Дрэва – маё, прыгажосць – для кожнага. У мінулую суботу ляхавічане прымалі актыўны ўдзел у адзіным дні азелянення «Разам за зялёную Беларусь»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Не дзеля здымка, не дзеля справаздачы, не таму, што адмовіць няма як, а дзеля агульнага дабрабыту.
Дзеля прыгажосці вакол, дзеля любімага горада, роднага месца, якое штодня мінаем па некалькі разоў, дзеля сябе… У мінулую суботу ляхавічане рабілі сваю малую радзіму яшчэ больш утульнай і камфортнай.
Адзіны дзень азелянення «Разам за зялёную Беларусь» аб’яднаў  нераўнадушных землякоў.
Гараджане шчыравалі па вуліцах Пташука і Арлоўскага. Больш за дзве сотні саджанцаў сёння радуюцца вясенняму сонейку. Свае дрэвы пасадзіла і ляхавічанка Кацярына Заплёціна з дачкой Алінай  і сынам Янам (на здымку 1).

1

Дрэвапасадачны дэсант высадзіўся ў дзвюх кропках – шчыравалі па вуліцах Пташука і Арлоўскага.
Выдатны настрой стваралі аптымізм і жаданне ўдзельнікаў прыкласці сваю руку да гэтай акцыі добраўпарадкавання. Самому выкапаць ямку, трывала замацаваць саджанец, прытаптаць і, канешне, пажадаць, каб у будучым гэты пакуль кволы дубчык ператварыўся ў шыкоўнае дрэва.
Прыклад сваім дзеткам, выхаванне лепшых чалавечых якасцей, навучанне таму, што трэба берагчы і шанаваць усё навокал, – прыемна, што і маленькія ляхавічане разам са сваімі бацькамі дапамагалі рабіць Ляхавічы зялёнымі і квітнеючымі. Па вуліцы Пташука ў мінулую суботу высаджана  134 дрэвы.
З усмешкамі, запалам і нясгаснай энергіяй дрэўцы пасадзіла ляхавічанка Кацярына Заплёціна са сваімі дзецьмі Алінай і Янам.
– Дзеці проста ў захапленні ад такой важнай справы. Мы недалёка жывём, амаль кожны дзень праходзім па вуліцы Пташука, таму калі пачулі, што тут будуць садзіць дрэвы, нават пытання не паўставала, ці будзем удзельнічаць. Ні ранні пад’ём, ні надвор’е не сталі пера-
шкодай для дзяцей – сярод вялікай колькасці дрэў яны выглядаюць свае, хвалююцца, каб прыняліся. Гавораць, трэба стужкамі пазначыць, каб ведаць, дзе нашы. Напэўна,  у гэтым і сэнс, вялікая каштоўнасць такой справы – зусім па-іншаму глядзіш на такі парк ці сквер,  шануеш, што зрабіў сам, – дзеліцца ўражаннямі начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Кацярына Заплёціна.
Алея, сад, парк ці сквер, пасаджаныя ўласнымі намаганнямі, упэўнена, падораць у будучым больш радасці і прымуць больш аматараў прагулак на свежым  паветры – хочацца ж паглядзець, як там набірае моц маё дрэўца.
Праз дзесяцігоддзі зашуміць парк каля дзіцячага садка № 4 па вуліцы Арлоўскага. Родны, любы сэрцу куточак на ўскраіне горада таксама хацелася ўпрыгожыць, ажывіць.
Жыхары бліжэйшых дамоў не засталіся ў баку ад справы і далучыліся да камунальнікаў, дарожнікаў, супрацоўнікаў прыродаахоўнай службы. На гэтым рабочым участку ўтульна ўладкаваліся 76 саджанцаў.
Больш за дзве сотні дрэў розных сартоў – дуб чырвоны, арэх манчжурскі, клён-явар, рабіна звычайная, ліпа, бяроза – у гэты суботні марафон добраўпарадкавання ўпрыгожылі новыя гарадскія зялёныя кропкі, падарылі будучым пакаленням скверы і паркі, а ўдзельнікам акцыі – эмоцыі і прыемныя ўспаміны.
Можна скардзіцца, маўляў, штосьці не ўбіраецца, не садзіцца, зламалася і не выпраўляецца, а можна вось так талакой, разам зрабіць патрэбную справу. І пасля такой работы ці паставіце вы каментарый пад фота, што ўсё дзеля паказухі?!

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.