Святочныя ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі прайшлі ў Ляхавіцкім раёне

Без веры не бывае перамогі. Тым больш — Вялікай Перамогі. З першых баёў, яркім прыкладам чаму з’яўляецца гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці, першых самых цяжкіх месяцаў вайны савецкіх людзей ні на імгненне не пакідала ўпэўненасць, жыла цвёрдая вера ў перамогу. Што цаной непамерных страт і небывалага гераізму абаронцаў і здарылася 68 гадоў назад. Ішоў май 1945-га года.
…І вось май 2013-га. Парад святочных падзей у раёне стартаваў з урачыстасцяў на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. Адмыслова рэканструяваная, у сваім прыгожым новым убранні яна ўпершыню прадстала менавіта падчас светлага свята Перамогі. Традыцыйны строгі сцэнарый: да падножжа помніка загінуўшым вызваліцелям ляглі кветкі. Са словамі віншавання да ветэранаў вайны, землякоў звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Ад імя моладзі выступіла вучаніца СШ № 2 Таццяна Свянтэцкая. У прызыўнікоў, каму ў бліжэйшы час належыць папоўніць воінскі строй, гэты дзень, відавочна, застанецца ў памяці: намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч уручыла ім прызыўныя павесткі.
Аднак — дзесяцігоддзямі вытрыманая традыцыя — асноўнай пляцоўкай святочных урачыстасцяў стаў Курган Славы. Месца, адзначанае воінскім гераізмам першых дзён Вялікай Айчыннай, вядомае кожнаму жыхару раёна. Успрымаецца абсалютна па-асобаму, узнікае пачуццё пранізлівасці толькі ад знаходжання тут.
Вышэй абеліска толькі неба і чырвоны Сцяг Перамогі. На галоўным месцы — яе галоўныя творцы. Ужо немаладыя і не спрытныя, аднак, не без адбітку ўрачыстай бадзёрасці на стомленых нялёгкім векам тварах. З сонцам медалёў і ордэнаў на грудзях, у цесным коле ўдзячных землякоў, хто — дзякуй ветэранам — пазнаў вайну выключна на адлегласці гадоў ці дзесяцігоддзяў. Пра поўдзень Дня Перамогі над Курганам абвясціў гук фанфар як сігнал пачатку асноўных афіцыйных урачыстасцяў у гонар салдат-пераможцаў, воінаў-вызваліцеляў. Ім стала тэатралізаванае прадстаўленне ля падножжа Кургана. Нібы паўза пасля пытання «вы памятаеце нас, сябры?» павісла над борам мінута маўчання. Кветкі, хлеб-соль у пачастунак. Трохразовы трэск урачыстага салюта скаланае паветра. Схіл Кургана пакрываецца вянкамі і кветкамі. У памяць і з усведамленнем велічы подзвігу — загінуўшым ад жывых. Ад раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў, працоўных калектываў Ляхавіччыны, грамадскіх аб’яднанняў і ўдзячных грамадзян.
Звяртаючыся да ветэранаў вайны, працаўнікоў тылу, землякоў Дзмітрый Бурдук нагадаў, што, распачынаючы вайну, фашысты разлічвалі пераможна завяршыць яе праз чатыры месяцы. Пралічыліся і ў тэрмінах, і ў канчатковасці зыходу. Замест запраграмаванай перамогі фашысты на савецкай зямлі знайшлі жорсткае паражэнне. Уласна, у гэтым савецкія людзі не сумняваліся. Старшыня райвыканкама шчыра павіншаваў найперш ветэранаў і ўсіх ляхавічан, гасцей раёна з нагоды вялікага свята.
Раённы ваенны камісар Ігар Гусак запэўніў, у тым ліку і салдат 40-х, у баяздольнасці сучасных Узброеных Сіл краіны, іх безумоўнай гатоўнасці выступіць пры неабходнасці ў яе абарону, захаваць недатыкальнасць дзяржаўных межаў.
Тэатралізаваным шэсцем па галоўным на тыя хвіліны «праспекце» раёна прадоўжылася святкаванне 68-й гадавіны Вялікай Перамогі: дэфіле барабаншчыц, юных спартсменаў-выхаванцаў ДЮСШ з прызамі-сведчаннямі прызнання спартыўных поспехаў. «Дзе водзяцца чараўнікі» — эстрадна-танцавальная кампазіцыя з такой назвай у выкананні юных артыстаў атрымалася яркай і відовішчнай. Дружныя апладысменты, «рэспект» гледачоў заслужыў сваім выступленнем духавы аркестр воінскай часці 7404 унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь (г. Баранавічы). Паказ дэфіле — так у сцэнарыі называлася выступленне ваенных музыкантаў. Але — аўтарскае меркаванне — плац-канцэрт падаецца найбольш вызначальнай яго характарыстыкай: страявыя прыёмы на месцы і ў руху, перастраенні ў шарэнгах і калонах… Усё ў гармоніі і аб’яднанае адзіным сэнсам і, што галоўнае і тэхнічна няпроста, пад музыку ўласнага выканання. Апладысменты і захопленыя водгукі чуліся, калі пад шчымлівыя гукі «Развітання славянкі» аркестр пакідаў імправізаваную сцэну.
За аркестрам урачысты марш прадоўжылі страявыя «каробкі» воінаў Узброеных Сіл краіны. У тым ліку і стылізаваная пад форму адзення часоў Вялікай Айчыннай: каскі, плашч-палаткі.
Было шмат іншага, цікавага і рознага: у тым ліку паказальнае выступленне брэсцкіх дэсантнікаў з кампазіцыяй «Ваеннае майстэрства», святочны канцэрт вядучых калектываў Ляхавіччыны «Паклон табе, салдат зямлі». І салдацкая каша прыйшлася даспадобы вельмі многім. Былі атракцыёны, спартыўныя забавы, гандаль прапанаваў свае паслугі. Спрыяла і надвор’е.
А вечарам у небе над буйнымі і не вельмі гарадамі Беларусі расцвітаў святочны салют у гонар Перамогі і пераможцаў, над Ляхавічамі — у тым ліку.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ў раздзеле «Фотагалерэя»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *