Пра саюз, упэўненасць і нашы святы

Сёння на старонках «ЛВ» часцей звычайнага мы прыгадваем суседнюю дзяржаву. І гэта зразумела:  2 красавіка дзве краіны адзначаюць агульнае дзяржаўнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

За больш як два дзесяцігоддзі існавання Саюзнай дзяржавы зроблена і дасягнута шмат, напрацаваны каштоўны вопыт, а яшчэ прыйшло дакладнае ўсведамленне, што можна і трэба зрабіць значна больш. І разуменне, што для таго, каб дамовіцца на ўзаемавыгадных умовах, атрымаць прэферэнцыі для беларусаў, зрабіць іх жыццё больш зручным, уладкаваным і заможным, нам не трэба адмаўляцца ад суверэнітэту і незалежнасці.
У тым, што дружба, узаемападтрымка і надзейны тыл значаць вельмі многа, асабліва яскрава пераканалі апошнія месяцы, калі ў няпростых умовах каранавіруса спачатку Беларусі, а потым і Расіі давялося перажыць жорсткі і беспрынцыповы націск, зрэжысіраваны (і гэта ўжо ні для каго не сакрэт) звонку па вядомых сцэнарыях, адпрацаваных у розных кропках свету. Для расколу ў грамадстве і нагнятання атмасферы варожасці ў ход пайшлі адкрытыя правакацыі, фэйкі, санкцыйныя крокі, падтрымка агрэсіі. У Беларусі ўсё гэта прымеркавалі да выбараў Кіраўніка дзяржавы.
Зразумела, незадаволеныя вынікамі галасавання ёсць заўсёды. Але на гэты раз імі маніпулявалі сапраўдныя майстры сваёй справы. Відавочна, разлічвалі на хуткі вынік, на тое, што ўлада капітулюе, выбраны Прэзідэнт складзе паўнамоцтвы. А атрымалі зусім процілеглы вынік. Тыя, хто звычайна прывык праяўляць патрыятызм сціпла і спакойна, сталі гучна выказвацца, адкрыта і актыўна выступаць у падтрымку міру і спакою ў Беларусі.
Сёння ўзбуджаны сотні адміністрацыйных і крымінальных спраў па фактах удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, зняваг у адрас Кіраўніка дзяржавы, пагроз і абраз у бок прадстаўнікоў дзяржорганаў, у тым ліку ў інтэрнэце (як паведамляў «ЛВ», узбуджаны такія справы і ў нашым раёне), насілля ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі, зневажання дзяржаўных сімвалаў, агучаны факты падрыхтоўкі ў краіне тэрактаў.
Не дзіўна, што на гэтым фоне з’явіліся сур’ёзныя прэтэнзіі і да БЧБ-сімволікі, якая суправаджала так званыя пратэсныя акцыі. У новай рэдакцыі КоАП прадугледжаны істотныя штрафы за яе выраб і выкарыстанне. Набалела настолькі, што паўстала пытанне аб прызнанні БЧБ-сімволікі экстрэмісцкай з усімі выцякаючымі наступствамі…
І сярод нашых землякоў ёсць тыя, хто па няведанні ці наўмысна выдае гістарычныя фэйкі за факты. У тым ліку, напрыклад, заяўляе пра «шматвяковую» і «слаўную» гісторыю БЧБ-сцяга. Што на справе за гэтымі азначэннямі, праверыць пры жаданні не так і цяжка: бел-чырвона-белы лічыўся дзяржаўным вельмі непрацяглы час існавання БНР (адметная вяха ў гісторыі краіны, але, па вялікім рахунку, віртуальная дзяржава без рэальнай улады, паўнамоцтваў і нават тэрыторыі) і няпоўныя чатыры гады ў 90-я, калі разваліўся Савецкі Саюз…
Да славы таксама ёсць пытанні. Што б ні гаварылі ў абарону прыхільнікі БЧБ, на фотаздымках часу Вялікай Айчыннай бел-чырвона-белы сцяг суседнічае з фашысцкай свастыкай… Калі гатовы прыняць такі гістарычны факт – прымайце і жывіце з гэтай праўдай далей. А я шчыра рада таму, што сярод шматлікіх знаёмых на такую здзелку з гістарычнай памяццю і сумленнем не згодна абсалютная большасць.
І ёсць факты, якія не аспрэчыш. Пад чырвона-зялёным сцягам, які стаў дзяржаўным сімвалам краіны ў 1951 годзе і за больш як 65 гадоў існавання перажыў невялікую «мадэрнізацыю» (пазбавіўся выявы сярпа і молата і крыху змяніў паласу з арнаментам), вырасла не адно пакаленне. Пад ім аднаўлялі разбураную вайной краіну, будавалі новую незалежную Беларусь, перамагалі на самых прэстыжных спартыўных спаборніцтвах, наш Дзяржаўны флаг пабы-
ваў на паўночным полюсе і ў космасе. Ён суправаджае важныя дзяржаўныя мерапрыемствы і адметныя падзеі ў нашым жыцці, сімвалізуе сілу, надзейнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні. І менавіта ён ганарова ўздымаецца над кожным горадам, над аграгарадкамі і вёскамі ў нашы галоўныя святы: 9 мая ў Дзень Вялікай Перамогі,
3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці і, канешне, 2 красавіка –  у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Святлана СТЫКУЦЬ.