Чысты імпульс для дарогі . Пытанне навядзення парадку на дарогах Ляхавіцкага раёна – надзённае і актуальнае, знаходзіцца на пастаянным кантролі ўлады


Па тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праходзяць больш за 550 кіламетраў асфальтабетонных, гравійных, грунтавых дарог агульнага карыстання рэспубліканскага і мясцовага значэння  і 225,8 кіламетра вуліц населеных пунктаў. Утрымліваць іх у належным стане ў любую пару года, забяспечваць камфортны і бяспечны праезд – клопат КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і дарожных службаў: ДРБУ-200, ДЭУ-23 і ДЭУ-24. А яшчэ зона іх адказнасці – падтрыманне ў парадку дарожных палос, аўтобусных прыпынкаў і многае іншае.

Эксплуатацыя дарожнай сеткі і ўтрыманне прыдарожных палос у Ляхавіцкім раёне разглядаліся на сакавіцкім пасяджэнні райвыканкама. Справаздачу па гэтай тэме трымала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская.
Летась ДРБУ-200 на ўтрыманне і рамонт мясцовых дарог і вулічна-дарожнай сеткі ў сельскіх населеных пунктах з абласнога бюджэту выдаткавана 1734392 рублі.
А вось выдаткі на абслугоўванне гарадскіх вуліц (зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ») кладуцца выключна на раённы бюджэт, у мінулым годзе на  гэтыя мэты камунгас атрымаў 180000 рублёў.
Кантроль за станам дарог вядуць многія службы. Так, супрацоўнікі АДАІ РАУС асноўную ўвагу звяртаюць на пытанні бяспекі. Пастаянна маніторыцца стан дарожнай сеткі. Сёлета падчас такога маніторынгу ў лютым выяўлены наступныя недахопы.
У райцэнтры некаторыя дарожныя знакі маюць старое плёначнае пакрыццё, устаноўлены на вышыні, што не адпавядае патрабаванням, ад узроўню праезнай часткі, а дзе-нідзе і ўвогуле дарожныя знакі зніклі. І, канешне, па-ранейшаму існуе набалелая праблема – дарожныя ямы. Што тычыцца горада, то найбольш такіх непрыемнасцяў на вуліцах Кальцавой, Будаўнікоў, Леніна, Дзесюкевіча, Камсамольскай, Чкалава. Актуальна гэта тэма і для вуліцы Цэнтральнай у Задвор’і.
Санітарны стан прыдарожных палос, прыпыначных пунктаў –
сфера інтарэсаў спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэмія-
логіі. Сёлета ў сакавіку праведзены маніторынг. Рэйдавая група праінспектавала аўтадарогі Р-4,Р-43 з тэрыторыямі зон часовага адпачынку каля вёскі Бярэзкі і рэчкі Ліпнянкі. Устаноўлены пэўныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва: смецце раскідана па кантэйнерных пляцоўках, самі кантэйнеры ў неналежным стане, несвоечасова прыбіраюцца надворныя туалеты і іншае. Раскіданы бытавыя адходы пры ўездзе ў вёску Вялікае Гарадзішча, на выездзе з Ляхавічаў у бок Грушаўкі, нездавальняючы стан пляцовак прыпыначных пунктаў у Тальмінавічах, Задвор’і,  Сваятычах, Шчэрбаве, Альхоўцах, пашкоджаны лаўкі на прыпыначных пунктах у Ганчарах, Шчэрбаве – недахопы, выяўленыя ў зоне адказнасці ДРБУ-200.
Хапае беспарадку і на ўчастках, якія знаходзяцца ў падпарад-каванні ДЭУ-24, у прыватнасці, нездавальняючы стан маюць пляцоўкі прыпыначных пунктаў у Гулічах (на здымку), Адахаўшчыне, у лесапаласе каля вёскі Літвы – смецце. Па выніках маніторынгаў выдадзены прадпісанні для дарожных арганізацый па ўхіленні выяўленых парушэнняў.
Марына Завадская адзначыла, што несвоечасовае правядзенне работ ці ўвогуле іх адсутнасць па ўхіленні дэфектаў аўтамабільных дарог спрыяе зваротам грамадзян у розныя інстанцыі. І такія скаргі апраўданы, бо людзей непакоіць і дарожная бяспека, і захаванасць сваіх аўто. Толькі сёлета ў райвыканкам паступіла  11 зваротаў (7 пісьмовых, 3 вусныя, адзін электронны) жыхароў раёна па азначанай тэме.
На жаль, канстатавала дакладчык, дарожныя арганізацыі не заўсёды добрасумленна выконваюць свае абавязкі па ўтрыманні прыдарожных палос, у прыватнасці насаджэнняў у выглядзе дрэў і кустоўя. Такія насаджэнні выконваюць шэраг важных функцый: яны бар’ер для снегу, забруджвальных рэчываў – выхлапных газаў і супрацьгалалёднай сумесі, абарона ад воднай і ветравай эрозіі, затрымліваюць вільгаць на палях.
Па выніках маніторынгу інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, зацікаўленых службаў райвыканкама таксама выяўлены парушэнні ва ўтрыманні прыдарожных
палос. Несвоечасова праводзіцца ачыстка ад аварыйных і сухастойных дрэў, абрэзка хворых насаджэнняў і пашкоджаных галін на ўчастках дарог Р-43 і Р-4, што абслугоўваюцца ДЭУ-23 г. Івацэвічы і ДЭУ-24 г. Баранавічы.
Ужо сёлета выдалены аварыйныя насаджэнні, праведзена санітарная абрэзка расліннасці на ўчастках аўтадарог Ляхавічы – Свяціца (да вёскі Шчэрбава), Р-4 Баранавічы – Ляхавічы, па гарадскіх вуліцах Леніна і Інтэрнацыянальнай.
Зараз вядуцца аналагічныя работы на ўчастках аўтамабільных дарог Р-4 Баранавічы – Ляхавічы, Р-43 мяжа Расійскай Федэрацыі – Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы, Ляхавічы – Падлессе, па вуліцы Леніна ў райцэнтры.
Як падкрэсліла Марына Завадская, нягледзячы на тое, што зроблена нямала, усё ж ёсць і шэраг нявырашаных праблем.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз заўважыў, што склалася даволі непрыглядная карціна: на некаторых участках раёна прыдарожныя палосы ў літаральным сэнсе зараслі хмызняком, вакол старыя аварыйныя дрэвы. І калі ДРБУ-200, Ляхавіцкая ЖКГ, лясгас актыўна ўключыліся ў работу на падпарадкаваных ім тэрыторыях, ДЭУ-23 і ДЭУ-24 яўна не спяшаюцца гэта рабіць.
Кіраўнік раёна агучыў і шэраг іншых нараканняў на дзейнасць гэтых арганізацый. Праблемы тычацца таксама і дарожных знакаў, і парадку вакол месца, дзе яны ўстаноўлены, своечасовага прыбірання і г. д.
Прадстаўнікі ДЭУ-23 і ДЭУ-24, якія таксама прысутнічалі на пасяджэнні райвыканкама падчас разгляду дарожнага пытання, запэўнілі, што будуць выпраўляць сітуацыю і наводзіць парадак на ўчастках, што знаходзяцца ў зоне іх адказнасці.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што кожная арганізацыя, якая займаецца ўладкаваннем дарог і прыдарожных палос, павінна адказна адносіцца да свайго ўчастка і наводзіць парадак не раз ад разу, а займацца гэтым пастаянна.
Задача для ўсіх адна – зрабіць дарогі бяспечнымі, зручнымі,
а тэрыторыю вакол іх добраўпарадкаванай.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.