Гучаць званы Хатыні. Напярэдадні дня памяці ахвяраў Хатыні па ўсёй краіне ўспаміналі мірных людзей, загубленых фашысцкімі захопнікамі. Ляхавіцкі раён не выключэнне

Фота Свяціцкага СДК

Пра трагедыю вёскі Хатыні, жыхароў якой – малых і старых – 78 гадоў назад 22 сакавіка спалілі фашысты, сёння ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Хатынь стала сімвалам тысячы беларускіх кропак і кропачак – населеных пунктаў, знішчаных  у Вялікую Айчынную вайну.

Напярэдадні дня памяці ахвяраў Хатыні па ўсёй краіне ўспаміналі мірных людзей, загубленых фашысцкімі захопнікамі. Ляхавіцкі раён не выключэнне. Супрацоўнікі Свяціцкага СДК падрыхтавалі і правялі літаратурна-музычную кампазіцыю «Гучаць званы Хатыні»,
на якую запрасілі школьнікаў з Ліпскай СШ. Кожнае
слова слухалі, баючыся прапусціць нешта важнае. Многія з рабят пра вайну ведаюць не толькі з кніг і фільмаў, а і з расказаў – успамінаў сваіх прабабуляў-прадзядуляў. Хлопчыкі і дзяўчынкі – нашчадкі тых, хто зведаў ваенныя пакуты, хто губляў родных і з нецярпеннем чакаў Перамогу. Свяціца – адна з 13 вёсак Ляхавіччыны, якая паўтарыла лёс Хатыні. Палілі вёску ў 1943 годзе двойчы.
Падзеі тых страшных дзён адлюстраваны ў вершы «Партызанская вёска» мясцовай паэткі Веры Дыдышка. Трагедыя ніколі не павінна паўтарыцца.
…Хвіліна маўчання і наказ: «Памятайце!».

Наталля ГАТОЎЧЫЦ, педагог-арганізатар Ліпскай СШ:
– Літаратурна-музычная кампазіцыя «Гучаць званы Хатыні» для мяне, мясцовай жыхаркі, і для школьнікаў –
не проста чарговае мерапрыемства. Гэта і гісторыя хатынскай трагедыі, і боль за сваіх землякоў,
і памяць, якую павінны захоўваць. Пра лёс вёскі Свяціцы нашы навучэнцы ведаюць, нагадваем ім
пра тыя падзеі не толькі напярэдадні сумнай даты, але і на ўроках гісторыі, класных гадзінах. Удзячны за мерапрыемства супрацоўнікам Свяціцкага СДК.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.