Навука перамагаць. На працягу трох дзён – 7-9 красавіка – у Ляхавічах «давалі» дзюдо

Пад сваёй цяперашняй назвай, адкрыты турнір СДЮШАР раёна
па дзюдо сярод юнакоў  і дзяўчат 2004-2013 гадоў нараджэння «Ляхавіцкі волат» прайшоў другі раз. Дэбютным стаў 2019-ы год. Летась «Волат» не праводзіўся, быў пастаўлены на сезонную паўзу па прычыне «кавідных» абставін.

Справа ў тым, што свой «імянны» турнір наша спартшкола праводзіла і раней. Магчыма, менш гучны і не ў такой ступені маштабны, як зараз. У гэтай сувязі ўзгадаем яе зорнага выхаванца Уладзіслава Цярпіцкага, поспехі якога на татамі, у тым ліку, і міжнародным, паднялі статус школы на ўзровень СДЮШАР і сталі нагодай для якаснага і геаграфічнага пашырэння турніру.
Сваіх выхаванцаў у Ляхавічы прыслалі школы дзюдо з Мінска, Брэста, Баранавіч і Баранавіцкага раёна, Кобрына, Пружан, Драгічына, Івацэвіч, Давыд-Гарадка, Клецка, Ліды. Усяго за тытулы і прызы турніру змагаліся 280 «волатаў» –  ад далікатных дзяўчынак-васьмігодак уласнай вагой  28 кілаграмаў да па-спартыўнаму дарослых юнакоў-атлетаў.
Рознаму ўзросту, рознай вагавай катэгорыі спартсменаў характэрна сваё дзюдо: свой тэмп вядзення схваткі, свае рэакцыі на актыўнае дзеянне саперніка, парамогу ці паражэнне. Найбольш выразна гэта чыталася ў паводзінах самых юных. Былі нават слёзы, прычынай якім станавіўся зусім не боль, а горыч паражэння.
Вынікам выступлення гаспадароў татамі стала заваяванне 13 медалёў, сем з якіх мелі бронзавае адценне, два сярэбраных, а чацвёрка выхаванцаў ляхавіцкай школы завяршыла дамашні турнір у рангу пераможцаў. Аляксандра Шчарбакова была мацнейшай сярод дзяўчат у вагавай катэгорыі 48 кілаграмаў. Арцёму Найду не аказалася роўных сярод 46-кілаграмовых дзюдаістаў. Золата турніру ў вагавых катэгорыях 55 і 81 кілаграм, адпаведна, заваявалі Дзмітрый Ракала і Максім Рахманец. Прычым здарылася гэта ў іх дзень нараджэння. Павіншавалі сябе перамогай у турніры.
Нашы віншаванні ўсім медалістам спаборніцтва, іх настаўнікам Віктару Богушу і Рашыду Байрашэўскаму.
За дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні «Волата» арганізатары турніру ў асобе СДЮШАР раёна выказваюць падзяку індывідуальнаму прадпрымальніку Віталію Манахаву і калектыву цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.