Абраза з крымінальнымі наступствамі

Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь зараз расследуе шэраг крымінальных спраў па фактах пагроз і абраз, у тым ліку праз інтэрнэт, у адрас прадстаўнікоў дзяржаўных органаў у сувязі з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, а таксама псавання будынкаў і пашкоджання маёмасці ў грамадскіх месцах.
Па даных следства, 20 жніўня 2020 года 22-гадовы жыхар Ляхавічаў у адным з раённых telegram-каналаў размясціў публікацыю з тэкставай інфармацыяй, што ўтрымлівала абразы у адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Двое іншых жыхароў райцэнтра, 46- і 21-гадовы мужчыны, у начны час 16 сакавіка 2021 года ў грамадскіх месцах райцэнтра размясцілі лістоўкі з выявамі і тэкставай інфармацыяй аналагічнага характару. Падазроныя, дарэчы, з’яўляюцца бацькам і сынам.
У адносінах згаданых асоб Ляхавіцкі РАСК узбудзіў крымінальныя справы па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Даведачна
За публічную знявагу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.
У ходзе расследавання іншых крымінальных спраў устаноўлены факты размяшчэння ў інтэрнэце асабістых даных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з тэкставымі надпісамі, што утрымлівалі знявагі ў іх адрас у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў. Адказнасць за згаданыя дзеянні прадугледжана артыкулам 369 КК (знявага прадстаўніка ўлады), максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
Са жніўня 2020 года следчыя райаддзела СК узбудзілі тры крымінальныя справы па фактах псавання будынкаў і пашкоджання маёмасці. Адказнасць за такія дзеянні прадугледжана артыкулам 341 КК.
Памятайце, што накіраванне паведамленняў з пагрозамі і знявагамі, расклейванне лістовак, нанясенне малюнкаў і надпісаў на будынкі і збудаванні – гэта падстава для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. А пакідаючы запісы і накіроўваючы паведамленні ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках, не варта забывацца пра агульнапрынятыя правілы паводзін у грамадстве і павагу да іншых людзей.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік Ляхавіцкага РАСК.