Новы прыток Ведзьмы? Што адбылося ў Ляхавічах на КНС


У афіцыйнай групе газеты “Ляхавіцкі веснік”  падпісчык змясціў крытычны фотаздымак з надпісам “Прыйшла вясна. Новы прыток ракі Ведзьма”.
Супрацоўнікі рэдакцыі разам з начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марынай Завадскай выехалі на месца, пазначанае на кадры, – на каналізацыйна-помпавую станцыю па вуліцы Кастрычніцкай. Там ва ўсю кіпела работа – камунальнікі добраўпарадкавалі тэрыторыю КНС. Начальнік участка водна-каналізацыйнай гаспадаркі КУМВПМ ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Уладзімір Ракавец патлумачыў, што 31 сакавіка адбылася аварыя на напорным калектары. Аварыйная брыгада аператыўна лакалізавала месца падтаплення, камунальнікі перасыпалі і ўхілілі парыў.


Галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч расказаў “ЛВ”, што пасля паступлення сігнала пра здарэнне супрацоўнікі інспекцыі былі ўжо на месцы: для праверкі ўзяты пробы вады з ракі Ведзьма вышэй і ніжэй па цячэнні адносна месца парыву.
А на наступны дзень раніцай спецыялісты Баранавіцкай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю Мінпрыроды адабралі пробы глебы дзеля вызначэння ступені забруджанасці. Вынікі даследаванняў будуць гатовы праз пяць дзён.
“ЛВ” трымае сітуацыю на кантролі.
Але сумна, што ў інтэрнэце на даным факце, як гавораць сучаснай мовай, пачаўся хайп. На экалагічную тэму разважаюць усе, каму хочацца. І ў размовах ледзьве не даходзяць да экалагічнай катастрофы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.