Через считанные дни наступит такая долгожданная и любимая пора — каникулы

Вясновыя дзянькі і яркае сонца ніяк не настройваюць школьнікаў на рабочы лад. Хаця, напрыклад, наперадзе ў выпускнікоў самы адказны час — здача экзаменаў і выбар прафесійнага шляху. У астатніх жа праз лічаныя дні наступіць такая доўгачаканая і любімая пара — канікулы. Дарослыя ўжо дасканала прадумалі, як адарваць рабят ад камп’ютараў і тэлевізараў, заняць іх карыснай справай. Прычым так, каб адначасова і аздаравіць.

Сёлетняя аздараўленчая кампанія мае шэраг асаблівасцяў. Першая звязана з узроставым абмежаваннем на адпачынак у загарадных лагерах — у стацыянарныя аздараўленчыя летнікі будуць накіроўвацца дзеці ад 6 да 15 гадоў, а не да 18, як раней.
Другая навацыя — для падлеткаў, старэйшых за 15 гадоў, будуць упершыню арганізаваны лагеры працы і адпачынку з дзённым і кругласутачным знаходжаннем. Яны размесцяцца на базе 3-х гарадскіх і 2-х сельскіх школ. Для залічэння дзяцей у працоўныя лагеры бацькі павінны падаць заяву ў школу з прыкладаннем неабходных дакументаў.
Па словах спецыяліста аддзела адукацыі Надзеі Сокал, распарадак для такіх лагераў распрацаваны з улікам 4-гадзіннай працы — каб старшакласнікі маглі і папрацаваць, і адпачыць, паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах.
З прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна ўстановы адукацыі заключылі дагаворы на выкананне школьнікамі работ па добраўпарадкаванні вуліц і сквераў, тэрыторыі школ, афарбоўцы агароджаў і павільёнаў, замене дарожных знакаў, праполцы лясгасаўскіх гадавальнікаў і іншыя. Час пакажа, як сябе апраўдае новаўвядзенне ці, лепш сказаць, добра забытая традыцыя мінулых гадоў.
Хто хоць аднойчы адпачываў у лагеры «Чайка», зноў з жаданнем вяртаецца сюды. 400 хлопчыкаў і дзяўчынак сёлета набяруцца тут энергіі. Як і ў мінулыя гады, запланаваны 4 змены па 18 дзён кожная. Першая стартуе 7 чэрвеня. Школьнікаў чакае займальнае падарожжа, насычанае рознымі праграмамі, конкурсамі і гульнямі, спартыўнымі заняткамі. На чале з начальнікам аздараўленчага лагера Надзеяй Патапчык тут будуць працаваць 60 лепшых педагогаў раёна і студэнтаў. Сёння «Чайка» заканчвае прыгатаванні да сезона, дзеля якога яна і створана, — да летніх школьных канікулаў.
На апаратным пасяджэнні, дзе разглядалася пытанне арганізацыі аздараўленчай кампаніі, старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук акцэнтаваў увагу менавіта на падборы кваліфікаваных педагагічных і медыцынскіх кадраў, работнікаў харчаблокаў для працы ў летніках, а таксама на тым, што дзіцячы адпачынак павінен быць бяспечным і камфортным.
Пытанням добраўпарадкавання і ўмацавання матэрыяльнай базы аздараўленчага лагера ”Чайка” надаецца вялікая ўвага. З першым вясновым цяплом педагогі і работнікі школ у замацаваных за ўстановамі карпусах прымаюцца за ўборку, афарбоўку сцен і падлогі. Акрамя гэтага, сёлета ў «Чайцы» да летняга сезона рамантуюцца пешаходныя дарожкі, робіцца капітальны рамонт харчаблока і абедзеннай залы з заменай вокнаў, медыцынскага блока. Усяго на гэтыя і іншыя мэты выдзелена 227 мільёнаў рублёў з абласнога бюджэту і 117 мільёнаў з раённага. Плюс яшчэ частка заробленых на суботніку грошай.
З 3 чэрвеня на базе ўстаноў адукацыі будуць працаваць аздараўленчыя прышкольныя лагеры з дзённым знаходжаннем. 570 вучняў з пачатковых і сярэдніх класаў, пакуль бацькі заняты на рабоце, змогуць запоўніць вольны час цікавымі і карыснымі справамі, сустрэцца з сябрамі і, што немалаважна, смачна паесці.
Багаты вопыт арганізацыі летняга адпачынку назапашаны ў цэнтры турызму і краязнаўства, які ў перасоўным палатачным лагеры «Рабінзон» з 17 па 25 чэрвеня прыме рабят, што захапляюцца падарожжамі і песнямі пад гітару.
Каторы год на базе Дараўскага ДС-СШ працуюць профільныя аздараўленчыя лагеры «Выратавальнік» і «Эўрыка». З 16 чэрвеня яны зноў адчыняць дзверы для падлеткаў 14-17 гадоў. «Выратавальнік» — лагер для тых, хто плануе звязаць сваю будучыню з прафесіямі выратавальніка і міліцыянера.
Праграма «Эўрыкі» разлічана на актыўны адпачынак з паглыбленымі заняткамі па матэматыцы і замежнай мове.
Сваіх першых наведвальнікаў прыме і спартыўны дзённы лагер «Колас» дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, у якім 3 чэрвеня стартуе 1 змена. 50 хлопчыкаў і дзяўчынак чакае разнастайная спартыўная і забаўляльная праграма. Бацькоўская даплата за знаходжанне ў лагеры складае 67960 рублёў.
Дзяржаўныя датацыі на пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры рэспублікі ў параўнанні з 2012 годам узраслі. Бацькоўская плата, як і ў мінулыя гады, складзе каля 10 працэнтаў кошту пуцёўкі. Дарэчы, каб набыць пуцёўку ў летнік, неабходна напісаць заяву па месцы працы аднаго з бацькоў. А калі бацькі прадпрымальнікі ці працуюць у «прыватнікаў», неабходна звярнуцца да галоўнага спецыяліста па аздараўленні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Ніны Плескацэвіч (тэл. 2-45-75).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *