Форум маладых дэпутатаў. 25 – 26 сакавіка ў сталіцы маладыя дэпутаты сабраліся на I беларускі маладзёжны парламенцкі форум

Маладыя парламентарыі заяўляюць пра сябе гучней і гучней,
іх словы пацверджаны справамі, рэалізаванымі ідэямі і салідным планам на будучае. Маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Рух наперад», дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, шматлікія прапановы для ўдасканалення грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны і многае іншае – будні членаў Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі.
І хоць гэта маладзёжная структура з’явілася адносна нядаўна, кола яе інтарэсаў каласальнае. Адзін з напрамкаў дзейнасці – работа з актыўнай моладдзю, падрыхтоўка і выхаванне будучага кадравага рэзерву краіны, развіццё творча-інтэлектуальнага патэнцыялу юнакоў і дзяўчат.
25 сакавіка ў сталіцы пачаў работу  I беларускі маладзёжны парламенцкі форум.

Моладзь рэгіёнаў аб’яднала жаданне ўдасканальваць свой патэнцыял, абменьвацца напрацаваным вопытам з калегамі, прапаноўваць, удзельнічаць і перамагаць. Тым больш, усяму гэтаму ёсць дзяржаўная падтрымка, а ў маладых – актыўнасць і ініцыятыўнасць.
Сімвалічна, што першы форум маладых парламентарыяў стартаваў са знакавага для беларускай гісторыі месца – плошчы Перамогі. Словы лішнія, эмоцыі самыя патрыятычныя – удзячнасць за мір, кветкі ў знак заўсёднай памяці і абяцанне  аберагаць родную Беларусь.
Два дні форуму арганізатары літаральна па хвілінах распісалі лекцыямі, майстар-класамі, трэнінгамі, сустрэчамі з аўтарытэтнымі людзьмі, тэсціраваннем…
Як адзначыў старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Ягор Макарэвіч, ідэя правядзення форуму гучала падчас VI Усебеларускага народнага сходу. І атрымала станоўчую адзнаку Кіраўніка дзяржавы. Галоўная мэта маштабнага
нацыянальнага праекта – аб’яднаць маладых людзей з рознымі поглядамі, але з адзіным імкненнем развіваць нашу краіну.
Каманду маладых парламентарыяў сустракалі ў Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар». Першы дзень форуму можна ахарактарызаваць як адукацыйны. Галоўныя складнікі іміджу паспяховага кіраўніка, асновы дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, законы і механізмы камандастварэння, палітычная рыторыка – маладыя людзі правялі дзень рознабакова і змястоўна, на перспектыву выкарыстання ведаў у далейшай дзейнасці.
У рамках форуму адбыўся фінал нацыянальнага конкурсу «Каманда будучыні» ў намінацыі «палітыка». Мэта конкурсу – знайсці, падтрымаць і развіць маладых лідараў, якія валодаюць ініцыятыўнасцю і крэатыўным мысленнем, адзначыў Ягор Макарэвіч падчас адкрыцця  форуму.
Наступны дзень змяніў лакацыю. У Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пераможцаў чакалі віншаванні і ўзнагароды.
Як заўжды – адкрыты дыялог, дзе ўзнімаліся самыя розныя тэмы. Пляцоўка для прапаноў і ідэй разгарнулася падчас сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай.
Сярод хвалюючых – кадравае пытанне і перспектывы кар’ернага росту для маладых. Кадравая палітыка ў краіне пабудавана так, што падбор на пасады ажыццяўляецца з аналізам вопыту і кампетэнцый, асабістых якасцей. І малады ўзрост перашкодай не з’яўляецца.
Наталля Іванаўна адзначыла, што рада бачыць маладых дэпутатаў з рэгіёнаў, гаварыла пра тое, што трэба больш актыўна папулярызаваць сваю дзейнасць сярод юнакоў і дзяўчат. «Усе канструктыўныя маладзёжныя ініцыятывы ў нашай краіне, накіраваныя на яе развіццё, безумоўна, будуць падтрыманы. Упэўнена, працяг гэтага конкурсу па іншых напрамках будзе не менш цікавым і дасць магчымасць нам выявіць новых лідараў», – адзначыла Наталля Качанава.
Экскурсія па Палацы Незалежнасці стала прыемным завяршэннем I Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму.

Маргарыта КУХТА,
член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
Фота аўтара.