Бярозы «заплакалі». Нарыхтоўка бярозавіку пачалася ва ўсіх лясніцтвах Ляхавіцкага раёна

Нарыхтоўшчыкі бярозавіку Павел Коршунаў і Пётр Вярэнік.

Нарыхтоўка бярозавіку пачалася ва ўсіх лясніцтвах Ляхавіцкага раёна. Арганізаваны і продаж соку насельніцтву

Сёлетні нарыхтоўчы сезон бярозавіку на Брэстчыне толькі пачынаецца. У традыцыйнай штогадовай кампаніі прымуць удзел усе лясгасы вобласці, у тым ліку і Ляхавіцкі.

– Падрыхтаваліся поўнасцю. Гэты працэс адладжаны ў нашай арганізацыі да дробязяў, таму ніякіх праблем не павінна ўзнікаць. Набыта ўся неабходная тара, у тым ліку пакеты для збору і захоўвання бярозавага соку. Вызначыліся і з месцамі падсочкі, падабралі неабходныя лесасекі. Плануем сёлета сабраць каля 300 тон соку. Асноўная частка нарыхтаванай сыравіны пойдзе на далейшую перапрацоўку, у тым ліку і на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Як і раней, на спецыяльна адведзеных участках па папярэдняй дамоўленасці можна будзе сабраць сок і насельніцтву, каб не нашкодзіць прыродзе. Можна купіць яго непасрэдна ў лясніцтвах, – расказвае інжынер  па якасці Ляхавіцкага лясгаса Іван Чайкоўскі.
Па яго словах, сёлетні сезон прадоўжыцца ад трох тыдняў, пакуль дзённыя тэмпературы не будуць перавышаць 10 градусаў цяпла, а ноччу слупок тэрмометра ўтрымаецца таксама на плюсавых адзнаках. Калі рэзка пацяплее, то бярозы могуць перастаць дзяліцца сокам значна хутчэй. Таму, зразумела, марнаваць час са зборам карыснага напою нельга.
Летась Ляхавіцкі лясгас нарыхтаваў таксама  300 тон бярозавіку, у асноўным яго адгружалі на Ляхавіцкі кансервавы завод, пэўную частку – на Клецкі. Не забыліся і пра насельніцтва.
Што тычыцца кошту, то цэны ў параўнанні з мінулагоднімі амаль не змяніліся. Кожны жадаючы можа набыць сок у любым лясніцтве па 17 капеек за літр непасрэдна ў месцах нарыхтоўкі.
Каб самастойна назапасіць бярозавіку, прадугледжаны наступны алгарытм дзеянняў: звяртайцеся ў любое лясніцтва, спецыялісты ўкажуць адведзеныя для такіх мэт участкі, правядуць інструктаж па выкананні правілаў падсочкі, патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лесе і іншых.
Ляхавіцкі кансервавы завод з бярозавым сокам працуе даўно, выпускае дзевяць найменняў кансерваванага напітку: акрамя натуральнага бярозавіку, гатуюцца купажы – бярозава-мангавы, мультывітамінны, апельсінавы і іншыя. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук адзначыў, што калі раней ніякіх праблем са збытам гэтай прадукцыі ў завадчан не было, то летась яна ўзнікла: істотна зменшыўся пакупніцкі попыт, адпаведна, зменшылася і колькасць выпушчанай прадукцыі. Для прыкладу: у 2019 годзе на заводзе перапрацавалі амаль тысячу тон сыравіны,   летась – 500 тон, а сёлета і ўвогуле плануецца 150 – 200 тон. Аляксандр Вашчук падкрэслівае, што магутнасці прадпрыемства, людскія рэсурсы, наяўнасць тары дазваляюць перапрацоўваць у разы больш бярозавіку. Але ўся справа – у збыце.
Без чаго яшчэ не абыходзіцца ні адзін нарыхтоўчы сезон па зборы бярозавіку? Без парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Кожны добрасумленны грамадзянін ведае: без спецыяльнага дазволу нарыхтоўваць бярозавы сок забараняецца. Парушальнікаў чакаюць штрафы.
За нарыхтоўку соку на тэрыторыі, дзе гэта забаронена або без дазвольнага дакумента, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 16.19 КоАП Рэспублікі Беларусь (штраф да 20 БВ).
Такі штраф пагражае і за нарыхтоўку соку з прымяненнем забароненых сродкаў і метадаў (парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі).
Разам з аплатай штрафу вінаватыя абавязаны кампенсаваць шкоду, нанесеную прыродзе, і кошт соку згодна з зацверджанымі тарыфамі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.