С помощью эндоскопии проводится диагностика и лечение многочисленных заболеваний

Сучасная эндаскапія адыгрывае вядучую ролю ў распазнаванні ранніх стадый злаякасных і дабраякасных захворванняў лёгкіх, бронхаў, стрававода, страўніка, тонкай і тоўстай кішак, запаленчых захворванняў страўніка (гастрыты), язвавай хваробы страўніка і дванацца-ціперснай кішкі, запаленняў дванаццаціперснай кішкі (дуадэніты) і інш. З дапамогай эндаскапіі праводзіцца дыягностыка і лячэнне лёгачных, страваводных, страўнікавых і кішачных крывацёкаў. Пры неабходнасці бяруць матэрыял спецыяльнымі шчыпцамі для марфалагічнага даследавання — біяпсію, розныя лячэбныя маніпуляцыі.

Сёння эндаскапія — гэта  ашчадная, малатраўматычная, бяскроўная хірургія, якая дае мінімальны працэнт ускладненняў у пасляаперацыйны перыяд.
На эндаскапічнае даследаванне мае права накіраваць урач ці фельчар пры наяўнасці паказанняў да даследавання і адсутнасці супрацьпаказанняў. Пры сабе пацыент павінен мець накіраванне, амбулаторную карту і ручнік. Даследаванне праводзіцца нашча (за 12-18 гадзін выключаецца прыём ежы, акрамя вадкасці). Рэшткі ежы перашкаджаюць урачу дасканала агледзець усе сценкі страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Падчас абследавання пацыентам прапануецца роўна і спакойна дыхаць. Першае даследаванне, як правіла, пераносіцца цяжэй наступных. У час узяцця кусочка тканкі са стрававода, страўніка або дванаццаціперснай кішкі пацыент не адчувае болю, таму што ў гэтых органах няма адчувальных нервовых канчаткаў.
Для правядзення гастраскапіі існуе пералік супрацьпаказанняў: артэрыяльная гіпертэнзія 3-й ступені, анеўрызма аорты, лёгачная і сардэчная недастатковасць у стадыі дэкампенсацыі, цяжкія парушэнні сардэчнага рытму, гемафілія, шызафрэнія і іншыя захворванні, наяўнасць якіх высвятляецца ўрачом да назначэння абследавання.
Наша бальніца мае ў наяўнасці сучаснае японскае эндаскапічнае абсталяванне для агляду верхніх і ніжніх аддзелаў СКТ, біяпсійныя шчыпцы, ін’ектары для спынення крывацёкаў. Гелій-неонавы тэрапеўтычны лазер дазваляе за 5-10 сеансаў вылечыць язву страўніка і дванаццаціперснай кішкі, дабіваючыся пры гэтым двух-трохгадовай рэмісіі захворвання. Даступная таксама такая методыка лячэння язваў СКТ, як апрацоўка іх алеем абляпіхі і іншымі паскараючымі зажыўленне сродкамі, абколванне язваў растворамі антыбіётыкаў. Выконваецца таксама дыягностыка хелікабактэрнай інфекцыі.
Пасля планавай сертыфікацыі эндаскапічнай службы ў 2013 годзе стане даступнай платная фібраэзафагагастрадуадэнаскапія і фібракалонаскапія, увесь спектр вышэйпералічаных дыягнастычных і лячэбных маніпуляцый, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных лекавых сродкаў і сучасным агульным абязбольваннем — анэстэзіяй. У такім выпадку для праходжання даследавання будзе дастаткова жадання пацыента і дагавора на аказанне платнай паслугі.
Своечасова і неаднаразова праведзенае даследаванне дазваляе аператыўна выявіць хваробу, каб паспяхова яе вылечыць. Не трэба баяцца ФЭГДС, паклапаціцеся пра сваё здароўе!
Павел ТУПАЛЬСКІ,
урач-эндаскапіст,
загадчык эндаскапічнага
кабінета Ляхавіцкай ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *