Сырны сэт па-падлаззеўску. Любімай справай можна займацца незалежна ад месца жыхарства

Якая яна, сучасная жанчына? Моцная, упэўненая і можа справіцца літаральна з любой задачай. Не чакае, што аўто падкаціць да пад’езда, а сама садзіцца за руль. Бярэ ініцыятыву ў свае рукі і арганізуе справу. Паспяховая, мудрая і далікатная з камплектам дзелавых якасцяў. Лавіруе па жыцці, сумяшчае кар’еру з дамашнімі клопатамі, умее знайсці выйсце з любой сітуацыі і ўзяць адказнасць на сябе. Прыгожая палова чалавецтва займае пасады, перамагае ў конкурсах, упрыгожвае сцэну, узыходзіць на п’едэстал і забяспечвае вытворчыя паказчыкі. Многія прафесіі, якія раней лічыліся чыста мужскімі, сёння разбаўлены жаночым прадстаўніцтвам. Наш слабы, але моцны духам пол у палітыцы, праваахоўных органах, арміі, сярод праграмістаў і канструктараў, вадзіцеляў і кавалёў… Нашы жанчыны ўмеюць і сваё хобі зрабіць паспяховым бізнес-праектам.

Справа сямейная
Калі падлаззеўцы Андрэй і Вольга Саванчукі пачыналі ў вёсцы разводзіць дамашнюю гаспадарку, размовы пра тое, што яна стане асновай сямейнай справы, не было. Пераехалі з горада на малую радзіму жонкі, каб дзеці раслі ў экалагічна спрыяльных умовах. Па адукацыі Вольга – дырыжор народнага хору, скончыла факультэт педагогікі і псіхалогіі. Натура творчая, самакрытычная, дзейная, якой падабаецца эксперыментаваць, вучыцца і, канешне, атрымліваць вынік.
Як прыгожа гучыць голас Вольгі на сцэне, так па-майстарску яна ўпраўляецца па гаспадарцы. Сям’я ў Саванчукоў не малая – мнагадзетная: адзінаццацігадовая Марыя, дзевяцігадовы Ваня, малодшай Алёне два гады споўніцца ў маі. Але ўсё ідзе чарадой: без запаркі і напругі, у ладзе і згодзе.
Гаспадыня захапілася сыраварствам і зараз здзіўляе родных і знаёмых уласна зробленымі шэўрам, халумі, класічным маасдамам, дэрбі, гаўда з рознымі дабаўкамі, томе і г. д. – асартымент разнастайны, на самага пераборлівага гурмана. Захапленне стала інтарэсам усёй сям’і. Саванчукі трымаюць коз альпа-нубійскай і зааненскай парод, малако якіх не мае старонняга прысмаку, а сыр атрымліваецца смачным і карысным.
У справу наша зямлячка ўкладвае не толькі старанне, але і душу.
– Смачнае малако даюць падлаззеўскія козы, якія ядуць падлаззеўскае разнатраўе. Толькі шчаслівыя козы могуць даць малако высокай якасці, што адбіваецца і на смаку сыру, – падкрэслівае Вольга Саванчук. Разам з мужам ёй усё па сілах, ён надзейная апора і падтрымка.

Бізнес-старт
Калі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прапанавалі паўдзельнічаць у новым сацыяльным праекце «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве» (рэалізуецца Беларускім грамадскім аб’яд-
наннем «Адпачынак у вёсцы» ў партнёрстве з Брэсцкім аблвыканкамам і накіраваны на развіццё самазанятасці жанчын, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і невялікіх гарадах; фінансавую падтрымку аказвае дабрачынны фонд The Coca-Cola Foundation), Вольга ўзважыла ўсе за і супраць, падтрымала сям’я. Стварылі бізнес-ініцыятыву «Падлаззеўскі паўцвёрды», якая трапіла з сотні пададзеных заявак у 50-ку лепшых. Пайшлі семінары, бізнес-трэнінгі, вэбінары, сустрэчы. Галава сям’і ўвесь час дастаўляў жонку на заняткі ў розныя населеныя пункты вобласці. Праект захапіў і натхніў. Узнагарода прыкладзеным намаганням – прызы, без якіх сыравару як без рук:
форма і прэс для сыру, шафа для захоўвання і выспявання сыру.

Падлаззеўскі  брэнд
«Падлаззеўскі паўцвёрды» стаў брэндам сямейнай прадукцыі. Пра тэхналогію сыраварства Вольга расказвае з такім інтарэсам, што сам, здаецца, гатовы кінуцца гатаваць. А яна часта варыць ноччу, калі сям’я спіць, і ўвага мамы не патрабуецца. Працэс гатавання настолькі адказны, што нават невялікая памылка не дазволіць сыру спець, не атрымаюцца дзірачкі і г. д. А да патрэбнага стану «калабок» можа даходзіць на працягу паўгода. У сыравара свае сакрэты смачнага сыру і свае задумкі, як прыцягнуць да яго аматараў. Для сваёй малочнай прадукцыі, напрыклад, выкарыстоўвае толькі ўласна вырашчаныя травы і насенне. У акаўнце Вольгі ў Instagram пад нікам olga.dereza – фотакадры сырнага асартыменту.
Выглядае так, што адразу хочацца пакаштаваць.
– Удзел у праекце падштурхоўвае, стымулюе рухацца далей. З’явіліся новыя ідэі, магчымасці і ўмовы. А таксама жаданне асвойваць новыя рэцэпты, – дзеліцца гаспадыня.
Год назад праект пачынаўся з аднаго віду сыру, а сёння ўжо маецца лінейка сыроў «Падлаззеўскі паўцвёрды» – можна аформіць сырную талерку ці так званы сырны сэт. Нядаўна сыравар прыдумала торцік – сырны. Такі смачны камплімент вясне. А дапаўняе пір масла, якое бацькам дапамагаюць збіваць дзеці ў драўлянай маслёнцы. А яшчэ Вольга выпякае хлеб па бабуліным рэцэпце на дамашняй заквасцы. Майстрыха такая, што ўмее не толькі гатаваць, але і афармляць, і прэзентаваць.

«Наваколле» запрашае
Праект «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве» хутка фінішуе (адбылася заключная канферэнцыя, і наперадзе яшчэ адзін занятак), а Вольгу ўжо запрасілі на другі, які стаў яго працягам, харчова-рамесны кластар «Наваколле». Рэалізуе ініцыятыву зноў жа Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». Ініцыятыва перамагла ў конкурсе, які праводзіўся ў рамках праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Ляхавіцкі раён не з’яўляецца яго пілотнай тэрыторыяй. Але арганізатары палічылі важным удзел у ім нашай ініцыятыўнай зямлячкі з сапраўды залатымі рукамі. Трэнінгі і вэбінары дапамогуць развіць прадпрымальніцкія навыкі ўдзельнікаў, выйсці малому бізнесу з сельскай мясцовасці на новы ўзровень.
Вось так незалежна ад месца жыхарства жанчыне можна знайсці справу па душы – патрэбны толькі штуршок і жаданне.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва сям’і Саванчукоў і  аб’яднання  «Адпачынак у вёсцы».