Маладая сям’я з Начы прадстаўляе Ляхавіччыну на абласным фестывалі-конкурсе «Вера. Надзея. Любоў»

Аляксандра Шастака ведаюць у Начы з маленства: тут вучыўся ў школе, адсюль пайшоў служыць у армію, сюды вярнуўся пасля, уладкаваўся на працу ў мясцовае сельгаспрадпрыемства — ДП «Нача».
— Аляксандр, нягледзячы на малады ўзрост, механізатар вопытны, надзейны, ён на ты з любой тэхнікай, адказны і дысцыплінаваны. Яму лёгка можна даверыць любы ўчастак работы і быць упэўненым, што не падвядзе, зробіць усё дакладна і якасна, — так характарызуе Шастака кіраўнік прадпрыемства Мікалай Тарлюк.
На рахунку маладога механізатара нямала працоўных перамог. Так, у мінулым годзе старшы камбайнер Аляксандр Шастак заняў ганаровае 2-е месца ў абласным спаборніцтве сярод маладых удзельнікаў жніва. Яго прозвішча на працягу ўсяго збожжаўборачнага сезона не сыходзіла з раённай Дошкі гонару. Але не толькі летнімі хлебаробскімі клопатамі жыве малады механізатар. Вясной і восенню ён садзіцца за штурвал энерганасычанага трактара — сее і арэ, як і на жніве, працуе з веданнем справы.
Дома яго чакае надзейны тыл — тры любімыя прадстаўніцы прыгожай паловы. Самага лепшага на свеце мужа і татачку з нецярпеннем чакаюць жонка Яўгенія і дзве дачушкі-гарэзы — 6-гадовая Ксюша і 2-гадовая Кацюша.
— Жаночае шчасце — гэта, як у вядомай песні, быў бы мілы побач. Калі адчуваеш надзейнае моцнае мужчынскае плячо — любімага і блізкага чалавека, які падтрымае, падбадзёрыць, пашкадуе, калі трэба — і развесяліць, нельга не быць шчаслівай, — гаворыць Яўгенія.
Да нараджэння дачушак яна працавала поварам у мясцовай сталовай. Так што не толькі ведае выслоўе «дарога да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік», але і ўдала карыстаецца гэтым пазнаннем: з задавальненнем радуе свайго мужа смачнымі сняданкамі, абедамі і вячэрамі, якія абавязкова гатуе з дабаўленнем любві і пяшчоты.
Гісторыя знаёмства Аляксандра і Яўгеніі самая звычайная. Вярнуўся юнак дамоў пасля службы ў арміі і пайшоў на дыскатэку, пасля якой папрасіў дазволу ў Жэні правесці яе дамоў. Гэта было каханне з першага погляду…
Сям’я Шастакоў жыве ў аграгарадку Нача ў новым з усімі выгодамі добраўпарадкаваным доме. Такі шыкоўны падарунак гаспадарка зрабіла маладым на вяселле 6 гадоў назад. У ладзе, згодзе і ўзаемным каханні жывуць-пажываюць, як у казцы, і дабра нажываюць.
— Быць сямейным — класна і важна. Ёсць для каго жыць і працаваць, пра каго клапаціцца, кім дыхаць і радавацца. Нават і не ўяўляю, для чаго жыў бы цяпер, як бы сябе адчуваў без Жэнькі і сваіх прынцэс-дачушак. Мае любыя — маё сёння і заўтра, маё — усё, — з пяшчотай гаворыць Аляксандр.
Трэба бачыць, з якой радасцю сустракаюць дзяўчынкі тату пасля работы. І ён, стомлены (а праца ў полі не прызнае выхадных і святаў, асабліва ў адказныя для хлебароба вяснова-восеньскія дні), забывае пра клопаты, абняўшы сваё «трайное» шчасце.
Спраў у маладой сям’і хапае: дом і падворак у парадку падтрымліваць, хоць і невялікую, але ўласную падсобную гаспадарку даглядаць. І ўсё імкнуцца рабіць самастойна, пры гэтым не дзеляць абавязкі на жаночыя і мужчынскія — разам рабіць лягчэй. Хаця не заўсёды так атрымліваецца. Асабліва, калі Аляксандр заняты на палявых работах. Таму і ад дапамогі бацькоў не адмаўляюцца — іншы раз Ксюша і Кацюша гасцююць у бабуль і дзядуль.
На пытанне, ці не плануюць у сям’і Шастакоў прыбаўленне — сыночка ці яшчэ адну дачушку, Яўгенія, усміхнуўшыся, адказвае:
— З мужам задумваемся над гэтым. Ды і дзяўчынкі просяць браціка. Што ж, час пакажа.
Гэтымі днямі ў Аляксандра і Яўгеніі — адказная і ганаровая місія. Сям’я Шастак прадстаўляе Ляхавіччыну на VІІ абласным фестывалі-конкурсе маладых сем’яў «Вера. Надзея. Любоў». Жадаем паспяховага выступлення!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *