Суботнічалі ў радасць. Ляхавічане актыўна пасуботнічалі. Працавалі натхнёна і плённа

Мінулы тыдзень для ляхавічан прайшоў пад знакам суботніка. Землякі з добрым настроем, энергічныя і натхнёныя, працавалі: прыбіралі і азелянялі райцэнтр, аграгарадкі і вёскі, добраўпарадкавалі тэрыторыю прадпрыемстваў, двары, вуліцы і паркі, лясныя масівы і месцы масавага адпачынку. З цвёрдай упэўненасцю, што дзякуючы ўсім нам маленькая радзіма стане яшчэ больш прыгожай і ўтульнай.

Такога ажыўлення тэрыторыя Кургана Славы не бачыла даўно. Пакуль не для святкавання Дня Перамогі «дэсантаваліся» тут прадстаўнікі раённай улады, супрацоўнікі розных аддзелаў і службаў райвыканкама, раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, СДЮШАР, камунальнікі, «веснікаўцы» і многія іншыя. Усе разам ачышчалі тэрыторыю ад смецця, кустоўя, сухога галля, мінулагодняга лісця.
Кіпела праца і ў Грушаўцы. Справай гонару папрацаваць на ўпарадкаванні былой сядзібы Рэйтанаў палічылі многія арганізацыі і прадпрыемствы раё-на. Шчыравалі на добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля культработнікі, супрацоўнікі РАНС, ПМК-13, ПМС, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ДРБУ-200, камунгаса, агракаледжа, СВК «Ляхавіцкі», Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння і іншыя землякі. Працоўную эстафету землякоў на былой сядзібе Чарноцкіх падхапілі работнікі ААТ «Нача», вучні і настаўнікі Начаўскай школы.
Прыгожы вясновы акцэнт – азеляненне вуліц Леніна, Арлоўскага, Інтэр-нацыянальнай у райцэнтры. Масавая пасадка дрэў, што стартавала некалькі тыдняў назад, прадоўжылася і непасрэдна 17 красавіка. «Аўтарамі» чарговай алеі сталі работнікі розных службаў райвыканкама, камунальнікі, а таксама неабыякавыя землякі. Дарэчы, за сёлетнюю вясну нашы Ляхавічы абнавіліся амаль на 700 маладых дрэўцаў.
Птушыную трэль раз-пораз спыняе гул бензапілаў і трымераў, наваколле напоўнена людскім гоманам. Каторы год запар гэта традыцыйная карціна для суботніка ў Рэпіхаўскім парку. Вось і сёлета тут зноў было шматлюдна, а дзеючыя асобы ўсе знаёмыя: супрацоўнікі Крывошынскага сельвыканкама, лячэбна-вытворчых майстэрняў, вузла электрасувязі, Крывошынскага лясніцтва, настаўнікі і вучні Крывошынскай і Ліпскай СШ, дэпутаты Крывошынскага сельсавета.
Што агульнага на кожным участку дабрачыннай працы? Безумоўна, яе карыснасць і, без перабольшвання, выдатны настрой ва ўсіх удзельнікаў талакі. І гэта яшчэ адзін выдатны прыклад адзінства.
Кожны з удзельнікаў генеральнай красавіцкай уборкі, у тым ліку і тыя, хто ў гэты дзень выходзіў на сваё працоўнае месца, можа з чыстым сумленнем сказаць: гэта зрабілі мы! А ў грашовым вымярэнні 18 тысяч рублёў – вынік працоўнага дэсанта ў колькасці амаль сем тысяч чалавек на рэспубліканскім суботніку на Ляхавіччыне.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.