Ляхавіцкія адрасы міжнароднага ўзроўню

Да правядзення I Адкрытага акруговага конкурсу дзіцячай песні «Узыходзячыя зорачкі» ў расійскім горадзе Запалярным пра Ляхавіцкі раён нават не чулі. А зараз ведаюць! Салістка дзіцячай вакальнай студыі  «Фа-Солька» Дараўскага СДК Данута Злакаманава стала дыпламантам I ступені.

Дзяўчынка трэці год займаецца ў студыі пры Доме культуры, якой кіруе Людміла Іваноўская. Разам з педагогам вырашыла, што наспеў час выйсці за межы раёна і паспрабаваць сілы на міжнародным узроўні. Запісалі выдэаверсію песні «Белы анёл» і адправілі на суд журы. Вынік натхніў і дапамог юнай спявачцы паверыць ва ўласныя сілы. Гучаць сярод лепшых прыемна, тым больш калі ў творчым іспыце ў сямі намінацыях спаборнічалі дзве сотні ўдзельнікаў ва ўзросце ад пяці да 12 гадоў.
Дарэчы, Людміла Іваноўская ўзнагароджана падзякай арганізатараў конкурсу. Яна і Вольга Цімашок, якая да гэтага займалася з Данай, пра сваю выхаванку расказваюць з радасцю і гонарам. Кіраўнік «Фа-Солькі» адзначае, што дзяўчынка вельмі таленавітая і працавітая, адказная і старанная. Яна не стамляецца за дзве гадзіны рэпетыцыі і прыходзіць на яе задоўга да пачатку. Дана выконвае розныя песні, але па душы больш эстрадныя. Зараз дзевяцігадовая зорачка займаецца яшчэ і ў Дараўскім філіяле Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў – вучыцца іграць на цымбалах.
У гэтыя дні па-асабліваму гучыць і калектыў народнай эстраднай студыі «Экспрэс». Яе кіраўнік Юрый Грынь расказаў «ЛВ», што самадзейныя артысты сталі дыпламантамі III ступені ў намінацыі «вакальная творчасць» міжнароднага конкурсу мастацтваў Grodna Star, удзел у якім прынялі не толькі беларускія і расійскія таленты, але і калектывы, выканаўцы з Літвы, Украіны і іншых краін.
Юрый Грынь узнагароджаны падзякай арганізатараў конкурсу за асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення.
Дыпламант міжнароднага конкурсу вакалістаў – мастацкі кіраўнік Падлескага СДК Вольга Якуніна. Яна ўзнагароджана дыпломам I ступені  V Міжнароднага конкурсу мастацтваў «Вышыня» ў намінацыі «вакал, сола» (г. Магілёў).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.