У мірным свеце жыць. 11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Сёлета спаўняецца восем дзесяцігоддзяў з той незабыўнай раніцы 22 чэрвеня 1941 года, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Чорным крылом яна накрыла ўсю магутную краіну – СССР.
У адзіным парыве абараніць сваю зямлю, сваіх родных і блізкіх, незалежнасць Радзімы падняліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, народы ўсіх рэспублік, Беларускай ССР у тым ліку. Менавіта тое адзінства стала аб’ядноўваючым падмуркам, дзякуючы якому савецкі народ не проста выстаяў, вытрымаў у няроўнай схватцы з ненавісным ворагам, але і перамог яго – вызваліў ад фашысцкага прыгнёту не толькі сваю зямлю, але і многія краіны Еўропы.

Немагчыма дакладна падлічыць, колькі людскіх лёсаў скалечыла вайна. Яна забірала жыцці салдатаў, якія загінулі на полі бою ці памерлі ў мірны час ад ран, падпольшчыкаў і партызан, ваеннапалонных, мірных жыхароў – старых, жанчын, дзяцей. Вязні фашысцкіх канцлагераў сотнямі, тысячамі паміралі ад холаду, голаду, хвароб, катаванняў. Хіба такое можна забыць?
11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У Ляхавіцкім раёне сёння пражываюць дзевяць такіх
чалавек. У кожнага свае ўспаміны пра тыя страшныя дні. Амаль усе
яны тады былі дзецьмі і падлеткамі, але і сёння не сціх боль у сэрцы, а яшчэ засталіся загартаваная ваенным ліхалеццем жыццёвая стойкасць, невычэрпная надзея і вера, любоў да жыцця.
Вось што расказваюць тыя, каму лёсам было наканавана выжыць у нечалавечых умовах фашысцкіх здзекаў.

Ніна ШКЛЯР, жыхарка в. Кулікі:
– Нарадзілася і ўсё сваё жыццё, акрамя некалькіх гадоў, пражыла ў Куліках. У нас была вялікая сям’я – пяцёра дзяцей. Мама памерла маладой, бацька выхоўваў нас адзін. Калі пачалася вайна, мне было восем гадоў. Памятаю адно адчуванне – вельмі страшна, неяк раптоўна людзі перасталі быць вясёлымі, жанчыны часта плакалі. І сёння дзяцінства ў мяне, у першую чаргу, асацыюецца менавіта са страхам, а не з гульнямі, вяселлем, забавамі.
Але самыя жахі пачаліся, калі мяне і траіх маіх брацікаў і сястрычак разам з іншымі вясковымі дзецьмі пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Нямеччыну. Вагоны без вокнаў, цяжка было дыхаць, вельмі хацелася есці і піць, павярнуцца нават немагчыма, не тое, што легчы. А як моцна плакалі немаўляты, мамы іх супакойвалі, але нічога не дапамагала. Многа чалавек – дарослых і дзяцей – за дарогу памерла. У Германіі мы працавалі на заводзе, жылі ў нейкіх бараках. Падымаліся рана, калі на вуліцы цёмна, усіх нас гналі калонай на завод, я прыбірала і дэталі падавала, як цяпер гавораць, рознарабочая. Здаралася ўсялякае: і абражалі, і білі. Есці хацелася і днём, і ноччу. Мерзлі, хадзілі ва ўсім падраным, брудным, спалі, лічы, на падлозе.
Потым усе гэтыя беды выліліся ў шматлікія хваробы, цяпер я інвалід I групы. Нават не ведаю, як выжылі.
Як жа радаваліся, калі ў рэшце рэшт, нас вызвалілі савецкія салдаты, кінуліся ўсе да іх, як да самых родных і блізкіх. Шлях дадому хоць і доўгі, але лёгкі – вярталіся жывымі. Героем прыйшоў з вайны і мой бацька, за подзвігі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, старэйшы брат таксама змагаўся з фашыстамі – партызаніў.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны працавала ў мясцовым калгасе –
у паляводстве, а потым даяркай. З мужам вырасціла дваіх дзяцей, цяпер у мяне яшчэ двое ўнукаў і трое праўнукаў. Я пражыла доўга, мне 88 гадоў, і ўпэўнена: самае галоўнае і важнае на свеце – мір. Хачу, каб гэта ведалі ўсе і цанілі тое, што маем.

Яўгенія КУДЗІН, жыхарка аг. Малое Гарадзішча:
– Ненавіджу вайну. Яна пазбавіла мяне ўсяго: дома, дзяцінства, мар. Ужо летам 1941 года гітлераўцы акупіравалі Браншчыну, дзе жыла наша вялікая сям’я: бацькі і пяцёра дзяцей. Тата пайшоў на фронт, а ў хуткім часе арыштавалі маму – партыйнага работніка. А я, дзесяцігадовая, засталася старэйшай у сям’і. Дом наш спалілі ў кастрычніку, жылі, лічы, на вуліцы. Харчаваліся бульбай, якую пяклі на кастры. Потым маму выпусцілі, падумалі, што ўсе беды прайшлі. Але так толькі здалося. Нас пагрузілі на падводы і пагналі ў невядомым напрамку. Мне на возе месца не хапіла, таму ішла пешшу. Далей, можна сказаць, у тых абставінах пашанцавала – мы трапілі не ў трагічна вядомае Калдычэва (там загінула мая цётка), а ў Слуцкі канцэнтрацыйны лагер. Сказаць, што было цяжка, – нічога не сказаць. Каб здабыць тое-сёе з яды, рызыкавалі жыццём: самыя худзенькія падпаўзалі пад калючы дрот і вылазілі, паўзлі да людскіх агародаў, бралі там буракі, моркву, іншую агародніну. Мама тады, нягледзячы што сваіх дзяцей было пяцёра, узяла яшчэ адну дзяўчынку, чыя маці памерла.
Год, праведзены ў лагеры, быў, нібы вечнасць. Побач размяшчаліся ў бараках ваеннапалонныя – савецкія салдаты. І, калі там пачаў бушаваць тыф, мірных жыхароў загадалі перавезці ў Калдычэўскі лагер смерці. Маці сабрала ўсё, што было з каштоўнага, аддала солтысу, і ён замест Калдычова завёз нас у Шчэрбава. Там і засталіся. Так Беларусь стала другой нашай радзімай.
Хлябнуў гора на вайне і мой бацька, ён прайшоў усе жахі фашысцкага канцлагера, але ўцёк і зноў ваяваў з гітлераўцамі.
Пасля вайны знайшоў нас у Беларусі, пасяліліся ў Малым Гарадзішчы, дзе я жыву і цяпер, засталася адна з вялікай сям’і. Летась адзначыла 90-гадовы юбілей, у маім жыцці было шмат радасці і нямала гора. Але тыя ваенныя гады па болі, смутку, няшчасцях не параўнаць ні з чым. Адзін толькі Бог ведае, як усё перажыла. Хачу звярнуцца да ўсіх: беражыце мір, паважайце адзін аднаго, вайна – гэта вельмі страшна. Яна не павінна паўтарыцца.

Галіна КАНЬКО.