Працяг гісторыі аднаўлення. Як наша турыстычная жамчужынка – Грушаўка – мяняецца

Фота з архіва «ЛВ»

На працягу апошняга часу мы назіраем за тым, як наша турыстычная жамчужынка – Грушаўка – мяняецца, пераўвасабляецца ў тое месца, дзе пра каштоўны гістарызм сведчаць не разбураныя архітэктурныя формы, а дагледжаная і рэканструяваная сядзіба.

Пандэмія і іншыя акалічнасці запаволілі тэмп рамонтна-аднаўленчых работ, але не спынілі далейшыя памкненні працягнуць вяртанне турыстычнага аб’екта ў шыкоўную форму. Нагадаем, што работа вядзецца за кошт грантавага кантракта па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна 2014 – 2020 гг.». Як нагадала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, праект «Аднаўленне агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва маладзёжных і творчых калектываў Польшчы і Беларусі» рэалізуецца на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў Беларусі і гміны Пухачув у Польшчы.
У мінулы аўторак адбылася анлайн-канферэнцыя з каардынатарам праекта з польс-кага боку Катажынай Хома, войтам гміны Пухачув Адамам Гржэсюкам. З прывітальным словам да польскіх партнёраў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.
На парадку дня пытанні важныя, датаваныя нават не гэтым стагоддзем, – «Гісторыя родаў Лахерта і Рэйтанаў». «Гістарычныя карані роду Рэйтанаў», «Дамінік Рэйтан – заснавальнік радавога маёнтка», «Тадэвуш Рэйтан. Беларускі Дон Кіхот», «Юзаф Рэйтан. Апошні з роду Рэйтанаў» – кожная з гэтых тэм падкрэслівала гістарычную цікавасць і каштоўнасць маёнтка ў Грушаўцы.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, месца сапраўды заслугоўвае вялікай увагі. Таму хочацца, каб і мясцовыя жыхары, і турысты з іншых рэгіёнаў і краін маглі трапіць сюды, убачыць і ацаніць прыгажосць гэтых мясцін. Фестываль «З крыніц спрадвечных» стаў адным з брэндаў, што праслаўляе ляхавіцкую
зямлю, яго каардынаты традыцыйна супадаюць з Грушаўкай.
Па словах каардынатара праекта з беларускага боку Дзмітрыя Макарука, рэканструкцыйныя работы працягваюцца. У перспекты-
ве – завяршэнне рэканструкцыі даху, устаноўка вокнаў і дзвярэй, рамонтныя работы на верхнім і цокальным паверхах, закупка мэблі і тэхнікі для добраўпарадкавання тэрыторыі.
…У Грушаўцы кіпіць жыццё, няхай пакуль будаўніча-рамонтнае. Чакаем турыстычнага наваселля. Няхай гэта жамчужынка заззяе яшчэ ярчэй, тым больш яна гэтага вартая.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.