Да вас прыехаў магазін. Выязны гандаль – гэта, у тым ліку, шэсць аўталавак ляхавіцкага райпо

Калі прааналізаваць тэматыку скаргаў жыхароў сельскай мясцовасці, відавочна, не на апошнім месцы будзе гандлёвае абслугоўванне. Такога кшталту праблемы ўздымаюць вяскоўцы і падчас сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў, у тым ліку аўтамагазінамі райпо, на пастаянным кантролі ўлады.
Што на самай справе выклікае незадаволенасць вяскоўцаў, а што іх у поўнай меры задавальняе, высвятляў «ЛВ».Ляхавіцкага

У той жа час на тым жа  месцы
Серада, 31 сакавіка. Рэдакцыйная машына спяшаецца ў вёску Гулічы (другі прыпыначны пункт аўтамагазіна № 3 райпо), каб паспець якраз да прыезду сюды магазіна на колах. Згодна з раскладам, што маецца ў аддзеле эканомікі райвыканкама, аўтамагазін павінен з’явіцца ў 11.30. На гадзінніку 11.25, і белы фургон гучным сігналам абвяшчае аб сваім прыездзе ў вёску. Яго тут ужо чакаюць па некалькіх адрасах. Двойчы на тыдзень – па серадах і суботах – ён  робіць як мінімум тры прыпынкі на працягу вуліцы Першамайскай.
У вёсцы, дзе звычайныя магазіны не працуюць, аўталаўка не толькі галоўны пастаўшчык прадуктаў харчавання, але і «акно» ў вялікі свет, рэальная дапамога і падтрымка. Без перабольшвання, у маленькіх населеных пунктах, дзе жыхароў можна ў літаральным сэнсе пералі-
чыць па пальцах, вадзіцеляў, прадаўцоў сустракаюць, як чаканых гасцей, блізкіх сваякоў, дзеляцца з імі сваімі радасцямі і бедамі. Аднак, галоўнае прызначэнне магазіна на колах – гандаль.
– Маршрут, як і нашых пастаянных пакупнікоў, ведаю дасканала, працую на аўталаўцы амаль чатыры гады. Наша зона адказнасці –
больш за два дзясяткі вёсак Ганчароўскага, Конькаўскага, Начаўскага сельсаветаў. Ёсць шматнаселеныя накшталт Гаслаўшчыны, дзе жывуць больш за 200 чалавек, і зусім невялічкія, як, напрыклад,
Нівішча з усяго трыма жыхарамі, – расказвае вадзіцель Дзмітрый Сяргей.
Прадавец Наталля Яроцкая, якая ў магазіне на колах працуе шэсць гадоў, падрабязна расказвае, што кожны раз да адпраўкі па маршруце затаварваюцца ўсім неабходным.
– Прапануем дастаткова шырокі асартымент. Самыя запатрабаваныя – хлебабулачныя і малочныя вырабы, каўбасы, цукар, макароны, мука. Прывозім фрукты, агародніну. Летам асаблівы попыт на цукеркі, пячэнне, іншыя саладосці – у госці да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі, праўнукі. Абавязкова ў наяўнасці мыйныя і пральныя сродкі, шампунь і г. д. Заказваюць камбікармы. На Новы год ці 8 Сакавіка – тарты. Стараемся задаволіць усе заяўкі, – тлумачыць прадавец.
А тым часам, абслужыўшы першых пакупнікоў, магазін адпраўляецца далей па Гулічах і спыняецца каля дома № 14.
Да прылаўка няспешна падыходзіць старэнькая жанчына. Ганне Аляксееўне Кісель 80 гадоў. На пытанне карэспандэнта адказвае:
– Нам у аўталаўцы ўсяго хапае. Чаго не прывезлі на гэты раз, можна заказаць на наступны. У асноўным купляю малако, хлеб, напіткі, яшчэ тое-сёе.
І розныя прадукты прывозяць. Добра, машына прыпыняецца каля дома, а то мне цяжка далёка хадзіць. Дзякуй за гэта.
А прадавец у нас харошы, нам падабаецца, вельмі ж ветлівая і параіць, што купіць.
Праз некалькі дзясяткаў метраў – наступны запланаваны вясковы прыпынак, дзе аўтафургон чакае невялікая група людзей. Адна з іх – мнагадзетная мама трох хлопчыкаў Вольга Бадэр. Вось як яна ахарактарызавала выязны гандаль райпо:
– Жывём у Мінску, сюды, на малую радзіму, прыязджаем часта. Так што ў аўтамагазіне затаварваемся пастаянна.
Добра, што можна разлічыцца і наяўнымі грашыма, і карткай. Сёння вось купіла малако, хлеб, ёгурты, дзецям прысмакі – усяго на 50 рублёў. Толькі добрыя словы скажу і ў адрас прадаўца, і наконт асартыменту і якасці тавараў – праблем ніколі не было.

Важны сацыяльны маршрут
«ЛВ» у гэты ж дзень запланаваў спатканне з аўтамагазі-нам райпо па маршруце № 1, які па серадах пачынае свой традыцыйны шлях з 11 гадзін у аграгарадку Нача (тут пражываюць каля 500 чалавек) і завяршае прыблізна каля  16 гадзін у Каменцы (налічваецца 20 жыхароў).
Апоўдні былі ў Горцы. Праўда, аўто на колах там ужо не засталі, затое пагаварылі з вяскоўцамі, пачулі ад іх нямала кампліментаў і ў адрас вадзіцеля, які вельмі ўважлівы, калі трэба, і каля дома прыпыніцца, і наконт тавару, які рэалізуецца ў аўталаўцы. Нямала добрых слоў сказана і пра прадаўца.
– Нам, пажылым, што трэба? Каб хлеб, малако, каўбаска былі. Гэтага дабра ў аўталаўцы хапае. А прадавец ветлівая, уважлівая, параіць, падкажа, ніколі не адмовіла ў просьбе прывезці і пад заказ, – эмацыя-
нальна дзеліцца 82-гадовая Вольга Ясько.
– У нашу Горку магазін прыязджае па серадах і суботах, здараецца, што і значна раней. Спыняецца вось тут, каля майго дома, і напрыканцы вёскі, – далучаецца да размовы 89-гадовая Яўгенія Папко.
А рэдакцыйнае аўто тым часам у пагоні за аўто гандлёвым. Сустрэліся, у рэшце рэшт, у вёсцы Шчаснавічы.
І вадзіцель Генадзій Бурвель, і прадавец Святлана Тарлюк маюць немалы вопыт работы ў аўталаўцы.
– Амаль усіх вясковых пакупнікоў ведаем у твар, хто што купляе. Бывае, і па дамах заходзім, прыносім тавар, бо некаторым па стане здароўя цяжка дайсці да машыны. Едзем па вёсцы, бачым, людзі гаспадараць у двары ці шчыруюць у агародзе – абавязкова пасігналю, папярэджу: магазін на падыходзе, – гаворыць Генадзій Бурвель.
Тым часам на афіцыйным прыпыначным пункце каля аўтамагазіна сабраліся пяцёра, прыйшлі за пакупкамі і наперабой пачалі гаварыць:
– Мы амаль усе пажылога ўзросту, чалавек трыццаць тут засталося, летам, праўда, значна больш – дзеці, унукі, праўнукі прыязджаюць, дачнікі тут. Канешне, нам без магазіна, хоць і прывазнога, нельга, стацыянарнага даўно няма. Скардзіцца няма на што. Можна купіць любыя прадукты і тавары. Абслугоўванне добрае. Сёння і ўвогуле ў нас шмат гасцей: прывозілі газавыя балоны, смецце вывозілі, вось аўталаўка, потым і паштавікі прыбудуць.
Абслужыўшы чарговага пакупніка (як і патрабуюць супрацьэпідэмічныя патрабаванні – у масцы і пальчатках), прадавец Святлана Тарлюк расказвае:
– Хочацца марожанага ці камбікорму для курэй – калі ласка, запішам у спецыяльны журнал для заказаў і даставім у абгавораны з пакупніком дзень. Людзі заказваюць фарбы, пабелку, цэмент. Не маем права вазіць усё гэта з прадуктамі, таму пакідаем заяўку ў райпо, дзе заказы камплектуюцца і адпраўляюцца спецрэйсам да заказчыкаў. Вяскоўцаў гэта задавальняе, бо ў горад у іх узросце не наездзішся.

Аўталаўкі без варыянтаў
Усяго па Ляхавіччыне калясяць шэсць аўталавак. Абслугоўваюць яны каля чатырох тысяч жыхароў у 120 населеных пунктах – аграгарадках, вёсках і нават хутарах, бываюць там два-тры разы на тыдзень. У сярэднім кожны магазін на колах гандлюе штодня ў 8 – 10 населеных пунктах. Прычым на маршрутах ёсць такія вёскі, дзе жывуць некалькі чалавек.
– У асартыменце аўталавак заўжды ёсць мясныя, малочныя, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, садавіна і агародніна, крупы, цукеркі, напіткі, а таксама тавары  першай неабходнасці накшталт зубной пасты, шампуню, мыла, туалетнай паперы і іншага.
У сувязі з пандэміяй каранавіруса ў асартыменце маскі  і антыбактэрыяльныя сродкі. Для зручнасці пакупнікоў ёсць тэрмінал для безнаяўнай аплаты. Водгукі пакупнікоў аб рабоце аўтамагазінаў Ляхавіцкага райпо ў асноўным станоўчыя. І падчас праводзімых маніторынгаў сур’ёзных парушэнняў у рабоце не выяўлена. Выязны гандаль запытам вяскоўцаў адпавядае, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава.

Санітарны  кантроль
Не пакідае без кантролю работу аўталавак санітарная служба. Як паведаміў «ЛВ» галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, магазіны на колах правяраюцца падчас планавых праверак, акрамя таго, праводзяцца і маніторынгі. Сярод парушэнняў, з якімі найчасцей сустракаюцца спецыялісты райЦГіЭ, – незахаванне таварнага суседства, невыкананне гігіенічных патрабаванняў да ўтрымання аўтафургонаў і іншае.
Памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова паведаміла, што сёлета ў сакавіку праводзіўся чарговы маніторынг аўталавак па пытаннях выканання санітарных нормаў і правілаў у частцы стану і ўтрымання памяшканняў, умоў захоўвання тавару, папярэджання распаўсюджвання каранавіруса. Устаноўлены наступныя парушэнні: у аўталаўцы № 6 у нездавальняючым санітарным стане ўнутранае памяшканне фургона (паліцы, халадзільнае абсталяванне), не ўтрымліваюцца ў чысціні апрацоўчыя дошкі і нажы. Паліцы с дэфектамі, што не дазваляе якасна  праводзіць прыбіранне. Умывальнік для рук стары, не абсталяваны антысептыкам.
Не захоўваецца таварнае  суседства ў халадзільнай вітрыне.
Аналагічныя парушэнні зарэгістраваны і ў аўталаўцы № 7, акрамя таго, там, як і ў аўтамагазіне № 3, выкарыстоўвалі дэзсродак для апрацоўкі паверхняў і антысептык для рук, якія не валодаюць віруліцыдным (супрацьвірусным) дзеяннем. Па словах Вольгі Шчарбаковай, выяўленыя парушэнні сведчаць пра нездавальняючае выкананне службовымі асобамі сваіх непасрэдных абавязкаў па забеспячэнні якасці і бяспекі прадуктаў харчавання. Санітарнай службай накіравана ў райпо хадайніцтва аб прыняцці мер дысцыплінарнага ўздзеяння да тых, хто дапусціў такія парушэнні.
Вось такія розныя эпізоды вельмі запатрабаванага, хаця, магчыма, і не самага прыбытковага для райпо аўталавачнага абслугоўвання. Дакладна можна сказаць адно: вельмі многае залежыць, у першую чаргу, ад саміх работнікаў, іх адказнасці і добрасумленнасці. Ну і, канешне, ад прынцыповасці, зацікаўленасці ў вырашэнні пытання сельвыканкамаў, санітарнай службы. У вёсках па маршрутах магазінаў на колах жывуць людзі не чужыя – свае.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.