Дзякуй адказным за камфорт. Без стабільнай кругласутачнай работы службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання немагчыма ўявіць жыццё

Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі ўручае грамату начальніку ўчастка Уладзіміру Несцяровічу.
БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Паспрабуйце ўявіць наша сённяшняе жыццё без стабільнай кругласутачнай работы службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання. Не атрымаецца. Гэта яны – камунальнікі – пастаянна клапоцяцца, каб у нашых дамах, кватэрах, у адміністрацыйных і вытворчых будынках заўсёды былі вада, газ, цяпло і святло, каб чысцінёй і ўладкаванасцю радавалі гараджан і вяскоўцаў паркі і скверы, вуліцы і дарогі, двары і пад’езды, каб хутка рамантавалася сапсаваная сантэхніка. Кваліфікаваныя і граматныя прафесіяналы працуюць і ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Бетоншчык Аляксандр Лук’янаў.
Вадзіцель Дзмітрый Папко.

Ад іх адказнасці, зладжанасці дзеянняў, кампетэнтнасці, уважлівых адносін залежыць настрой і камфорт ляхавічан. Яны працуюць у будні і ў выхадныя. Таму такія важныя, такія неабходныя, такія запамінальныя, але, на жаль, рэдкія хвіліны, калі яны ў цэнтры віншавальна-святочных падзей. У мінулую пятніцу напярэдадні свайго прафесійнага свята – Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі – работнікі Ляхавіцкага камунгаса ў ГДК прымалі словы падзякі за працу, заслужаныя ўзнагароды і падарункі, у тым ліку, творчыя.
З прафесійным святам павіншавалі прысутных старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса. Лепшым з лепшых за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм уручылі Граматы і Падзячныя пісьмы. Ушаноўвалі таксама актывістаў прафсаюзнага жыцця, найбольш паспяховых працаўнікоў у кожным з падраздзяленняў жылкамунгаса.
Таксама ў гэты перадсвяточны дзень былі падведзены вынікі работы
Ляхавіцкай ЖКГ за мінулы год і акрэслены задачы на сёлета. Са справа-здачай выступіў дырэктар прадпрыемства Андрэй Чайкоўскі.
І, канешне ж, гучалі песні і музыка, усё ў гонар іх – работнікаў камунгаса. Кожнаму, хто знаходзіўся ў гэты дзень ў зале, было прыемна, што пра яго не забыліся, што часцінка і яго працы ўнесла свой уклад у поспехі і заслугі службы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.