Бацькоўская справа. Двойчы ў месяц у вялікай зале Ляхавіцкага райвыканкама праходзіць пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх

Двойчы ў месяц у вялікай зале райвыканкама праходзіць пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. У яе складзе на чале з намеснікам старшыні райвыканкама – спецыялісты і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, сацыяльнай абароны, службы занятасці, праваахоўных органаў.

Сярод спраў і пытанняў, што разглядаюцца КСН, – абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, папярэджанне падлеткавай безнагляднасці і правапарушэнняў, прафілактыка сямейнай неўладкаванасці, сацыяльнага сіроцтва, павышэнне адказнасці бацькоў за дзяцей, іншыя. На чарговым пасяджэнні ў статусе вінаватых былі бацькі. І такія сітуацыі не рэдкасць. Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталлі Мацкевіч, з пачатку года адказ за неналежнае выкананне сваіх бацькоўскіх абавязкаў на камісіі трымалі сем чалавек.

Сур’ёзная размова адбылася ў членаў камісіі з 37-гадовай ляхавічанкай. Мнагадзетная маці нідзе не працуе, мае вялікую запазычанасць па камунальных паслугах і не займаецца выхаваннем сваіх дзяцей – тры сыны з ёй не пражываюць. З бацькамі хлопцаў яна разведзена. Калі жанчына не працаўладкуецца і не зменіць лад жыцця, то да яе будуць прыменены меры ўздзеяння ў адпаведнасці з Дэкрэтам №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях».
Да 50-гадовага жыхара раёна прэтэнзіі тыя ж: неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў. Нідзе не працуе, стаіць на ўліку ў нарколага, жыве за кошт пенсіі па інваліднасці. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый – частыя госці ў яго сям’і. У адно з такіх наведванняў гаспадар дома і яго жонка былі ў нецвярозым стане і не маглі ўспомніць, дзе знаходзіцца іх аднагадовая малодшая дачка. Гэта і стала падставай для выкліку мужчыны на камісію.
36-гадовая вяскоўка з бацькам сына-дзевяцікласніка не жыве і мае псіхічнае захворванне, якое прагрэсіруе. Бацька выхоўваць сваё дзіця жадання не выказвае, ды і для хлопца ён па факце чалавек чужы. Таму школьнік мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У такой сітуацыі мужчына будзе пазбаўлены ў адносінах да непаўналетняга сына бацькоўскіх правоў. А падлетку да заканчэння школы будзе падабрана прыёмная сям’я.
Сумна, што часта на жыццёвых вагах пераважваюць дрэнныя звычкі, а не любоў і клопат да дзяцей. І тады ў дзеянне ўступаюць нарматыўна-прававыя акты, дзе замацавана адказнасць бацькоў па выхаванні сваіх дзяцей. Калі таты-мамы задумаліся і сталі на шлях выпраўлення, ім даецца шанц. У абноўленым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ўступіў у дзеянне 1 сакавіка, уведзена паняцце «правіннасць». Пад яе трапляюць, напрыклад, за распіццё
алкаголю ў грамадскіх месцах або невыкананне абавязкаў па выха-
ванні дзяцей. Калі чалавек учыніў правіннасць упершыню, яму зробяць папярэджанне і вызваляць ад «адміністрацыйкі». Але для гэтага грамадзяніну прыйдзецца прызнаць, што ён дапусціў парушэнне. Акрамя таго, ён не павінен да гэтага прыцягвацца да адміністрацыйнага спагнання на працягу года.
Навінкі ў Кодэксе датычаць і падлеткаў – у адносінах да іх могуць, акрамя вуснай заўвагі і папярэджання, прымяняць меры выхаваўчага ўздзеяння (для тых, хто ўчыніў адміністрацыйнае правапарушэнне ў выпадках, прадугле-джаных КоАП). Непаўналетняму растлумачаць закон, абавяжуць папрасіць прабачэнне перад пацярпелым, на тэрмін да 30 сутак могуць забараніць прыходзіць у пэўныя месцы, неабходна будзе знаходзіцца дома ў вячэрні час.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.