся Груша).
Як заўжды «запалілі» энергіяй, здзівілі асаблівай манерай выканання, рэпертуарам і прыгожымі галасамі народная эстрадная студыя «Экспрэс» (кіраўнік Юрый Грынь), народная эстрадная група «Пачатак» (кіраўнік Святлана Полазава), народная арт-група «ВІНС-акорд» (кіраўнік Ірына Тулейка).
Ляхавіччына культурная – гэта не толькі мастацтва, песні, танцы, але і тэатр. Як пацвярджэнне – запамінальнае выступленне пераможцы абласнога фестывалю аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе-2020», дыпламанта ІХ Міжнароднага фестывалю юнацкіх і маладзёжных тэатраў «Параллельные миры» народнага тэатральнага калектыву «Дом Дыягена» (кіраўнікі Арцём Бадак і Міхаіл Стрыжоў).
Фінальным акордам ляхавіцкага пасяджэння стаў круглы стол, падчас якога ўдзельнікі абмеркавалі ўбачанае і пачутае, падзяліліся сваімі ўражаннямі, а таксама ідэямі, ініцыятывамі, прапановамі па развіцці і падтрымцы дзіцячай творчасці.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.