Гарадскі маніторынг чысціні. Супрацоўнікі райЦГіЭ праманіторылі двары і вуліцы Ляхавічаў

Варта адзначыць, што апошнім часам камунальнікі актыўней займаюцца навядзеннем парадку ў горадзе. Аднак, на жаль, іх шчырыя памкненні не заўжды знаходзяць водгук у некаторых землякоў. Чыста там, дзе не смецяць – чамусьці іншыя пра гэта не думаюць і выносяць з кватэр мяхі з бытавымі адходамі і выкідваюць іх прама каля пад’езда ці ў кантэйнеры для паасобнага збору адходаў. Няўжо так цяжка дачакацца прыезду машыны камунгаса, тым больш што яна заўжды прыязджае па графіку? Вось і атрымліваецца, работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» прыбралі, навялі парадак, а раніцай ідзеш на работу і бачыш: то тут, то там раскіданы абгорткі, пустыя бутэлькі і зноў выстаўлены мяхі са смеццем.


– З году ў год у жылой забудове па вуліцы Арлоўскага ёсць такія двары, дзе людзі не сябруюць з чысцінёй. Не толькі самі не займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, але яшчэ і наадварот забруджваюць яе. Так, насупраць дамоў № 18 і № 20 утварыліся вялікія звалкі бытавых адходаў. У дварах гэтых шматпавярховікаў паламаныя лаўкі каля пад’ездаў, на клумбах рэшткі сухіх мінулагодніх кветак, кустоўя, вакол смецце. Пакуль яшчэ камунальнікі не адрамантавалі і не пафарбавалі абсталяванне дзіцячай пляцоўкі ў двары дома № 18, – адзначае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Зразумела, рамонт і падфарбоўка, як і выдаленне сухой расліннасці, – справа работнікаў ЖКГ, аднак і самі жыльцы дамоў маглі б арганізаваць міні-суботнік і навесці парадак: гэта ж для сябе і сваіх дзяцей.
Дарэчы, аналагічны сюжэт з неўладкаваных і засмечаных клумбаў убачылі і ў дварах дамоў па Інтэрнацыянальнай.
Прайшліся-праехаліся і па іншых вуліцах шматпавярховых забудоў і вось што ўбачылі. Паміж дамамі № 54 і № 56 па вуліцы Леніна, каля дома № 16 па вуліцы Будаўнікоў засмечаны тэрыторыі, як і кантэйнерная пляцоўка каля дома № 26 па вуліцы Будаўнікоў. Раскіданыя бытавыя адходы – гэта ўжо «нацюрморт» паміж жылымі дамамі № 15 і № 17 па вуліцы Інтэрнацыянальнай.


– Пакуль так і не ўстаноўлены кантэйнеры на спецыяльных пляцоўках каля дамоў № 4 па вуліцы Юбілейнай і № 21а па вуліцы Чкалава, таму тутэйшыя жыхары не прыдумалі нічога лепшага, як «арганізаваць» імправізаваную звалку і згружаць бытавыя адходы непасрэдна на пляцоўцы. Кантэйнерная пляцоўка каля дома № 54 па вуліцы Леніна даўно забылася пра парадак. Несвоечасова ачышчаюцца ўстаноўленыя сметніцы каля шэрага жылых дамоў ад № 44 да № 52 па вуліцы Леніна. Пакуль у чаканні афарбоўкі і абнаўлення дзіцячыя пляцоўкі ў жылой забудове вуліц Южакова,  Леніна, Будаўнікоў, – каменціруе Данута Багдановіч.
Ляхавічы – наш агульны дом, і ўсім нам, а не толькі камунальнай службе, неабходна прыкласці намаганні, каб у ім было ўтульна і добраўпарадкавана.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.