Жыць трэба камфортна. Рэалізаваная на Ляхавіччыне за мінулую пяцігодку Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» мела на мэце паспяховае развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы бытавога абслугоўвання

Рэалізаваная на Ляхавіччыне за мінулую пяцігодку Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» мела на мэце паспяховае развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы бытавога абслугоўвання, павышэнне даступнасці энерга- і газазабеспячэння. Амаль па ўсіх падпраграмах па ступені вырашэння задач і па аб’ёмах запланаваных і фактычна асвоеных сродкаў летась яе выкананне заслужыла высокую адзнаку, што канстатавана ў рашэнні райвыканкама.

Макулатура лішняй не бывае
Пачнём з таго напрамку, які за 2020 год адзначыўся ў нашым раёне сярэдняй ступенню вырашэння задач. Размова пра падпраграму «Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў». Яе асноўная задача – мінімізацыя аб’ёмаў «пахавання» цвёрдых бытавых адходаў і, адпаведна, дасягненне паўторнага выкарыстання чвэрці з іх. Нашаму раёну было даведзена шэсць мэтавых паказчыкаў.
Як расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская, з даведзеных 650 тон макулатуры сабралі 361,3 тоны, шкла – 550 і 360 тон, заданне па зборы бытавой тэхнікі (40 тон), зношаных шын (160 тон) выканана, па поліэтылену – хай і нязначна, але перавыканана: замест 100 тон сабрана 101,3 тоны. Такі ж малюнак са зборам адпрацаванага масла (план – 50 тон,
факт – 51,2 тоны).
У параўнанні з 2016, 2017, 2018 гадамі, калі адзнака па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў у раёне была нездавальняючай, можна канстатаваць: летась адчувальныя зрухі да лепшага. Сёлета іх можна зрабіць яшчэ больш відавочнымі. Так што назапашваем і здаём другасную сыравіну – гэта справа зусім не другарадная.
Дарэчы, у рамках рэалізацыі менавіта гэтай падпраграмы ў мінулым годзе Ляхавіцкая ЖКГ закупіла за кошт сродкаў аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў 3000 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку паасобнага, і смец-
цявоз на агульную суму 343 тысячы рублёў.

Воднае пытанне
Пытанні якасці вады заўжды на парадку дня. Тэма ўздымаецца даволі часта і на вясковых сходах, з набалелымі праблемамі землякі звяртаюцца ў розныя інстанцыі і да службовых асоб падчас прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян.
Падпраграма «Чыстая вада» распрацавана з мэтай забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой. Асноўны акцэнт – на будаўніцтва і рэканструкцыю станцый абязжалезвання. Калі з 2016 па 2018 год фінансаванне падпраграмы амаль адсутнічала і такія работы не праводзіліся, то ў 2019 і 2020 гадах на яе рэалізацыю было выдаткавана адпаведна 267 і 417 тысяч рублёў, і справа зрушылася да лепшага. Па даных аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, за мінулыя два гады ўведзены ў эксплуатацыю пяць станцый абязжалезвання: у Коньках, Задвор’і, Тальмінавічах, Падлессі, Востраве. Па сукупнасці ўсіх гадоў пяцігодкі мэтавы паказчык забяспечанасці спажыўцоў якаснай пітной вадой выкананы.

На парадку дня – бытоўка
Асноўная мэта рэалізацыі падпраграмы «Якасць і даступнасць бытавых паслуг» – каб насельніцтва, незалежна ад месца пражывання, атрымлівала якасныя і запатрабаваныя бытавыя паслугі па даступных цэнах. Асаблівая ўвага – на баланс попыту і прапаноў, а таксама на пашырэнне асартыменту паслуг. Акцэнт – на рэнтабельнасць, якасць выканання, канкурэнтаздольнасць.
Таксама нельга забываць пра людзей, якія аказваюць паслугі. Тут вызначальна важкае слова можа сказаць перапрафіляванне вытворчасцей.
Рэалізацыя падпраграмы прадугледжвае наступныя напрамкі: прырост
аб’ектаў бытавога абслугоўвання ў горадзе і ў сельскай мясцовасці, тэхнічнае пераўзбраенне арганізацый за кошт абнаўлення вытворчых магутнасцей, набыццё і рамонт аўтатранспарту, навяснога абсталявання, запасных частак, а таксама набыццё сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых для ўласнай вытворчасці. Акрамя таго, камунгас абнаўляе абсталяванне для пральні, цырульні і швейнага цэху.

Эфектыўнае цяпло
У сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі асобныя цеплакрыніцы характарызуюцца дастаткова нізкай эканамічнай і тэхналагіч-
най эфектыўнасцю работы. Пры гэтым сабекошт выпрацоўваемай імі цеплавой энергіі значна перавышае сярэдняе значэнне. У чым прычына? У нізкай падключанай нагрузцы спажыўцоў, эксплуатацыі неэфектыўнага кацельнага абсталявання, прымяненні ручной працы, значнай працягласці цеплавых сетак і, адпаведна, значных стратах цеплавой энергіі пры транспарціроўцы. Менавіта на павышэнне надзейнасці, эканамічнай і тэхналагічнай эфектыўнасці цеплазабес-
пячэння накіравана падпраграма «Мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабеспячэння». Яна вырашае шэраг задач, сярод якіх – збалансаванае развіццё і мадэрнізацыя цеплакрыніц і цеплавых сетак шляхам укаранення перадавых тэхналогій і вывад з эксплуатацыі фізічна і маральна састарэлага абсталявання, дыверсіфікацыя першасных энерганосьбітаў у паліўным балансе шляхам павелічэння долі мясцовых відаў паліва. Па інфармацыі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», агульны аб’ём фінансавання на падпраграму склаў за пяцігодку 1 мільён 963 тысячы рублёў, найбольшая сума –
662 тысячы рублёў – выдаткавана ў мінулым годзе. Мэтавыя паказчыкі падпраграмы – нарматыў замены цепласетак, страты цеплавой энергіі ўласнай вытворчасці арганізацый ЖКГ – выкананы. І, як агульны вынік, ступень Праграмы па кожным з пяці апошніх гадоў пазначана высокай адзнакай.

А ў нас – рамонт
Падпраграма «Рамонт жыллёвага фонду» прадугледжвае павышэнне эфектыўнасці і надзейнасці работы аб’ектаў жылкамунгаса, паляпшэнне якасці прадастаўляемых паслуг на аснове выканання сацыяльных стандартаў і зніжэння выдаткаў на іх аказанне. Галоўныя аспекты тычацца капітальнага і бягучага рамонту дамоў і кватэр. На рэалізацыю падпраграмы выдаткавана 3 мільёны 120 тысяч рублёў. Мэтавы паказчык па ўводзе жылых дамоў пасля капітальнага рамонту выконваўся штогод, акрамя 2019-га, калі пры плане 2,1 тысячы квадратных метраў па факце аказалася 1,6 тысячы квадратных метраў.

Якасць і  даступнасць
Каб насельніцтва атрымлівала якасныя і даступныя па кошце жыллёва-камунальныя паслугі, неабходна выкананне шэрага задач. Размова пра аптымізацыю выдаткаў па аказваемых ЖКП, павышэнне іх якасці і больш шырокую даступнасць. Гэта мае на мэце падпраграма «Забеспячэнне якасці і даступнасці паслуг». Сярод праводзімых мерапрыемстваў варта вызначыць правядзенне рамонтных работ на аб’ектах водазабеспячэння, добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў, прадастаўленне насельніцтву льгот па аплаце ЖКП.
За апошнюю пяцігодку зменшылася колькасць прэтэнзій на якасць жыллёва-камунальных паслуг. Перавыконваецца план па плацяжах за ЖКП, якія аказваюцца юрыдычным і фізічным асобам.

Галіна КАНЬКО.