Кацярына Ігнацьеўна, Вас выклікае піянерыя!

Піянер — слова, якое саграе сэрцы тысяч людзей. Яно нагадвае пра дзяцінства. Піянер — гэта вернае сяброўства, жаданне зрабіць свет чысцей і радасней. Тыя, у чыім лёсе быў чырвоны гальштук, захоўваюць у памяці піянерскія зборы, цімураўскія акцыі, інтэрнацыянальную дапамогу дзецям замежжа, збор металалому і макулатуры, спартыўныя турніры «Залатая шайба» і «Скураны мяч», любімыя газеты «Зорька» і «Пионерская правда», задорныя песні ля кастра і шмат іншых цікавых і карысных спраў, якімі жыла піянерыя ў вялікіх гарадах і маленькіх вёсках. Так выхоўвалася актыўная жыццёвая пазіцыя, калектывізм, адказнасць за даручаную справу. А як рыхтаваліся да ўступлення ў піянеры! З якім гонарам вымаўлялі клятву і аддавалі салют, на заклік «Піянер, будзь гатовы!» адказвалі «Заўжды гатовы!».Многія пакаленні ляхавіцкіх рабят удзельнічалі ў карысных справах, рабілі сваё жыццё і жыццё равеснікаў разнастайным, багатым на падзеі і новыя знаёмствы пад кіраўніцтвам піянерскага важака, таленавітага педагога, чалавека апантанага і адданага справе свайго жыцця — Кацярыны Легеда.
Яе, 18-гадовую, у 1969 годзе дырэктар Дома піянераў Мікалай Куліцкі прыняў на работу метадыстам. Заўважыў іскрынку ва ўчарашняй школьніцы, яе ўменне знаходзіць агульную мову з дзецьмі, жаданне і імкненне арганізоўваць іх вольны час.
Кацярына Ігнацьеўна і піянерскі рух нашага раёна непадзельныя. У яе працоўнай кніжцы адно месца работы — Дом піянераў, які, праўда, неаднойчы мяняў сваю назву. Але метадыст па рабоце з дзіцячымі арганізацыямі на працягу больш як 30 гадоў заставаўся адзін — актыўная, поўная ідэй і задумак Кацярына Легеда. Для яе піянерыя — гэта своеасаблівая рэлігія, якой яна ніколі не здрадзіла. І ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі многія дэвальвавалі некаторыя важныя і дарагія паняцці і з’явы, у Ляхавіцкім раёне (адзіным на Брэстчыне) прадаўжала дзейнічаць піянерская арганізацыя. Праўда, крыху змянілася атрыбутыка, сталі іншымі назвы піянерскіх дружын, але галоўныя прынцыпы заставаліся ранейшымі. Піянеры праходзілі сур’ёзную школу жыцця, не проста прымалі актыўны ўдзел у рабоце дзіцячай арганізацыі, але і спрабавалі сябе ў розных ролях, вучыліся адказваць за ўласныя ўчынкі, прымаць правільныя рашэнні.
Няўрымслівая Легеда заўсёды побач і разам са сваімі піянерамі — і калі была маладой, і нават тады, калі па гадах — на пенсіі: на піянерскіх і цімураўскіх зборах, у шэфскіх справах, на добраўпарадкаванні месцаў воінскіх пахаванняў, у гульні «Зарніца». Заўсёды выклікалі інтарэс конкурсы важацкага майстэрства і сустрэчы трох пакаленняў (важатыя-ветэраны, маладыя лідары піянерскага руху і сённяшнія піянеры). Легеда паспявала ўсё.
— Піянерская работа для мяне была заўсёды ў радасць. Колькі цікавых ідэй і задумак у піянерважатых са стажам! Як здорава працаваць разам з зацікаўленымі, апантанымі, вясёлымі, энергічнымі калегамі Ірынай Піскун, Алінай Дыдышка, Ядвігай Клішэўскай, Зінаідай Мацкевіч, Вольгай Жытковіч, Ядвігай Папко, Тамарай Васько, Аленай Дыдышка, Наталляй Белай, Людмілай Манахавай, Наталляй Камінскай, Марынай Грыкель — піянерважатымі гарадскіх і сельскіх школ, — расказвае Кацярына Легеда.
Бясцэнны вопыт піянерскай работы прымнажаюць пераемнікі — члены Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (была створана ў нашай краіне 13 верасня 1990 года) на чале са сваімі старэйшымі сябрамі — педагогамі-арганізатарамі.
— Амаль 2 тысячы рабят, аб’яднаных у 20 дружын, пачэсна нясуць званне піянера. З задавальненнем удзельнічаюць у шматлікіх дабрачынных і патрыятычных акцыях, дэсантах, інтэлектуальных конкурсах і спаборніцтвах, імкнуцца быць у гушчыні ўсіх падзей, якія адбываюцца навокал. Па-ранейшаму стаць піянерам — справа гонару. Гэта сапраўды ўнікальная дзіцячая арганізацыя. Будзьце гатовы служыць Радзіме, дабру і справядлівасці! — гаворыць сённяшні старшыня раённай арганізацыі БРПА Наталля Кудраўцава.
Піянер абавязкова на гэта адкажа: «Заўжды гатовы!»
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Кацярына Ігнацьеўна, Вас выклікае піянерыя!

  • 17/05/2013 в 20:58
    Permalink

    Чудесное было время — пионерское. На самом деле все пионерские дела мы делали от чистого сердца, считали это своим долгом. такое действительно не забывается.

  • 19/05/2013 в 13:00
    Permalink

    А для меня пионерское время было не чудесное. Никогда не любила ходить строем , будь то это шеренгой или колонной. И вообще не уважаю всякого рода стадность и одинаковость.Уважаемая редакция, вы конечно такое мнение не пропустите. Жаль. Ну не нравилось мне быть пионеркой, ну и что? Что плохого?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *